Нарада па пытаннях развіцця зімовых відаў спорту

  • 17

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць развіцця спорту ў якасці аднаго з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Аб гэтым ён заявіў 13 красавіка на нарадзе па пытаннях развіцця зімовых відаў спорту.

"Спорту ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Пытанні яго развіцця знаходзяцца на пастаянным кантролі. Гэта не толькі здароўе нацыі, але і велізарны пласт нашай ідэалагічнай работы, а значыць - адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Дзякуючы перамогам беларускіх атлетаў фарміруецца імідж дзяржавы, выхоўваецца патрыятызм", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі створана неабходная інфраструктура для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Што датычыцца зімовых відаў, у кожным рэгіёне ёсць лядовыя арэны, пабудавана па некалькі трас, якія зімой выкарыстоўваюцца для лыжных гонак, а летам - для лыжаролераў. Дадзены даручэнні аб будаўніцтве ўсесезонных аб'ектаў для лыжных трэніровак у Раўбічах і Мінску, што дасць магчымасць арганізаваць круглагадовую падрыхтоўку на снезе.

"Дзяржава выдзяляе значныя сродкі на падрыхтоўку нацыянальных каманд да асноўных стартаў. За чатыры гады на фінансаванне зімовых відаў зрасходавана $10,5 млн, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Разам з тым зімовыя Алімпійскія гульні, якія прайшлі ў Карэі, прынеслі Беларусі толькі тры медалі. Гэта вынік сур'ёзных праблем у рабоце ўсёй спартыўнай галіны".

Прэзідэнт пры гэтым адзначыў, што ў краіне аддаюць належнае чэмпіёнкам у фрыстайле і біятлоне, аднак не ўсе прадстаўнікі Беларусі паказалі рэзультаты, якіх ад іх чакалі. "Для любога спартсмена Алімпіяда - важнейшы старт чатырохгоддзя, а часам і ўсяго жыцця. Тут кожны ўдзельнік абавязаны выступаць на мяжы сваіх магчымасцей, ведаючы, што за яго балее краіна, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І наогул, на Алімпіяду і чэмпіянаты свету, кантынентальныя чэмпіянаты едуць не для таго, каб нават "добра" выступіць, як некаторыя нашы функцыянеры прывыклі ў СМІ заяўляць. На такія форумы едуць заваёўваць медалі".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на нарадзе неабходна даць прынцыповую ацэнку развіццю зімовых відаў спорту ў Беларусі. Ён звярнуў увагу на сітуацыю ў розных зімовых відах спорту і паставіў перад удзельнікамі мерапрыемства канкрэтныя пытанні. Яны ў тым ліку датычыліся даручэнняў па структураванні спартыўнай галіны, схемы кіравання спортам у Беларусі, фарміравання трэнерскага складу, падбору спартсменаў, фінансавання, заработнай платы. "Галоўнае пытанне я адрасую кіраўніцтву ўсёй галіны. У першую чаргу федэрацыям па відах спорту: як ідуць справы з выхаваннем спартыўнага рэзерву? Хто будзе выступаць заўтра? Якія ў нас перспектывы ў зімовых відах спорту?" - сказаў Прэзідэнт.

З адпаведнымі дакладамі на нарадзе выступілі Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, першы віцэ-прэзідэнт НАК Андрэй Асташэвіч, а таксама кіраўнікі федэрацый па канкрэтных відах зімовага спорту. Былі дэталёва разгледжаны найбольш значныя праблемныя моманты, вызначаны задачы і тэрміны іх выканання.

Пра хакей

"Нягледзячы на беспрэцэдэнтныя ўмовы, створаныя, напрыклад, для падрыхтоўкі хакеістаў, яны наогул не трапілі на Алімпіяду. Правалілі другую запар кваліфікацыю, уступіўшы Славеніі. Вы помніце гэту ганьбу дома, у Мінску. Апошні чэмпіянат свету ў Парыжы наша зборная завяршыла на грані вылету з вышэйшага дывізіёна", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў параўнаць гульню цяперашняй зборнай Беларусі па хакеі з гульнёй нямецкай каманды. "Калісьці мы наогул сур'ёзна не ўспрымалі нямецкую зборную. Зусім нядаўна - 2-3 гады таму. І дзе сёння немцы, і дзе сёння мы? Зноў, скажаце, чагосьці вам не хапіла? З дзесяці мільёнаў не хапіла выбраць 20 чалавек, каб дастойна выглядаць і трапіць на Алімпіяду. Але ж гэты від спорту пастаянна на вачах, і для яго нямала зроблена", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што ў краіне пабудавана амаль 40 хакейных арэн. "У параўнанні з самым паспяховым для нас 2002 годам колькасць тых, хто займаецца, павялічылася больш як у два разы, штатных трэнераў - амаль у тры разы. А выніку няма. Дакладней, ён ёсць, але б лепш яго не было. І рэальных перспектыў пакуль не відаць. Але пажывём - убачым. На носе чэмпіянат свету", - папярэдзіў беларускі лідар.

На нарадзе адзначалася, што, улічваючы ўвагу да хакея ў Беларусі, балельшчыкі і кіраўніцтва віду спорту маюць права чакаць лепшых вынікаў. Пры гэтым нярэдка асабістыя і калектыўныя інтарэсы ў хакеі прэваліруюць над дзяржаўнымі. Напрыклад, нягледзячы на тое, што хакейны клуб "Дынама-Мінск" у мінулым сезоне не выйшаў у плэй-оф, зарплатныя апетыты ў некаторых членаў каманды толькі ўзраслі.  "Большую зарплату, чым было ў мінулым сезоне, ніхто не мае маральнага права атрымаць. Яны праляцелі міма плэй-оф у КХЛ. Таму той, хто не хоча гуляць па мінулым годзе (што датычыцца ўзроўню зарплаты), адпраўце іх у Расію", - адрэагаваў на агучаную інфармацыю Кіраўнік дзяржавы.

Падрабязна абмяркоўваліся і іншыя пытанні ў хакейнай сферы - фінансавы стан клубаў, аплата за рэзультатыўную гульню, адбор і падрыхтоўка перспектыўных ігракоў, арыентацыя на спартыўныя кадры ўнутры краіны.

Гаворачы аб зарплатах ігракоў і якасці гульні, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не трэба баяцца, што хакеісты масава паедуць гуляць у расійскія клубы. Па-першае, у шэрагу клубаў там таксама ёсць фінансавыя цяжкасці. А, з іншага боку, за мяжу запрашаюць толькі лепшых. "Дык лепшым мы і тут плацім", - заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт дадаў, што важна і далей павышаць зарплату трэнерскага складу ў хакеі. "Трэба зарплату трэнерам дацягнуць да ўзроўню сярэдняй па краіне. Тады і патрабаваць з іх можна. Лепшым - $700 даць. Ну а там (на самым высокім узроўні) вы ўстанаўліваеце. Трэба перацярпець гэта. Усім хочацца шмат і адразу", - сказаў ён.

Звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы на важнасць ідэалагічнага выхавання хакеістаў. "Каб спартсмен цаніў тое, што ён гуляе за зборную. І, ведаеце, я ўпэўнены, што ў асноўным гэта так, за выключэннем нейкай балбатні. Гуляць за зборную, за сваю краіну - гэта пачэсна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб гульні зборнай каманды па хакеі, Прэзідэнт сказаў: "Адступаць няма куды. Наперад, наперад і наперад. Патрэбна стабільнасць. Гэтай стабільнасці няма. Хакей і футбол у нас - галоўныя віды спорту. Без іх немагчыма".

Пра біятлон

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у мужчынскім біятлоне вынікі Алімпіяды ў Рэспубліцы Карэя засмучальныя. "Часам глядзіш на нашых мужыкоў, якія бегаюць з вінтоўкамі, і такой ганьбы... Хацелася б куды-небудзь ад яе схавацца - кудысьці пад венік, пад плінтус запаўзці, каб гэтага не бачыць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У жаночай камандзе не відаць, хто прыйдзе на змену Домрачавай і Скардзіна. І калі нехта ацэньвае выступленне жаночай каманды па біятлоне як паспяховае, то я прапанаваў бы гэтым людзям ачнуцца і паглядзець рэальна на тое, як выступалі нашы біятланісты наогул і дзяўчаты таксама".

Прэзідэнт таксама адзначыў, што і на мінулай Алімпіядзе ў Рэспубліцы Карэя ў біятлоннай эстафеце ніводная спартсменка, акрамя Ірыны Крыўко, на сваім максімальным узроўні ў гэтай гонцы не выступіла. "Мы бачым гэтыя недахопы", - сказаў ён.

"І наогул павінен сказаць, што наша золата на Алімпіядзе хутчэй выпадковае, чым заканамернае. Усё золата. Але гэта спорт. Ёсць вынік - нічога не скажаш. Але галоўнае, каб мы за гэтымі вынікамі бачылі праблемы, якія ў нас існуюць. І ў падрыхтоўцы, і ў спартсменах, і ў саміх трэнерах", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы не можам страціць гэты від спорту. Гэта сапраўдны зімовы від спорту", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць актыўнай і правільнай работы з рэзервам. Было даложана, што ў гэтым напрамку рэалізуецца інавацыйная праграма пошуку і падрыхтоўкі перспектыўных дзяцей. У яе аснове - навуковы падыход. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што наяўнасць праграмы - гэта добра, але нельга рабіць стаўку толькі на гэты кампанент. "Арганізацыя работы павінна быць. Не зацыклівайцеся толькі на адным", - сказаў ён.

Пра лыжныя гонкі

"У лыжных гонках дастойнага выніку і блізка не відаць. А гэты від спорту базавы і для біятлона. Але горш, напэўна, у гісторыі яшчэ не было, - занепакоены Прэзідэнт. - Правал поўны, але з гэтай ямы трэба выбірацца".

На думку кіраўніцтва федэрацыі, адна з праблем у гэтым відзе спорту ў тым, што трэнеры, баючыся істотна страціць у зарплаце, не хочуць перадаваць перспектыўных спартсменаў у наступнае звяно падрыхтоўкі. Таму і не атрымліваецца сфарміраваць моцную нацыянальную каманду.

Прэзідэнт на гэта заўважыў, што калі трэнер аддае свайго спартсмена наверх, то яму трэба заплаціць. "Ён жа яго знайшоў некалі, выгадаваў, выпесціў. Давайце мы яму заплацім, там жа невялікія грошы патрэбны, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба ім плаціць за гэта, заахвочваць іх. Яны ж будуць зацікаўлены потым і падрыхтаваць, і аддаць".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што рух атлета з пачатковай падрыхтоўкі да вышэйшых дасягненняў і ёсць сутнасць спорту.

Прэзідэнт таксама запатрабаваў рэарганізаваць дзейнасць Беларускага лыжнага саюза і выбудаваць дакладнае кіраванне ўнутры яго. "Галоўнае, каб там ніхто не хадзіў без справы і каб быў вынік", - падкрэсліў ён.

Пра канькабежны спорт

"У канькабежным спорце змаглі зрабіць крок наперад. І тут вы мяне супакойваеце, што нашы атлеты тры разы трапілі ў васьмёрку мацнейшых. Яшчэ раз паўтараю: на Алімпіяду, каб трапіць у васьмёрку, няма чаго ехаць. Адзінае, што можна сказаць, што абстралялі гэту моладзь, а на будучых Алімпійскіх гульнях яны нам прынясуць медалі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу на шорт-трэк, які з'яўляецца даволі медаляёмістым відам спорту. "Але геаграфія яго развіцця на здзіўленне бедная, нягледзячы на магчымасці займацца гэтым відам спорту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што Беларускі саюз канькабежцаў і Міністэрства адукацыі разглядаюць магчымасць адкрыцця ў школах секцый па катанні на ролікавых каньках, што ў тым ліку можа паслужыць у якасці базы для далейшай падрыхтоўкі спартсменаў.

Прэзідэнт даручыў зрабіць канкрэтныя захады для развіцця гэтага віду спорту ў краіне. "Канькабежны спорт - гэта нашы медалі", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Пра фігурнае катанне

"Фігурыстаў наогул не відаць, хоць у нас больш за тысячу тых, хто займаецца ў спартыўных школах", - канстатаваў Прэзідэнт.

"І ўсе чагосьці чакаюць. Што заўтра Прэзідэнт паедзе ў Расію, запросіць пару трэнераў або хаця б адну... І яна прыедзе да нас і тут выгадуе новую Мядзведзеву (расійская фігурыстка Яўгенія Мядзведзева)", - дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для падрыхтоўкі беларускіх фігурыстаў неабходна падабраць умелага спецыяліста, які разумее, як перамагаць. "Па фігурным катанні хаця б у дзясятку ўвайсці. У адзіночным, парным, танцы - хоць у дзясятку. Ніхто не патрабуе большага", - адзначыў ён.

Пра фрыстайл

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў фрыстайле (акрабатыка) Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідараў. І ў Карэі была магчымасць узяць палову медалёў у гэтай дысцыпліне. "Аднак не ўзялі. І віна ў гэтым не толькі спартсменаў. Вядома, ёсць пытанні да аб'ектыўнасці судзейства. Але не менш іх і адносна падыходаў трэнерскага штаба", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Вельмі сумна, калі ў фрыстайле сёй-той зазнаўся. Трэба своечасова спусціцца на зямлю", - падкрэсліў ён.

Пра горныя лыжы і снаўборд

Прэзідэнт таксама пацікавіўся перспектывамі развіцця ў Беларусі горных лыж і снаўборда. "Тут што перашкаджае займацца? Зразумела, прорва па горных лыжах, ну а хто перашкаджае снаўбордам займацца? Хоць якім-небудзь відам снаўборда. Па гэтых відах спорту адкрыты аддзяленні ў спартыўных школах, на якія таксама выдзяляюцца дзяржаўныя сродкі. Дзе аддача?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.

Пра грамадскую нагрузку і наглядальныя саветы ў федэрацыях

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што невыпадкова ў Беларусі вышэйшым службовым асобам даручана курыраваць той ці іншы напрамак у спорце. "Калі Рыжанкоў (беларускі спартыўны дзеяч Уладзімір Рыжанкоў) пайшоў ад нас, тут такая бойка разгарнулася. Я думаў, разнясуць краіну. Усе спецыялісты, усе прафесіяналы... Адзін за аднаго ўчапіліся, пачалі грызці за пасады і іншае. Я вымушаны быў сказаць: Прэзідэнтам НАК буду я. Удалося патушыць гэту бойку і ўсё паставіць на месцы. Ніякага спорту не было б. Вось адкуль з'явіўся Прэзідэнт тут. А потым я падумаў, што гэта будзе мая грамадская нагрузка, але і іншым трэба грамадскую нагрузку даць. Таму для іх гэта, вядома, не асноўная работа, але накшталт асноўнай. Я ўлічваю іх поспехі ў грамадскай рабоце", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Было прынята рашэнне, каб мы стварылі наглядальныя саветы, а федэрацыі ўзначалілі спецыялісты, якія ў гэтым відзе спорту штосьці разумеюць. Ці зроблена гэта? - спытаў Аляксандр Лукашэнка. - Чаму накіроўваем у наглядальныя саветы людзей з вялікімі партфелямі? Дапусцім, Генеральны пракурор - лыжы, або ў біятлоне - Старшыня КДБ. Ды таму, што ў чалавека ёсць магчымасці і адміністрацыйны рэсурс, які можа аказаць любую дапамогу і падтрымку".

Кіраўнік федэрацыі ж, паводле слоў Прэзідэнта, павінен працаваць непасрэдна з трэнерамі і атлетамі, спартыўнымі школамі.

Пра ролю губернатараў у развіцці спорту

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, губернатары павінны займацца развіццём спорту ў рэгіёнах не менш, чым пасяўной кампаніяй. "Гэта іх хлеб і работа. Гэтак жа, як пасяўная кампанія, гэтак жа і спорт, якому мы павінны ўдзяляць сур'ёзную ўвагу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Адказным службовым асобам ва Урадзе і Адміністрацыі Прэзідэнта даручана вызначыць крытэрыі, каб кожная вобласць прадэманстравала сябе ў летніх і зімовых відах спорту. "І мы будзем даваць ацэнку рабоце губернатараў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён папракнуў кіраўнікоў рэгіёнаў, што тыя не праяўляюць патрэбнай ініцыятывы і не займаюцца спартыўнай сферай. "Вы што, самі не бачыце, што гэта мы павінны рабіць, гэта наша работа, здароўе людзей, у рэшце рэшт, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Думаю, што гэта будзе апошняя наша размова з губернатарамі на гэту тэму".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў многіх гарадах пабудаваны лядовыя арэны і каткі, аднак гэтыя пляцоўкі не выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі маладых спартсменаў. "Чаму на базе гэтых каткоў няма хакейнай школы і каманды, якая ў чэмпіянаце Беларусі гуляла б? Стварайце ўмовы, каб туды прыйшлі добрыя хакеісты. Праз два гады, дрэнна або добра, але іх будуць тысячы", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Выклікае сур'ёзныя нараканні работа асобных рэгіёнаў па развіцці зімовых відаў спорту. На працягу пяці алімпійскіх цыклаў Гродна і Брэст не прыносяць заліковых ачкоў. Чаму рэзка ўпаў уклад Мінскай вобласці ў алімпійскую скарбонку Беларусі? Я не раз гаварыў, што спорт - кроўная справа губернатараў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў звярнуць асаблівую ўвагу на работу спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, забяспечанасць інвентаром, камплектаванне груп, а таксама ўстанавіць строгі кантроль за работай трэнераў.

"Сістэма іх матэрыяльнага стымулявання павінна грунтавацца на падрыхтоўцы канкурэнтаздольнага спартыўнага рэзерву і перадачы яго ў вышэйшае звяно. Перспектыўнымі атлетамі павінны займацца высокапрафесійныя трэнерскія кадры. Задачы міністэрства і ўніверсітэта фізкультуры - мэтанакіравана і планамерна ўкараняць перадавыя метады навучання, у тым ліку дыстанцыйнага, улічваючы нагрузку і графік студэнтаў-спартсменаў", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, патрэбна эфектыўная схема бесперапыннай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі трэнераў: навучаць у працэсе работы, накіроўваць самых таленавітых на стажыроўкі за мяжу.

Пра стратэгічнае планаванне

"У кожным відзе спорту трэба мець стратэгічную праграму на 10-15 гадоў наперад. Не трэба жыць толькі алімпійскімі цыкламі, трэба глядзець наперад", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што за расходаванне бюджэтных асігнаванняў і сродкаў падтрымкі ў спорце патрабаванне будзе строгае.

"Таму не чакайце зверху ўказанняў, што вам рабіць, а што не. Старшыня федэрацыі сумесна з кіраўніком наглядальнага савета і галоўным трэнерам нацыянальнай каманды - вось таксама "тройка", якая адказвае за развіццё канкрэтнага віду спорту. Прымайце неабходныя рашэнні ў рамках заканадаўства, у межах бюджэтнага фінансавання. Самі зарабляйце і дзейнічайце!" - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра зарплаты ў спорце

Прэзідэнт падкрэслівае, што пры размеркаванні зарплаты ў спартыўных арганізацыях прыярытэт павінен аддавацца трэнерам і спартсменам. "Адрэгуляваць усё, трэнер, спартсмен - усё павінна вакол іх круціцца. Без празмернасцей. Тады мы з вамі дамовімся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым папярэдзіў, што шалёных грошай не будзе, але рэзультат будзе добра аплачвацца.

Ён таксама адзначыў важнасць аплачваць рэзультаты і ў дзіцяча-юнацкім спорце. У якасці прыкладу ён прывёў спаборніцтвы "Снежны снайпер". "Калі я ім чэкі выдаваў. Гэта ж была такая радасць у хлопчыкаў і дзяўчат, што яны зарабілі свае грошы, - заўважыў Прэзідэнт. - Гэта іх першыя грошы. А вышэй - добрыя прызы трэба".

"Не хочам зразумець гэтых дзяцей. А вось дырэктару клуба заплаціць, як усяму трэнерскаму складу, - гэта мы можам", - папракнуў беларускі лідар.

"Мы не такія багатыя, каб проста так выкідваць грошы на вецер. І размовы аб тым, што няма грошай, чагосьці не хапае - нічога падобнага. Для рэзультату грошай навалам, але для рэзультату. Запомніце: няма рэзультату - няма грошай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў: "Пачынайце з гэтага моманту падаць (лічыце, сённяшняя размова - рубеж) - трэнера знімаць неадкладна. Гэта даручэнне федэрацыям і Міністэрству спорту. А то мы будзем маліцца на гэтага трэнера: вось ён недзе дабавіць, недзе возьме. І прыйдзеце да таго, што ў нас сёння ў біятлоне: па нахіленай коцімся".

Пра спартыўную вертыкаль

Галоўная прычына схаваных негатыўных тэндэнцый у спорце, на думку Прэзідэнта, заключаецца ў тым, што профільнае міністэрства страціла рычагі кіравання і аслабіла каардынацыю дзеянняў па правядзенні адзінай дзяржпалітыкі фізкультурна-спартыўнай галіны. "Рэфармавалі ў рэгіёнах спорт, перадаўшы яго ў сферу адукацыі. Сёння ёсць яшчэ нейкія падыходы да настройвання гэтай вертыкалі - богам прашу. Аб прынцыпе я сказаў. На месцы трэба разабрацца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Тым не менш, Прэзідэнт заклікаў не захапляцца ва ўладзе стварэннем структур, у тым ліку тых, якім будзе пастаўлена ў абавязак работа са спартыўнай галіной.

"Не вядзіцеся на розныя прапановы і стагнанні. Ніколі чыноўніцкія структуры спорт не рухалі. Можаш у раёне стварыць цэлае ўпраўленне спорту, але спорту як не было, так і не будзе. Справа не ў вертыкалі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён адзначыў, што па зарплатах чыноўнікаў адпрацавана шкала, пачынаючы ад раённага ўзроўню да Адміністрацыі Прэзідэнта. "Зарплату, я сказаў, больш вертыкалі ўлады павышаць і рэгуляваць на дзяржаўным узроўні не буду, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Хочаш павысіць зарплату - скарачай штаты. Сэканомленыя грошы твае. Так і ў райвыканкаме. Хочуць яны штосьці там стварыць, няхай ствараюць. У іх ёсць фонд заработнай платы. Лішніх грошай ім ніхто не выдзеліць. Спонсараў у органаў улады быць не можа".

"Але я ўпэўнены, што ў кожнага старшыні райвыканкама ёсць памочнік. Няхай бы ён займаўся - адзін чалавек - спортам, рэгуляваў у раёне ўсё", - сказаў Прэзідэнт.

"Таму не трэба захапляцца ва ўладзе стварэннем структур. Структуры трэба ствараць на месцы, каб былі школы, спартыўныя цэнтры. Вось там трэба вызначыць штаты, структуры, зарплаты, на ўлік жалезны ўсё паставіць. Але галоўнае - каб яны працавалі. Адказнасць павінна быць. І за работу трэба плаціць. Добра выканаў работу - заплаці, каб іншыя разумелі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама асобна папярэдзіў наконт трэнерскіх кадраў, іх падрыхтоўкі ў спартыўнай ВНУ. "Вы павінны прыняць радыкальнае рашэнне. Я чакаю выніку. Разважанні, што мы там штосьці стварылі, методыку... Трэба набраць тых, хто пасля заканчэння будзе трэнерам працаваць. Набор вельмі дрэнны", - заявіў Прэзідэнт.

Пра важнасць прывіваць любоў да спорту дзецям

"Усе павінны разумець, што ніякіх поспехаў мы не даб'ёмся да таго часу, пакуль не створым эфектыўную сістэму выхавання атлетаў. Спартсмен - ключавое звяно. Менавіта ён, яго патрэбнасці і праблемы павінны быць у фокусе нашай увагі. Задача губернатараў - стварыць на месцах для дзяцей усе ўмовы, далучыць іх да заняткаў спортам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Спорт павінен стаць неад'емнай часткай жыцця кожнага дзіцяці пачынаючы з дзіцячага сада".

Кіраўнік дзяржавы даручыў заняцца гэтым пытаннем і Міністэрству адукацыі. Паводле яго слоў, у школах мала ўвагі ўдзяляецца спартыўна-масавым мерапрыемствам. "Гэту праблему неяк трэба вырашаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Трэба адцягнуць увагу дзяцей ад непатрэбных спраў, але не прымушаць сілай, а стварыць святочную атмасферу, зацікавіць дзяцей, дастукацца да іх па ўсіх напрамках, магчыма, нават праз сацыяльныя сеткі", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Важна падключыць да гэтай работы і бацькоў, лічыць Кіраўнік дзяржавы. "Яны за руку павінны весці сваіх дзяцей на спартыўныя пляцоўкі", - сказаў Прэзідэнт.

У прыклад ён прывёў спаборніцтвы "Залатая шайба" і "Снежны снайпер". Па якасці арганізацыі, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, яны не ўступаюць рэспубліканскім пяршынствам, і бацькі імкнуцца да таго, каб іх дзеці выступалі на гэтых спаборніцтвах.

Пра экіпіроўку

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дадзены ўсе даручэнні аб забеспячэнні вучэбна-трэніровачнага працэсу, пачынаючы з базавага ўзроўню, усім неабходным: лыжамі, мацаваннямі, тэхнікай. За лета кожны профільны спартыўны цэнтр павінен быць укамплектаваны снегагенератарамі і ратракамі.

"Прычым усё, што зможам, будзем рабіць у сябе ў краіне. Гэтыя даручэнні павінны быць выкананы поўнасцю і ў тэрмін. Ураду ўзяць гэта пытанне на кантроль", - даручыў ён.

Пра справядлівасць у алімпійскіх руху

"Наогул надышоў час для сур'ёзнай размовы ў міжнародных спартыўных структурах аб павышэнні празрыстасці і справядлівасці працэсаў, якія адбываюцца ў алімпійскім руху. Паглядзім, дзе гэта лепш нам зрабіць. Трэба больш актыўна выкарыстоўваць усе даступныя нам каналы ўзаемадзеяння для папулярызацыі нашай афіцыйнай пазіцыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў аб сітуацыі вакол судзейства адносна беларускага фрыстайліста Антона Кушніра на зімовай Алімпіядзе ў Пхёнчхане. "Вядома, сітуацыя абуральная, але маўчаць нельга. Калі будзем змагацца, не будзем маўчаць, будуць разумець, што беларусаў лепш не чапаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пра барацьбу з допінгам

"Не магу не закрануць тэму допінгу. Вы бачыце, якія гучныя скандалы ў свеце. Санкцыі прымяняюцца не толькі ў адносінах да асобных спартсменаў, але і адносна цэлых краін", - заявіў беларускі лідар.

"Таму давайце будзем арыентаваць на чалавечыя рэсурсы. Плюс сала, - з гумарам адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Спорт павінен быць чыстым. Даравання ў гэтым плане не будзе. Гэта ўжо не тыя часы. Вы бачыце, на які ўзровень узнята гэта праблема".

"У той жа час нельга дапускаць дыскрымінацыйнага стаўлення да сваіх спартсменаў. Прыклад - адхіленне нашых канаістаў ад Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Пра харчаванне спартсменаў

"Мінспорту сумесна з Міністэрствам аховы здароўя неабходна навесці парадак у харчаванні спартсменаў. Які вы хочаце ад іх рэзультат, калі яны не сочаць за сваёй вагой? Чаму гэта пытанне не кантралююць урачы нацыянальных каманд?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Дайшло да таго, расказаў Прэзідэнт, што яго ўрачу давялося сумесна з дыетолагамі заняцца харчаваннем асобных спартсменаў.

"Усе ў сацыяльных сетках абмяркоўвалі, калі я жартам сказаў, што лепшы допінг гэта сала. Гэта не я прыдумаў. Гэта лепшы энергетык для любога спартсмена, асабліва для хакеіста, лыжніка", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама закрануў тэму навуковага і медыцынскага складнікаў у спорце. "Сёння без падтрымкі навукі і медыцыны канкурыраваць цяжка, але ніякая навука і медыцына не заменяць чалавечы фактар, гэта будуць толькі падтрымка і дапамога", - адзначыў беларускі лідар.

Мінспорту сумесна з РНПЦ даручана працаваць у такім напрамку больш плённа. "У асобных відах спорту гэтай тэме ўдзяляецца самая пільная ўвага, і, паводле вашых дакладаў, ёсць нейкі вынік", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Пра перамогі паралімпійцаў

"Вы проста малайцы. Вы ўсім ім уцерлі нос. Лічыце, што я ваш заўзяты балельшчык", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускія паралімпійцы з усяе сілы стараліся перамагчы на праведзеных у Паўднёвай Карэі спаборніцтвах. "Яны парвалі зубамі. У дрэнных умовах надвор'я", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што некаторыя беларускія лыжнікі ў такіх абставінах нават не змаглі б падняцца ў гару.

Пра будучыя спартыўныя форумы

"Перад намі стаяць сур'ёзныя задачы. Да наступных зімовых Алімпійскіх гульняў менш як 4 гады. А праз два гады ўжо будуць летнія. Разварушвацца няма калі. Трэба вызначыць трэнераў, спартсменаў і сёння ўжо дашліфоўваць спартсменаў да летняй Алімпіяды. І пачынаць рыхтаваць па зімовых відах спорту да Алімпіяды ў Пекіне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Наперадзе ў нас галоўны экзамен - 2019 год і Еўрапейскія гульні. Калі мы яшчэ дома зняславімся, народ гэтага нам не даруе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама нагадаў аб маючым адбыцца ў 2021 годзе дамашнім чэмпіянаце свету па хакеі з шайбай, запатрабаваўшы за астатні тэрмін прыняць неабходныя меры для якаснай падрыхтоўкі каманды.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў і нядаўнія кадравыя змяненні ў спорце, у тым ліку назначэнне новага міністра. Раней пачалі работу новыя першы віцэ-прэзідэнт НАК і рэктар універсітэта фізкультуры. "Запрагайцеся і ўперад. Не аглядвайцеся", - запатрабаваў ён.

"Самае галоўнае - мы сёння расставілі ўсе акцэнты. Адказныя вызначаны. І я вельмі прашу забяспечыць безумоўнае выкананне дадзеных даручэнняў. Выканайце ўсё, як мы дамовіліся. І тады ў нас як мінімум напалову будзе менш праблем у спорце", - упэўнены беларускі лідар.