Нарада аб сітуацыі ў аграрным сектары і пытаннях развіцця лікёра-гарэлачнай галіны

  • 1

Сітуацыя ў аграрным сектары, а таксама пытанні развіцця лікёра-гарэлачнай галіны разгледжаны 22 кастрычніка на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Рабоце беларускіх аграрыяў - завяршэнню ўборачнай і падрыхтоўцы да веснавой сяўбы - Кіраўнік дзяржавы на нарадзе ўдзяліў значную ўвагу, выслухаўшы даклады аб ходзе работ на месцах і ў цэлым па краіне. Аляксандр Лукашэнка ўстанавіў перад аграрыямі строгі тэрмін - да 7 лістапада завяршыць усе асеннія сельгасработы. Як было адзначана на нарадзе, у цэлым тэрміны вытрымліваюцца, і ёсць высокая ступень упэўненасці, што намечанае завершаць у тэрмін. Аднак Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на якасці гэтых работ, недапушчальнасці страт і задачы па забеспячэнні захаванасці ўраджаю. На парадку дня і падрыхтоўка да веснавой сяўбы, што з'яўляецца залогам будучага добрага ўраджаю.

Гаворачы пра лікёра-гарэлачную галіну, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэта тэматыка ўжо абмяркоўвалася на высокім узроўні тры гады таму. Тады былі падрабязна разгледжаны праблемы гэтай сферы і прыняты неабходныя рашэнні. "Сёння пытанне ў тым, наколькі гэтыя рашэнні адпавядалі духу часу, зыходзячы ўжо з практыкі. Таксама былі вызначаны напрамкі эфектыўнага развіцця галіны - сёння трэба адказаць на пытанне, чаго не хапае ў гэтым плане", - сказаў беларускі лідар.

"Алкагольная прадукцыя - тавар асаблівы, падакцызны, і ва ўсім свеце ён рэгулюецца строга дзяржавай. Беларусь - не выключэнне. Напэўна, у нас самае строгае рэгуляванне, паколькі існуе пэўная манаполія на вытворчасць і рэалізацыю алкаголю. І я абсалютна ўпэўнены, што мы на гэтым этапе павінны, паглядзеўшы на гэта пытанне, гэту манаполію ўзмацніць, зыходзячы з вопыту работы апошніх гадоў", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на нарадзе неабходна абмеркаваць і праблемы ў сувязі са спажываннем алкаголю насельніцтвам. "Не сакрэт, што гэты прадукт з'яўляецца сур'ёзнай падтрымкай для нашага бюджэту. Так усюды, у любой дзяржаве, мы гэта не ўтойваем. Але не гэта галоўнае. Галоўнае - наступствы гэтага піцця, таму хацелася б, каб прысутныя тут адказныя за развіццё алкагольнай галіны закранулі і пытанне наступстваў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У якасці аднаго з пытанняў ён абазначыў абарону ўнутранага рынку: "Нельга дапускаць з'яўлення няякаснай прадукцыі і ценявога абароту алкагольных напіткаў. Гэта, перш за ўсё, пагроза жыццю і здароўю людзей".

"Не скажу, што ў нас ужо вельмі вялікая праблема з гэтай справай, асабліва з імпартам недабраякаснай прадукцыі з-за мяжы (імпарт у нас складае ўсяго 3-3,5%, і тое тых прадуктаў, якія мы не вырабляем)", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў з'яўленне прыкмет нядобрасумленнай канкурэнцыі на ўнутраным рынку, наяўнасць складанасцей ва ўзаемаразліках паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі, марудны рост экспарту. "Насцярожвае, што Урад, мясцовая ўлада, сілавыя структуры, ды і самі вытворцы, глядзяць на вырашэнне праблем па-рознаму і не змаглі выпрацаваць узгодненую пазіцыю", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што па выніках нарады неабходны ўзважаныя, сістэмныя і канчатковыя рашэнні. "Аднак зрабіць гэта трэба прафесійна і аб'ектыўна, паколькі любое змяненне або новаўвядзенне закранае як спажыўцоў, так і работнікаў галіны. А ўсе яны нашы людзі, і мы ў першую чаргу павінны ўлічваць іх інтарэсы", - дадаў Прэзідэнт.

Удзельнікі нарады падрабязна абмеркавалі абазначаную тэматыку, унесены розныя прапановы, у тым ліку ў частцы кватавання паставак для рэалізацыі на ўнутраным рынку і развіцця экспарту, устанаўлення адзіных рознічных цэн на пэўныя віды алкагольнай прадукцыі, надзялення канцэрна "Белдзяржхарчпрам" функцыямі адзінага рэгулятара ў абазначнай сферы. Размова ішла і аб гарантыі якасці прадукцыі, дзяржаўных функцыях у гэтым пытанні.

Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача да новага года выпрацаваць адпаведныя механізмы і крокі, каб прадпрыемствы, якія вырабляюць алкагольную прадукцыю, працавалі ў роўных умовах, незалежна ад формы ўласнасці. Гэта ў тым ліку датычыцца аддачы для дзяржавы і грамадства ад гэтай высокадаходнай галіны.