Нарада па актуальных пытаннях развіцця эканомікі

  • 1
Планы эканамічнага развіцця краіны на будучы перыяд, дыверсіфікацыя экспарту і пытанні развіцця супрацоўніцтва з Расіяй вынесены на нараду ў Прэзідэнта Беларусі па актуальных пытаннях развіцця эканомікі.

"Усім зразумела, што апошнія месяцы, чацвёрты квартал любога года - гэта выпрацоўка планаў развіцця краіны на будучае. Перш за ўсё планаванне на будучы год. Вытворчасці, ды і наогул усяго нашага жыцця. Я не раз гаварыў, што бягучы і наступны - гэта гады асаблівыя - парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. Мы здаём экзамен. Таму ўсюды мы павінны падцягнуцца, як трэба", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы зноў звярнуў увагу Урада на неабходнасць пошуку новых рынкаў для экспарту айчыннай прадукцыі. "Гэта самая галоўная, асноўная задача - дыверсіфікаваць рынкі збыту, не страціўшы даходнасць пры продажы нашай прадукцыі. Так, мы рухаемся ў гэтым напрамку, але вельмі марудна", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Ніхто не ўтойвае, што Расія - гэта асноўны рынак рэалізацыі нашай прадукцыі, - дадаў Прэзідэнт. - Залежнасць вельмі вялікая, няхай нават ад брацкай краіны. Залежнасць нашай краіны ад паставак, перш за ўсё, вуглевадароднай сыравіны вельмі вялікая".

Прэзідэнт адзначыў, што пытанне супрацоўніцтва з Расіяй і выпрацоўкі канчатковых прапаноў па далейшых дзеяннях у рамках інтэграцыі застаецца актуальным. "І гэта пытанне мы павінны сёння абмеркаваць. Трэба дакладна спланаваць на будучае, па якіх напрамках, як мы будзем развівацца, і вызначыцца", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што, нягледзячы на тое, што цяпер ён у асноўным сочыць за сітуацыяй у сельскай гаспадарцы, тым не менш не выпускае з-пад увагі і іншыя сектары эканомікі. "Выкананне планаў па ўсіх напрамках - галоўная задача Урада. Там ужо няма на каго будзе крыўдзіцца. Мы з вамі спланавалі, я зацвердзіў гэтыя планавыя заданні з вашай падачы, і выканаць мы іх абавязаны. Гэта задача не толькі кожнага чыноўніка, але і кожнага грамадзяніна Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт.