Нарада па пытаннях сацыяльна-прававых гарантый дзяржслужачых і павышэння прэстыжу дзяржслужбы

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу распрацаваць меры для павышэння эфектыўнасці работы дзяржаўных служачых. Адпаведнае патрабаванне ён агучыў 26 ліпеня ў час нарады па пытаннях дзяржслужбы.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што рэалізацыя маштабных праектаў, выкананне тых або іншых рашэнняў шмат у чым залежыць ад прафесіяналізму кіраўніцкіх кадраў. Таму размову неабходна ў першую чаргу весці аб узмацненні патрабаванняў, якія павінны выстаўляцца да дзяржаўных служачых.

"Ёсць талковыя кіраўнікі - ёсць развіццё і перспектывы ў краіне. Таму да дзяржслужачых выстаўляюцца павышаныя патрабаванні. Гэта павінны быць спецыялісты, якія валодаюць шырокім кругаглядам, здольныя вызначаць стратэгічныя задачы і правільна ацэньваць вынікі прымаемых рашэнняў. Але перш за ўсё дзяржслужачы - чалавек з найвышэйшымі маральнымі якасцямі", - упэўнены Прэзідэнт.

На нарадзе была адзначана неабходнасць перагледзець закон аб дзяржаўнай службе, прагучала таксама прапанова распрацаваць статут або кодэкс дзяржслужачага. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такі дакумент павінен быць абсалютна справядлівым і празрыстым.

"Размова не ідзе сёння аб раздачы нейкіх прэміяльных або падарункаў. Размова павінна ісці аб тым, якія патрабаванні ў якіх нарматыўна-прававых актах павінны выстаўляцца дзяржаўнаму служачаму. Калі гэта будзе, як у ваенных, адпаведны статут, добра, няхай будзе статут. Але людзі і грамадства павінны бачыць, што Прэзідэнт тым самым прад'яўляе вельмі строгія патрабаванні да дзяржслужачых, а за гэта ім належыць гэта, гэта і гэта. За парушэнні пакідаеш пасаду, ідзеш у турму. Людзі павінны гэта ўсё разумець. Таму спачатку патрабаванні да дзяржслужачага, якія ён павінен вельмі строга выконваць, а затым пернікі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама падкрэсліў, што ў дзяржаўным апараце не павінна быць і намёку на карупцыйныя праявы. "Я думаю, не толькі вы, увесь народ бачыць маю палітыку ў гэтым плане, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Прытым тут няма нічога надзвычайнага і нечаканага для дзяржаўнага служачага. Аб гэтым я гавару пастаянна і гэта краевугольны камень любой маёй прэзідэнцкай кампаніі".

За апошнія гады ў краіне праведзена маштабная работа па аптымізацыі колькасці дзяржслужачых, у выніку чаго іх колькасць скарацілася на чвэрць і складае каля 30 тысяч. Разам з гэтым Прэзідэнт канстатаваў, што ў дзяржорганах назіраецца негатыўная тэндэнцыя, калі падбор кандыдатаў на вакантныя пасады зацягваецца на месяцы, а тое і гады. "Таму важна вырашыць, як менавіта прыцягнуць у гэту сферу самых лепшых і вопытных кіраўнікоў, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Калі вы прыйшлі да мяне з прапановамі аб павышэнні грашовага забеспячэння і зарплат дзяржслужачым, нават не ўзнімайце гэта пытанне, яно раз і назаўсёды вырашана".

Па выніках нарады вырашана стварыць рабочую групу, якая разгледзіць усе ўзнятыя пытанні і ўнясе па іх свае прапановы.