Нарада па пытаннях медыцынскага абслугоўвання ў новым клінічным медыцынскім цэнтры

  • 1

Будаўніцтва новага клінічнага медыцынскага цэнтра ў вёсцы Ждановічы Мінскага раёна дало магчымасць сэканоміць сотні мільёнаў еўра для бюджэту краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 снежня на нарадзе па пытаннях медыцынскага абслугоўвання ў будуемай установе аховы здароўя.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў грамадстве горача абмяркоўваецца будаўніцтва пад Мінскам клінічнага медыцынскага цэнтра. "Я падкрэсліваю: па абслугоўванні нашага насельніцтва, не толькі, як пішуць або разважаюць, чыноўнікаў або дзяржаўных служачых, хоць не без гэтага", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, як прымалася рашэнне аб узвядзенні гэтай установы аховы здароўя. "Як мне далажылі яшчэ ранейшыя кіраўнікі Мінскага гарвыканкама, планавалася ў Мінску будаўніцтва вялікай бальніцы з-за няхваткі плошчаў. Кошт гэтай бальніцы вагаўся ад 300 да 500 млн еўра ў залежнасці ад абсталявання. Вядома, такіх грошай у дзяржаве сёння няма. Танней яна абысціся і не магла. Скупы плаціць двойчы", - канстатаваў ён.

Тады Кіраўніком дзяржавы было прынята рашэнне перадаць ва ўласнасць Мінска Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, у якім абслугоўваецца больш за 17 тыс. чалавек, у тым ліку каля 6 тыс. дзяржслужачых, і ўзвесці невялікую, але сучасную паліклініку.

"Мы, пабудаваўшы кампактны, невялікі медыцынскі цэнтр, сэканомілі каля 400 млн еўра. Вось і ўся канспіралогія гэтага пытання. Мною было прынята рашэнне пабудаваць меншую бальніцу, а гэту велізарную перадаць гораду з усім абсталяваннем, персаналам (у асноўным ён там застанецца). Не скрыю: была пастаўлена задача на базе гэтага цэнтра стварыць суперсучасную бальніцу, дзе будуць адпрацоўвацца найноўшыя тэхналогіі. Абслугоўвацца там будзе 3-4 тыс. дзяржслужачых, астатнія - звычайныя грамадзяне, людзі, якія з савецкіх часоў знаходзяцца на ўліку, якія заслужылі абслугоўвацца ў такім цэнтры. Так ва ўсіх дзяржавах прынята", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што скарыстацца паслугамі новага клінічнага медыцынскага цэнтра грамадзяне змогуць таксама на платнай аснове. "Калі цябе не задавольвае абслугоўванне ў нейкай мінскай бальніцы, ты можаш прыйсці, заплаціць грошы (паколькі не па месцы будзеш абслугоўвацца) і абслужыцца тут. Што ў нас мала багатых людзей, якія сёння гатовы заплаціць грошы і правесці нейкія даследаванні, каб устанавіць дакладны дыягназ?" - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што ніякіх скрытых крокаў пры будаўніцтве ўстановы аховы здароўя не было. "Гэта было маё рашэнне, і я аб ім не шкадую. Мы сэканомілі вялікія грошы. Тыя, хто гавораць, што гэта мая бальніца - дзякуй богу, каб я і далей так лячыўся, як лячуся да гэтага часу. Я па бальніцах не хадзіў і не хаджу", - заявіў ён.

Што датычыцца абслугоўвання ў медцэнтры дзяржаўных служачых, Прэзідэнт нагадаў, што сёння асобныя паліклінікі ёсць і ў сілавых структур. Гэтыя ўстановы захаваліся яшчэ з савецкіх часоў. "Гэта добрыя цэнтры, дзейнічаюць дакладна па такім жа прынцыпе: туды можна прыйсці і лячыцца, калі ў цябе ёсць нейкія сумненні ў бальніцы, да якой ты прымацаваны. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта практыка ўсіх дзяржаў свету, - сказаў беларускі лідар. - І нават не ў гэтым справа. Скажу прама: я гатовы з усіх вас пыл здзьмухаць, а не толькі лячыць, толькі б вы эфектыўна працавалі для дзяржавы. Яшчэ такую бальніцу пабудуем - толькі працуйце сумленна, адкрыта і прынцыпова, каб дзяржава працвітала".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, такія медыцынскія цэнтры, якія будуць перадаваць самыя сучасныя тэхналогіі ў іншыя бальніцы і клінікі, плануецца адкрыць у кожнай вобласці. "Будзем запрашаць туды, калі сваіх не хапае, урачоў, самых перспектыўных і самых таленавітых, якія навучылі б нашых лячыць тое, што мы не ўмеем. Ды і да нас будуць прыязджаць вучыцца, ужо гэта робяць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт пацікавіўся, якая гатоўнасць будуемага ў Ждановічах медыцынскага цэнтра, як у ім будуць аказвацца паслугі для насельніцтва, у тым ліку для асоб, якія маюць заслугі перад дзяржавай. "Мы дамаўляліся, што ў гэтым годзе павінны завяршыць аб'ект і здаць яго. Я хацеў бы прыехаць і паглядзець на гэту бальніцу, як яна будзе выглядаць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Як праінфармавалі Кіраўніка дзяржавы, аб'ект плануецца здаць у канцы 2017 года - пачатку 2018-га, на працягу студзеня ён будзе цалкам уведзены ў эксплуатацыю. Плануецца, што абслугоўвацца ў новым медыцынскім цэнтры будуць дзяржслужачыя і асобы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё дзяржавы. Пацыентамі ўстановы таксама змогуць стаць грамадзяне, якія маюць дагаворы добраахвотнага медыцынскага страхавання або заключылі прамыя дагаворы з медцэнтрам. Акрамя таго, насельніцтву будуць даступны асобныя высокатэхналагічныя паслугі, напрыклад, кардыяхірургічная дапамога.

Існуючыя фонды Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта перададуць у камунальную ўласнасць Мінска і далучаць да 2-й клінічнай бальніцы. У далейшым яна будзе пераўтворана ў шматпрофільны гарадскі клінічны цэнтр. Гэта дасць магчымасць значна палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, пашырыць спектр медыцынскіх паслуг і аказваць самыя высокатэхналагічныя віды дапамогі.