Нарада па пытанні ўдасканалення сістэмы кіравання беларускай энергетыкай

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць мэту па дасягненні стапрацэнтнай энергетычнай незалежнасці і бяспекі. Аб гэтым ён заявіў 16 лістапада на нарадзе па пытанні ўдасканалення сістэмы кіравання беларускай энергетыкай.

"Урадам павінен быць сфарміраваны прагноз паліўна-энергетычнага балансу краіны, а таксама вызначана мэта - стапрацэнтная энергетычная незалежнасць і бяспека", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што энергетычная сістэма Беларусі - гэта адзін з найбольш складаных, але выключна значны сектар нацыянальнай эканомікі. "Яе стабільнасць - гэта вельмі важны элемент бяспекі і незалежнасці дзяржавы", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, для вырашэння актуальных задач у галіну было ўкладзена нямала сродкаў: толькі за апошнія пяць гадоў прыцягнута звыш $1 млрд інвестыцый. За гэты перыяд Беларусь выйшла на перадавыя пазіцыі сярод кран СНД па ўдзельным расходзе паліва на вытворчасць аднаго кілавата электраэнергіі. Спажыванне імпартуемага паліва зменшылася на 3 млрд куб.м газу ў эквіваленце. "Гэта каля $600 млн у год скарачэння", - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым уласная вытворчасць электраэнергіі павялічылася на 2,1 млрд кВт. "Дарэчы, у 2018 годзе мы ўпершыню поўнасцю адмовіліся ад імпарту электраэнергіі", - звярнуў увагу беларускі лідар.

"Як мне не раз дакладвалі, энергасістэма Беларусі не толькі з'яўляецца адной з самых надзейных і эфектыўных на постсавецкай прасторы, але і не ўступае шэрагу еўрапейскіх дзяржаў. Аднак, нягледзячы на дасягнутыя поспехі, да работы нашых энергетыкаў ёсць нямала прэтэнзій і заўваг, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наспела неабходнасць вызначыць, што трэба зрабіць не толькі для ўстаранення існуючых недахопаў, але і для павышэння эфектыўнасці работы ўсёй энергасістэмы. На думку многіх экспертаў, для таго каб выбудаваць дакладны план дзеянняў, у галіне ёсць эканамічныя, тэхналагічня і арганізацыйныя рэзервы".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніякіх эксперыментаў у сувязі з гэтым праводзіцца не будзе. "У нас няма незразумелых пытанняў, каб эксперыментаваць і спрабаваць. Усё вельмі зразумела. Галоўная задача - не загубіць дасягненні, удасканальваць тое, што створана, пры гэтым не зацягваючы працэс. Таксама трэба ўлічваць сусветныя тэндэнцыі ў энергетыцы, выкарыстоўваючы як станоўчы, так і негатыўны вопыт, перш за ўсё нашых суседзяў", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мэтамі адпаведнай работы павінны стаць аптымізацыя дзейнасці энергасістэмы, ліквідацыя празмерных затрат, справядлівае і празрыстае фарміраванне тарыфаў на канкурэнтным узроўні. Неабходна таксама прадоўжыць прыцягненне ў галіну інвестыцый і найноўшых тэхналогій.

Прэзідэнт патрабуе ад Урада выпрацаваць дакладны план па пашырэнні напрамкаў выкарыстання электраэнергіі ў прамысловасці, аграрнай сферы, транспарце, ІТ-сектары, ЖКГ, быце і іншых галінах.

Паводле яго слоў, гэта пытанне непарыўна звязана з далейшым развіццём беларускай энергетыкі. "Таму патрабую ад адказных асоб, не зацягваючы, пачаць яго вырашэнне. Магутнасцей для нарошчвання электраспажывання сёння ў нас хапае, а хутка будзе больш", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу Урада на існуючы вельмі нізкі ўзровень спажывання электрычнай энергіі ў Беларусі. У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў аб маючым адбыцца ўвядзенні ў строй Беларускай АЭС, электраэнергія ад якой павінна быць запатрабавана. "Гэта галоўнае пытанне ва ўсім рэфармаванні або ўдасканаленні гэтага сектара", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Урада далажыць аб адпаведным плане. "Тым больш наперадзе эра чыстай энергетыкі. Вугаль, прыродны газ і нафта адыходзяць. Усе арыентуюцца, напрыклад, не на дызель і бензін, а на электрамабілі. Таму патрэбна не проста разуменне, а дакладны план дзеянняў, зыходзячы з балансу вытворчасці электраэнергіі і спажывання", - заявіў беларускі лідар.

"Гэта - галоўнае пытанне, - яшчэ раз падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, - і ў першай палове будучага года заплануйце яго разгляд".

Прэзідэнт канстатаваў, што цяпер удзельнае спажыванне электраэнергіі ў Беларусі ў 2-3 разы ніжэйшае, чым у развітых краінах. "Ёсць куды імкнуцца, зразумела куды ісці, - сказаў ён. - І размова ідзе не аб эканоміі і беражлівым расходаванні рэсурсаў. Гэта сведчыць аб недастатковай энергаўзброенасці беларускай дзяржавы і вузкай сферы прымянення электраэнергіі. Перш за ўсё ў прамысловасці".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адпаведныя пытанні ў далейшым будуць абмяркоўвацца і на нарадзе па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. "Таксама цішыня ва Урадзе. Усе хочуць займацца стратэгіяй. Дык вось яна і ёсць стратэгія - пачынаючы ад Светлагорска, Добруша і заканчваючы Бабруйскам (размова аб рэалізацыі ў гэтых гарадах буйных інвестыцыйных праектаў. - Заўвага)", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў ад дакладчыкаў у час нарады адказаць на шэраг пытанняў. Па-першае, якія недахопы ёсць у дзеючай структуры энергасістэмы Беларусі? Па-другое, што прапануецца Урадам для ўдасканалення галіны, і якія тэрміны для гэтага неабходныя? А таксама ці існуюць рызыкі, і як плануецца іх мінімізаваць? "Трэцяе - самае галоўнае - які эфект дадуць прапанаваныя пераўтварэнні для энергасістэмы, айчыннай эканомікі і нашых грамадзян?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно пастаўленае пытанне датычылася таго, як адказныя чыноўнікі бачаць у перспектыве паліўна-энергетычны баланс краіны.

На нарадзе былі падрабязна абмеркаваны прапановы па ўдасканаленні структуры Мінэнерга і энергасістэмы краіны. Гэта пытанне даручана аператыўна дапрацаваць з улікам заўваг, што паступілі ад Прэзідэнта. Чакаецца, што вынікам прапанаваных мер стане больш эфектыўная работа галіны за кошт пэўных структурных пераўтварэнняў і аптымізацыі. Аднак галоўнае, чаго патрабуе Аляксандр Лукашэнка, - гэта дакладнае эканамічнае абгрунтаванне ўсіх магчымых змяненняў. Агульная мэта і задача - стварыць сістэму, якая б у максімальнай ступені адпавядала патрэбнасцям Беларусі.