Каментарый да Указа № 365 ад 3 кастрычніка 2019 г.

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 365, якім уносяцца змяненні ў палажэнне аб парадку ўзнагароджання дзяржаўнымі ўзнагародамі, пазбаўлення іх і аднаўлення ў правах на гэтыя ўзнагароды. Гэта палажэнне прыводзіцца ў адпаведнасць з законам ад 17 ліпеня 2019 года, якім унесены папраўкі ў Закон "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь".

    Указам прадугледжана, што весці ўлік шматдзетных маці, якія падлягаюць узнагароджанню ордэнам Маці, будуць камітэты па працы, занятасці і сацыяльнай абароне абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў.

    Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, якія хадайнічаюць аб узнагароджанні ордэнам Маці, абласным і Мінскаму гарадскому выканаўчым камітэтам прадастаўляецца права самастойна без пісьмовай згоды маці запытваць і атрымліваць у дзяржаўных органаў звесткі, неабходныя для прыняцця адпаведнага рашэння. Выключэнне складаюць звесткі аб тым, ці з'яўляецца дзіця ўсыноўленым (удачароным). Яны запытваюцца толькі з пісьмовай згоды абодвух бацькоў.

    Акрамя таго, Указам зацвярджаецца ў новай рэдакцыі анкета шматдзетнай маці, якая прадстаўляецца да ўзнагароджання ордэнам. Дакумент дапоўнены графой наяўнасці ў дзяцей грамадзянства Рэспублікі Беларусь.