Нарада па пытаннях паступлення і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі

  • 1

Пытанні паступлення і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі разгледжаны 30 красавіка на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на нараду вынесены пытанні, звязаныя з прадастаўленнем Беларусі замежнай бязвыплатнай дапамогі, а таксама магчымай карэкціроўкі дзеючага парадку яе рэгістрацыі. "Кіраўніцтва справамі і Адміністрацыя Прэзідэнта падрыхтавалі адпаведныя прапановы. У мэтах зніжэння нагрузкі на бюджэт па маім даручэнні ў 2018 годзе Урад сумесна з Кіраўніцтвам справамі зацвердзіў комплекс мер па прыцягненні дапамогі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што рэалізацыя гэтых мер ужо дала вынік - намеціўся пэўны рост такіх фінансавых паступленняў з-за мяжы. Толькі за апошнія тры гады іх агульны аб'ём склаў амаль $240 млн.

"Мы бачым актывізацыю нашых заходніх партнёраў - розных фондаў і асацыяцый па фінансаванні так званых гуманітарных праектаў. Маю пазіцыю вы ведаеце. Ні капейкі не павінна быць патрачана на дэструктыўную дзейнасць унутры краіны. Выкарыстанне бязвыплатнай дапамогі з-за мяжы павінна быць пад самым жорсткім кантролем", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што такі парадак жорсткага размеркавання гуманітарнай дапамогі з'явіўся пасля таго, калі было заўважана, што яна ідзе далёка не на сацыяльныя мэты. "На гуманітарнай дапамозе ў свой час вырасла наша так званая апазіцыя, жыла нядрэнна, фактычна яе дзейнасць, антыдзяржаўная, асабліва ў той час, фінансавалася з-за мяжы па лініі гуманітарнай дапамогі. Я палічыў, што гэта няправільна, калі палітычную дзейнасць фінансуюць з-за мяжы спонсары па лініі гуманітарнай дапамогі, і ўстанавіў пэўны парадак. Сумленны і адкрыты. Калі гэта гуманітарная дапамога і яна ідзе на пэўныя мэты, напрыклад, ахову здароўя, фізкультуру і спорт, здароўе людзей, чарнобыльскія праекты, - усё да капейкі павінна паступіць чарнобыльцам, спартсменам, хворым людзям, я маю на ўвазе ахову здароўя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Беларусь адкрыта для фінансавання, накіраванага на сацыяльныя мэты, напрыклад, на ліквідацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС, аказанне медыцынскай дапамогі, падтрымку малазабяспечаных грамадзян, інвалідаў, пенсіянераў, дзяцей.

"Мы гатовы прадаставіць розныя падатковыя льготы і прэферэнцыі. Але сродкі павінны даходзіць да канкрэтнага атрымальніка, а не растварацца па дарозе", - заявіў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што на гэты момант трэць паступленняў прамой сацыяльнай накіраванасці не мае. Напрыклад, частка сродкаў ідзе на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы асобных арганізацый, аплату іх агульнагаспадарчых расходаў.

"Мы такую дзейнасць ільгатаваць перасталі некалькі гадоў таму, і я думаю, што ні ў якім разе тут нельга нешта мяняць, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Я даручыў выпрацаваць прапановы па ўдасканаленні парадку дзеянняў з бязвыплатнымі фінансавымі патокамі. Работа над магчымымі карэкціроўкамі вялася пад кіраўніцтвам Кіраўніка спраў, Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта і Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пры назначэнні дырэктара Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці таксама былі пастаўлены задачы ў гэтым напрамку.

"Вынікам такой работы стаў новы праект Дэкрэта. Асобныя яго нормы істотна змяняюць дзеючыя механізмы рэгістрацыі дапамогі. Таму ўнесеныя прапановы патрабуюць ўсебаковай ацэнкі і абмеркавання", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ад удзельнікаў нарады хацеў бы пачуць адказы на шэраг пытанняў: наколькі аптымальным з'яўляецца прапанаваны механізм прыняцця рашэнняў аб рэгістрацыі дапамогі, вызваленні яе ад падаткаабкладання і ўзгадненні мэт выкарыстання, ці не залішне гэты парадак бюракратызаваны.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, чым абгрунтаваны памер уводзімай платы за рэгістрацыю дапамогі, што плануецца змяніць у рабоце Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці. Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы спытаў, ці ўдзельнічаюць мясцовыя органы ў рабоце з замежнай дапамогай, ці праводзяць ацэнку эфектыўнасці яе выкарыстання, як іх дзейнасць прапісана ў праекце Дэкрэта.

У ліку абазначаных было таксама пытанне, наколькі рэзультатыўны кантроль з боку дзяржавы за паступленнем і выкарыстаннем дапамогі, ці не патрабуецца ўвесці якія-небудзь дадатковыя меры для прадухілення яе нямэтавага выкарыстання.

"А вось меры павінны быць самыя жорсткія, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Калі ты атрымаў гуманітарную дапамогу з-за мяжы, і тыя, хто прадастаўляе гэту гуманітарную дапамогу, гэта людзі прыстойныя, яны хочуць, каб дапамога дайшла да адрасата. І калі гэта дапамога, як я ўжо гаварыў, раствараецца па дарозе, за гэта павінна быць самая жорсткая адказнасць".

"Я ведаю, што многія з вас перажываюць за тое, што калі мы нейкую сотую долю працэнта ўвядзём за рэгістрацыю або вельмі жорстка будзем яе кантраляваць, значыць, паток гуманітарнай дапамогі можа зменшыцца. Тады і не трэба нам такая дапамога. Усё павінна быць сумленна, прынцыпова і прыстойна. Вы ж ведаеце, што ў асноўным заходнія краіны аказваюць гэту гуманітарную дапамогу. Яны заўсёды і ўсюды, на ўсіх узроўнях дэкларуюць: ніякай карупцыі. Усё павінна быць сумленна, прыстойна і даходзіць да адрасата. Вось мы гэта і павінны зрабіць. Але поўнасцю дэбюракратызаваць гэты працэс", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Па выніках нарады Кіраўніком дзяржавы былі падтрыманы ўсе падыходы, выкладзеныя ў праекце дакумента. Прэзідэнт даручыў, каб з улікам абмеркавання праект Дэкрэта быў дапрацаваны і ў бліжэйшыя дні прадстаўлены яму на подпіс.