Нарада па пытаннях павышэння эфектыўнасці работы тытунёвай галіны

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў не дапусціць сур'ёзнага росту цэн на тытунёвую прадукцыю ў выпадку ўніфікацыі падатковага заканадаўства з Расіяй. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 10 снежня на нарадзе, дзе абмяркоўваліся пытанні павышэння эфектыўнасці работы тытунёвай галіны.

"Зразумела, што ў Расійскай Федэрацыі тытунь, ды і алкаголь, па цэнах значна вышэйшы, чым у Рэспубліцы Беларусь. Калі раптам уніфікацыя (падатковага заканадаўства адбудзецца. - Заўвага), гэта можа прывесці да сур'ёзнага росту цэн на тытунёвыя вырабы, што недапушчальна для грамадзян Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Як вядома, у перагаворах з Расійскай Федэрацыяй мы ўзнімаем многія пытанні, у тым ліку цэнаўтварэння, асабліва на адчувальныя тавары, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Пры ўсім негатыве тытуню, алкаголю, гэта сур'ёзныя артыкулы пры фарміраванні нашага бюджэту, таму тут не павінна быць ніякіх шараханняў".

У час нарады Кіраўніку дзяржавы было даложана аб тым, як ідуць справы з вытворчасцю і рэалізацыяй тытунёвых вырабаў, таксама з улікам пераўтварэнняў у галіне, праведзеных амаль год таму. "Мы ў свой час перабудавалі свой рынак - вытворчасць і рэалізацыю. У нас гэта сфера строга рэгулюецца. У нас ёсць інвестар, які ў свой час узяўся за рэалізацыю тытунёвых выбараў нашых прадпрыемстваў і абавязаўся значна павысіць плату ў бюджэт, таму мы пайшлі на дагавор з ім", - адзначыў Прэзідэнт. Ён пацікавіўся, як інвестар выконвае свае абавязацельствы.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў сваё негатыўнае стаўленне да курэння, але ў той жа час падкрэсліў, што гэта яго асабістае меркаванне: "Я курцоў не падтрымліваю, у мяне асаблівае да гэтага стаўленне. Але адна справа - маё меркаванне, іншая - самога чалавека, які бярэ цыгарэту, купляе за грошы і губіць сваё здароўе. Словам, гэта пэўныя сацыяльныя пытанні".

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў падрыхтавацца да абмеркавання ў будучым пытанняў вытворчасці і рэалізацыі ў краіне алкагольных тавараў.