Нарада аб дэмаграфічнай сітуацыі і ўдасканаленні мер дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей

  • 1

Дэмаграфічную сітуацыю і ўдасканаленне мер дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, абмеркавалі 19 лютага на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пры разглядзе мер па падтрымцы сем'яў размова павінна ісці не толькі аб укараненні новых механізмаў, але аб удасканаленні сістэмы ў цэлым. "У нас і так ужо дабаўлена настолькі, што ніводная краіна ў свеце не падтрымлівае так сем'і з дзецьмі, як мы. У нас, па-мойму, да 11 розных дапамог. Я прачытаў аналіз па краінах: дапусцім, у Германіі вельмі моцныя выплаты, а нараджальнасць практычна як у Беларусі. І там, дзе не вельмі падтрымліваюць сем'і, там такая ж нараджальнасць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Таму, на яго думку, трэба разабрацца ў самой сістэме падтрымкі сям'і і, магчыма, пераразмеркаваць выдзяляемыя сродкі. "Можа, нам дзесьці ўзмацніць падтрымку, а дзесьці нейкую дробязь, якая не працуе, наогул зняць. Напрыклад, калі мы прымем рашэнне па забеспячэнні шматдзетных сем'яў жыллём, то, зразумела, гэта стымул. Жыллё для сям'і - гэта ўсё. А калі вы на санаторна-курортнае лячэнне адпраўляеце і даяце чалавеку тры долары - гэта вы проста распыляеце грашовыя сродкі. Таму нам трэба сур'ёзна падумаць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Таму давайце выбудоўваць па-чалавечы гэту размову, адштурхоўваючыся ад зямлі".

"У сферы дэмаграфічнай бяспекі мы сутыкаемся з такімі ж праблемамі, як і большасць дзяржаў свету. Гэта зніжэнне ўзроўню нараджальнасці і павелічэнне натуральнай страты насельніцтва. Калі не прымаць папераджальных мер, то, паводле прагнозаў спецыялістаў, тэндэнцыі да зніжэння колькасці насельніцтва і яго старэння будуць толькі ўзмацняцца аж да 2040 года", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што для падтрымкі сем'яў з дзецьмі ў Беларусі прыняты выключныя меры. Сярод іх - аплатны водпуск па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, ільготнае крэдытаванне для шматдзетных і праграма сямейнага капіталу. "Гэта істотныя меры, якія працуюць. Таму трэба падумаць: калі ўжо ўзмацняць - то меры, якія працуюць, і знімаць тыя, якія не працуюць. Усё роўна чалавек у выніку атрымае больш", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, наколькі прынятыя раней у краіне меры па падтрымцы сем'яў з дзецьмі эфектыўныя і ці садзейнічаюць яны павышэнню нараджальнасці. "Прырост насельніцтва, павышэнне працоўнага патэнцыялу - пытанне нацыянальнай бяспекі, і для нас яно гучыць гэтак жа востра, як і для іншых развітых краін", - канстатаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, што яму да гэтага часу дакладваюць аб недапрацоўках у забеспячэнні шматдзетных сем'яў жыллём. Вырашыць гэта пытанне да 2021 года Прэзідэнт даручаў на нядаўняй нарадзе-семінары па будаўніцтве.

У краіне з 2016 па 2020 год дзейнічае дзяржаўная праграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь". Ёю прадугледжваецца стварэнне ўмоў для паляпшэння здароўя насельніцтва, развіцця і ўмацавання сямейных каштоўнасцей, павышэння прэстыжу бацькоўства, паляпшэння ўзнаўлення насельніцтва, скарачэння ўзроўню смяротнасці, павелічэння чаканай працягласці жыцця, павышэння якасці і даступнасці паслуг сістэмы аховы здароўя, а таксама аптымізацыі ўнутраных міграцыйных працэсаў.

Прэзідэнт спытаў, як выконваецца гэта праграма і ці дазволіла яе рэалізацыя знізіць смяротнасць насельніцтва. "Як гэта праграма рэалізуецца, я бачу, глыбока акунуўшыся ў гэту праблему. Мы пакуль вельмі шмат гаворым пра здаровы лад жыцця, цокаем абцасамі, пачынаючы ад Урада, у прыватнасці, віцэ-прэм'ера, які павінен гэтым займацца, Кіраўніка Адміністрацыі і іншых падначаленых... Яшчэ раз папярэджваю: хоць адно нявыкананае маё даручэнне - адразу збірайцеся і ідзіце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я таксама патрабаваў ад Міністра аховы здароўя прыняць комплексныя меры па зніжэнні смяротнасці. Хацелася б пачуць, што робіцца ў гэтым напрамку".

Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў: у бліжэйшыя гады неабходна распрацаваць і рэалізаваць дзейсныя меры, накіраваныя на павелічэнне нараджальнасці насельніцтва Беларусі. Пры гэтым важна, дадаў ён, удзяліць увагу фарміраванню ў грамадстве пазітыўнага і ўважлівага стаўлення да мацярынства і сямейных каштоўнасцей. "Чакаю ад удзельнікаў актыўнага абмеркавання і прапаноў па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Ніякіх самасправаздач і разглагольстваванняў: трэба было разглядаць ва Урадзе гэтыя пытанні, перш чым прыходзіць да Прэзідэнта", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Удзельнікі нарады разгледзелі прычыны зніжэння нараджальнасці ў краіне і дастаткова высокай смяротнасці, удасканаленне мер па дзяржаўнай падтрымцы сем'яў з дзецьмі. Абмяркоўвалася забеспячэнне шматдзетных сем'яў жыллём, удасканаленне праграмы сямейнага капіталу, прадастаўленне магчымасці па бясплатным правядзенні адной спробы ЭКА і многія іншыя варыянты па падтрымцы сем'яў.

Выказаныя ў час нарады ініцыятывы ад розных міністэрстваў былі ўспрыняты Прэзідэнтам, аднак пакуль засталіся на ўзроўні прапаноў. Кіраўнік дзяржавы даручыў сістэматызаваць усе напрацоўкі, правесці рэвізію льгот і яшчэ раз абмеркаваць гэту тэму на прэзідыуме Савета міністраў. Губернатарам жа даручыў заняцца гэтай праблематыкай на месцах з абавязковым прыцягненнем грамадзян, асабліва тых, каго датычацца або могуць датычыцца прынятыя і плануемыя меры.

Дапрацаваныя прапановы разгледзяць на чарговай нарадзе ў Прэзідэнта, пасля чаго будзе прымацца канчатковае рашэнне.