Каментарый да Указа № 143 ад 24 красавіка 2020 г.

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка падпісаў Указ № 143 "Аб падтрымцы эканомікі". Дакумент прыняты па выніках нарады аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы эканомікі і сацыяльнай сферы краіны ва ўмовах сусветнай эпідэміялагічнай сітуацыі, праведзенай 23 красавіка 2020 г.

    Указам прадугледжваюцца меры падтрымкі суб'ектаў гаспадарання асобных галін эканомікі, якія найбольш падпадаюць пад неспрыяльнае ўздзеянне эпідэміялагічнай сітуацыі. Пералік такіх галін вызначаны ў дадатку да Указа.

    Згодна з дакументам, прадастаўлена адтэрміноўка і растэрміноўка выплаты падатковых крэдытаў, скарочаны тэрмін вяртання з бюджэту розніцы паміж сумай падатковых вылікаў і агульнай сумай ПДВ. Індывідуальным прадпрымальнікам прадастаўляецца магчымасць пераходу на іншыя рэжымы падаткаабкладання і пераразліку адзінага падатку ў сувязі з часовым неажыццяўленнем імі дзейнасці.

    Уводзяцца арэндныя канікулы, мараторый на павелічэнне базавай арэнднай велічыні і арэнднай платы. Акрамя таго, прадастаўляецца права мясцовым распарадчым і выканаўчым органам змяншаць маёмасныя падаткі. Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам - уласнікам маёмасці - рэкамендавана прадастаўляць арандатарам адтэрміноўку па арэнднай аплаце, а таксама змяншаць яе памер з улікам аб'ёму іх выручкі.

    Выбраны арганізацыяй парадак падатковага ўліку курсавых розніц можа быць зменены аднаразова на працягу 2020 года і будзе дзейнічаць на працягу ўсяго падатковага перыяду.
     
    Міністрам аховы здароўя, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а таксама Старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі прадастаўлена права прыпыняць работу гандлёвага аб'екта, аб'екта грамадскага харчавання да ўстаранення парушэнняў (але не больш чым на 90 дзён) у выпадку ўстанаўлення па выніках праверкі парушэнняў заканадаўства, кантроль за выкананнем якога адносіцца да кампетэнцыі адпаведнага ведамства. Гэта мера накіравана на павышэнне дысцыпліны ў рабоце суб'ектаў гаспадарання, асабліва неабходнай ва ўмовах бягучай эканамічнай і эпідэміялагічнай сітуацыі.

    У мэтах захавання занятасці і павелічэння працоўнай мабільнасці скарочаны мінімальны тэрмін папярэджання работнікаў аб змяненні наймальнікам істотных умоў працы (без змяншэння памераў аплаты працы). Таксама падоўжаны да 3 месяцаў тэрмін магчымага часовага пераводу работнікаў у сувязі з вытворчай неабходнасцю, з-за неспрыяльнага ўздзеяння эпідэміялагічнай сітуацыі, а таксама для замяшчэння адсутнага работніка.

    Прадугледжана выплата дапамогі па часовай непрацаздольнасці асобам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 10 гадоў, якое наведвае дашкольную або ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, калі гэта дзіця адносіцца да кантактаў першага або другога ўзроўню.

    У мэтах спрашчэння працэдур закупак заказчыкам дадзена права на дзяржзакупкі з адной крыніцы (у аб'ёме, неабходным для забеспячэння патрэбнасці на працягу 2 месяцаў) у выпадку, калі дагавор з ранейшым пастаўшчыком скасаваны.

    Пры гэтым пастаўшчыкі, якiя не выканалi свае абавязацельствы і вымушаны скасаваць дагавор па аб'ектыўных прычынах, часова не будуць уключацца ў спіс нядобрасумленных пастаўшчыкоў.

    Для таго каб Урад мог аператыўна і гібка рэагаваць на пагаршэнне эпідэміялагічнай сітуацыі, яму дадзена права на прыняцце спецыяльнага часовага парадку ажыццяўлення дзяржаўных закупак, калі гэта спатрэбіцца.

    Вызначана, што завінавачанасць за энергарэсурсы ў замежнай валюце пагашаецца па курсе рубля, устаноўленым Нацыянальным банкам на 31 снежня 2019 года да замежнай валюты, якая выкарыстоўваецца для разлікаў за энергарэсурсы.

    Прадугледжваецца распаўсюджванне нормы аб падставах субсідыярнай адказнасці, устаноўленай у падпункце 5.6 пункта 5 Дэкрэта № 7 ад 23 лістапада 2017 года "Аб развіцці прадпрымальніцтва", на адносіны, што ўзніклі да прыняцця Дэкрэта.

    Указам прадугледжваюцца і іншыя нормы і палажэнні, якія дадуць магчымасць падтрымаць работу суб'ектаў гаспадарання і захаваць працоўныя калектывы ва ўмовах запаволення эканамічнай актыўнасці.