У Беларусі ўдалося стабілізаваць абстаноўку ў сферы распаўсюджвання і спажывання наркотыкаў, аднак асаблівых падстаў для самазаспакоенасці няма. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 кастрычніка на нарадзе па пытаннях процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў і прафілактыкі наркаманіі.
Удзельнікамі нарады сталі кіраўнікі Урада, шэрага міністэрстваў і ведамстваў, судзейскага корпуса.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важная, рэзанансная тэма барацьбы з наркотыкамі і прафілактыкі наркаспажывання за апошнія пяць гадоў не раз абмяркоўвалася на высокім узроўні. "Прынятыя ў Беларусі ў 2014 годзе сістэмныя меры далі магчымасць нам пераламаць сітуацыю, - сказаў Прэзідэнт. - Нам удалося паставіць заслону на шляху распаўсюджвання сінтэтычных прэпаратаў, так званых спайсаў, асноўнымі спажыўцамі якіх была моладзь. Значна ўзмоцнена крымінальная адказнасць за незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропаў".
"У выніку нам удалося стабілізаваць абстаноўку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. За мінулыя пяць гадоў колькасць нарказлачынстваў скарацілася ў 1,5 раза, а ўчыненых з удзелам непаўналетніх - прыкладна ў 5 разоў.
Колькасць смярцей ад перадазіровак наркотыкамі ў Беларусі ў 14 разоў ніжэйшая, чым у Літве, і ў 72 разы ніжэйшая, чым у ЗША. Апошні выпадак гібелі падлетка ад перадазіроўкі адбыўся ў 2014 годзе.
Штогод у свеце ад наркотыкаў гінуць звыш 200 тыс. чалавек. Праблема з'яўляецца сур'ёзным выклікам для ўсёй сусветнай супольнасці. "Паводле ацэнак ААН, наркотыкі цяпер ужывае кожны дваццаты чалавек на планеце - прыкладна 250-300 млн чалавек, - прывёў лічбы Кіраўнік дзяржавы. - Велізарная колькасць людзей, супастаўная з колькасцю насельніцтва Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі і Францыі разам узятых".
"Аднак, нягледзячы на прыведзеныя паказчыкі, асаблівых падстаў для самазаспакоенасці няма, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - Вы помніце, што мы, звяртаючыся да праблемы наркотыкаў, часта гаварылі, што ідзём па нязведанай цаліне. Такіх комплексных мер ніколі ні адна краіна, а тым больш Беларусь, не прымала ў сферы барацьбы і прафілактыкі наркотыкаў. Мы тады прынялі рашэнне, што да гэтага пытання прыкладна праз пяць гадоў вернемся, прааналізуем практыкі і, калі неабходна, прымем дадатковыя меры, што сёння і спрабуем зрабіць. З першага заходу ў нас атрымаецца ці, можа, яшчэ раз давядзецца да гэтага пытання вярнуцца, але да 1 студзеня 2020 года кропкі над "і" павінны быць расстаўлены".
Улічваючы геаграфічнае становішча Беларусі, наркакартэлі імкнуцца скарыстацца зручнай лагістыкай. "Таму ўсе павінны разумець, што аслабляць націск на суб'екты наркатрафіка і наогул пастаўшчыкоў наркотыкаў мы не маем права. Калі хоць на імгненне пра гэта забудзем, наша краіна патоне ў гэтых праблемах і ў гэтым страшэнным зеллі, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Толькі за мінулы год праваахоўнікамі перахоплена на граніцы амаль паўтоны гашышу. Не спыняюцца спробы зноў падсадзіць нашых людзей на сінтэтычныя наркотыкі. Адных амфетамінаў і іншых псіхатропных рэчываў канфіскавана звыш 36 кг".
Кіраўнікі злачынных груп, каб уцягнуць моладзь у распаўсюджванне наркотыкаў, актыўна выкарыстоўваюць электронныя пляцоўкі: сумніўныя сайты, мэсэнджары. "Падлеткі згаджаюцца на ўгаворы невядомых ім асоб у сетцы Інтэрнэт зрабіць адну-дзве закладкі, не разумеючы толкам, у што ўвязваюцца, а потым атрымліваюць вялікія тэрміны. Зразумела, становяцца саўдзельнікамі збыту і спажывання наркотыкаў з усімі далейшымі наступствамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што прынцып непазбежнасці пакарання павінен працаваць перш за ўсё ў адносінах да кіраўнікоў арганізаваных груп і аптовых звёнаў наркатрафіка. "Не можаце самі дастаць гэтых дзялкоў, калі яны знаходзяцца недзе за мяжой, - тады задзейнічайце міжнародныя каналы і іншыя вядомыя ў рабоце спецслужбаў метады. Зрабіце ўсё магчымае, каб ліквідаваць злачынную сетку поўнасцю", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.