Нарада па лібералізацыі візавага рэжыму

  • 1

Работу па спрашчэнні ўезду іншаземцаў у Беларусь неабходна прадаўжаць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 студзеня на нарадзе па лібералізацыі візавага рэжыму.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што за апошнія гады турыстычная галіна Беларусі зрабіла значны крок наперад. Гэта сфера стала адной з тых, што дынамічна развіваюцца.

"Сёння кожны можа выбраць адпачынак у нашай краіне на свой густ і атрымаць якасныя паслугі. Цікавасць да Беларусі ўзрастае. У сувязі з гэтым намі прыняты шэраг нарматыўных актаў, якія спрашчаюць уезд у краіну. Аднак работу ў гэтым напрамку нам трэба прадаўжаць", - перакананы Прэзідэнт. На яго думку, трэба дабіцца таго, каб турыст без доўгіх роздумаў купіў білет у Беларусь і паехаў, ведаючы, што праблем з перасячэннем граніцы ў яго не будзе.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пытанні лібералізацыі візавага рэжыму для Беларусі, як і для любой іншай дзяржавы, вельмі актуальныя. "Міжнародны турызм ва ўсім свеце імкліва развіваецца, і мы заставацца ўбаку ад гэтых працэсаў проста не можам па многіх прычынах. Паспяхова канкурыраваць у гэтай сферы можна толькі тады, калі будзе выпрацаваны аптымальны рэжым уезду замежных грамадзян у Беларусь", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час не трэба забываць і пра бяспеку, адзначыў ён. "Так, цяперашняя міграцыйная палітыка Еўрасаюза, а менавіта адсутнасць рэальнага кантролю за перамяшчэннем бежанцаў, пачынае ўжо даваць свой сумны плён. Перш за ўсё, гэта рост тэрарыстычнай пагрозы ў рэгіёне. Таму, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні, трэба помніць пра найважнейшае для нас - бяспеку грамадзян Рэспублікі Беларусь і тых, хто знаходзіцца ў той ці іншы момант у Беларусі. Бяспека - перш за ўсё, ніякімі грашыма ад турызму гэта не кампенсуецца", - заявіў Прэзідэнт.

"Нам неабходна дэталёва разгледзець усе аспекты спрашчэння візавага рэжыму з улікам сусветных тэндэнцый і прыняць абсалютна аптымальныя і ўзважаныя рашэнні ў інтарэсах Беларусі і, зразумела, нашых суседзяў. Мы не павінны ні ў якім разе ствараць праблем усім дзяржавам па перыметры Беларусі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама на нарадзе паставіў задачу на працягу 2018 года ўрэгуляваць рознагалоссі з расійскім бокам у пагранічнай сферы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рацыянальныя і цалкам вытлумачальныя дзеянні Беларусі ў частцы лібералізацыі візавага рэжыму для іншаземцаў выклікаюць насцярожанасць партнёра па Саюзнай дзяржаве.

"З лютага 2016 года беларуска-расійская граніца набыла негалосны статус, як яе часта называюць у інтэрнэце і ўсюды, "самай дзіўнай граніцы ў Еўропе". З гэтага часу расійскі бок без афіцыйнага паведамлення пачаў ажыццяўляць паўнацэнны пашпартны кантроль у адносінах да ўсіх асоб, якія перамяшчаюцца на аўтамабільным транспарце, а затым - на авія- і чыгуначным", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт звярнуў увагу, што Ураду, Міністэрству замежных спраў і іншым зацікаўленым ведамствам неабходна вырашаць гэта пытанне, не спіхваючы на Кіраўніка дзяржавы. "Гэта не нармальна, калі паміж дзвюма брацкімі дзяржавамі і народамі зноў аднаўляецца граніца, якую мы з такой цяжкасцю знімалі больш за 20 гадоў таму. Не ведаю, каму гэта трэба", - сказаў ён.

Расійскі бок зыходзіць нібыта з меркаванняў бяспекі. "Але пра якую бяспеку можа быць размова, калі ў нас сумесныя спісы іншаземцаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Ніхто не можа ўехаць, хто знаходзіцца ў гэтых спісах. Хто не знаходзіцца, мае права ўехаць, пакуль не трапіць у гэтыя спісы. Таму ўсялякія адгаворкі і спасылкі на тое, што ў нас нібыта не тое тут адбываецца, робіцца, і таму ўводзіцца граніца, не слушныя", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Больш таго, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, паміж сілавымі ведамствамі Беларусі і Расіі наладжана вельмі канструктыўнае і сістэмнае супрацоўніцтва, яны праводзяць сотні сур'ёзных і эфектыўных сумесных аперацый. "Але трэба разумець і тое, што, калі Расія ўзнімае гэта пытанне, значыць, пэўныя апасенні існуюць. Трэба з расіянамі весці наконт гэтага дыялог. Але закрывацца адзін ад аднаго нельга, гэта будзе дрэнны прыклад. Ні беларускі народ, ні расіяне гэта не падтрымаюць і не ацэняць", - упэўнены Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што трэба прадметна абмеркаваць, якія рознагалоссі захоўваюцца з расійскім бокам, якія меры неабходна прыняць, каб іх устараніць. "Паралельна трэба вырашаць і пытанні рэадмісіі, паколькі нелегалы едуць да нас у асноўным праз Расію - аб гэтым сведчыць статыстыка, - канстатаваў Прэзідэнт. - Гэтыя пытанні трэба вырашаць канструктыўна, за сталом перагавораў. На працягу 2018 года ўсе пытанні трэба зняць. І жыць нам дастойна, паказваючы прыклад усім у свеце, як могуць жыць дружалюбныя народы і дзяржавы".

На нарадзе падрабязна абмеркаваны прапановы Урада па далейшай лібералізацыі візавага рэжыму Рэспублікі Беларусь. Падкрэслена, што ў гэтым пытанні неабходна дзейнічаць асцярожна, прымаючы толькі ўзважаныя і вывераныя рашэнні. Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што візавая палітыка Беларусі не павінна ствараць праблем для іншых дзяржаў.