Інтэрв'ю турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву "Анадолу"

    Інтэрв'ю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву "Анадолу"

    8 красавіка 2019 г.

    Беларусь праводзіць збалансаваную знешнюю палітыку і выступае катэгарычным праціўнікам узнікнення і эскалацыі лакальных канфліктаў у свеце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву "Анадолу".

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што канфлікты ў свеце ўспыхваюць у розных кропках: "Сёння створана напружанне зусім побач ля нашых граніц - ва Украіне. У Венесуэле вы ведаеце, што адбываецца (дай бог, каб гэта не перарасло ў нейкі міжнародны канфлікт і сутыкненне). Вы бачыце, што адбываецца ў Лівіі, і гэта толькі пачатак. Вы бачыце і адчуваеце ўжо як грамадзянін Турцыі, што адбываецца побач з вамі - у Сірыі, Іраку, курдская праблема для вас вельмі важная".

    Прэзідэнт упэўнены, што калі такія канфлікты ўзнікаюць, значыць, яны некаму патрэбны. "Мой тэзіс пацвярджае тое, што гэтыя канфлікты ўзнікаюць у краінах з багатымі прыроднымі рэсурсамі, якія займаюць важнейшае геапалітычнае становішча на карце свету, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Значыць, некаму патрэбны гэтыя рэсурсы, нехта хоча ўплываць на тыя дзяржавы, якія займаюць гэта геаграфічна і стратэгічна важнае становішча".

    "Нам, беларусам, гэта трэба? Не! Нават калі мы вельмі зацікаўлены як дзяржава ў прыродных выкапнях, рэсурсах, таму што мы не з'яўляемся глабальным іграком і не маем імперскай псіхалогіі, каб сілай уплываць на тую ці іншую дзяржаву і атрымаць гэтыя рэсурсы", - адзначыў Прэзідэнт.

    Ён зрабіў вывад, што "ўсё гарыць ад галоўных сусветных ігракоў". "Што гэта за ігракі, - вы іх добра ведаеце. Адны сябе паводзяць агрэсіўна, іншыя займаюцца рыторыкай (вельмі шмат крычаць, але тым не менш падліваюць масла ў агонь), трэція маўкліва стараюцца ўплываць на сітуацыю ў свеце. Але кожны з гэтых гіганцкіх ігракоў мае пэўную мэту. Перш за ўсё гэту - раздзяляй і ўладар", - сказаў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што як Беларусь, так і Турцыя не зацікаўлены ва ўзнікненні ачагоў канфлікту, асабліва на фоне сітуацыі ў суседняй Сірыі. "Таму ні Турцыі, а тым больш Беларусі, такія канфлікты - лакальныя ці больш вялікія - абсалютна не патрэбны. Мы тут нічога не выйграем", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Ён нагадаў, што гістарычна многія войны праходзілі праз беларускія землі і страты ад гэтага былі не толькі матэрыяльныя, гінулі мільёны людзей. "У нас менталітэт іншы. Ні з практычнага пункту гледжання, ні з маральнага, ні з генетычнага нам гэтыя канфлікты не патрэбны. Мы праводзім збалансаваную шматвектарную палітыку. Нам трэба, каб быў мір і на захадзе, і на ўсходзе. Мы ад гэтага толькі выйграем, займаючы няхай нават складанае геаграфічнае становішча ў свеце, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Таму мы займаем тут прынцыповую пазіцыю. Сёння гэты пажар за некалькі кіламетраў ад цябе, а заўтра ён перакінецца на тваю тэрыторыю, і тады ўжо будзе горача".

    У час інтэрв'ю абмяркоўвалася пазіцыя Беларусі адносна канфлікту ва Украіне. Прэзідэнт даў сваю ацэнку перагаворам, якія доўжацца ўжо некалькі гадоў, і расказаў аб перспектывах далейшага ўдзелу Беларусі ва ўрэгуляванні канфлікту.

    Беларусь гатова ўзмацніць сваю ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, калі будуць дасягнуты адпаведныя дамоўленасці паміж лідарамі Расіі і Украіны. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок робіць усё магчымае, каб унесці свой уклад ва ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне, дзе да гэтага часу гінуць не чужыя для беларусаў людзі.

    "Можа, і не трэба было з майго боку, але бачачы, як вялацякуча ідзе гэты працэс, нікуды не варты працэс, як не выконваюцца Мінскія дамоўленасці, якія былі дасягнуты, я шчыра выказаўся: калі дамовяцца два прэзідэнты - Расіі і Украіны, Пуцін і Парашэнка - і будуць бачыць узмацненне ролі Беларусі там (таму што мы родныя, мы тры сястры: Расія, Беларусь і Украіна), то мы гатовы выканаць гэту ролю. Але навязвацца ў міратворцы, навязвацца ў пасрэднікі - мы ніколі на гэта не пойдзем. Нам гэта не тое што не патрэбна, нам гэта не да твару", - заявіў Прэзідэнт.

    "Мы ж ведаем, як толькі я пачынаю нешта гаварыць пра Украіну, аб мяне пачынаюць ногі выціраць то ў Расіі, то ва Украіне. Камусьці нешта не падабаецца. Таму і сказаў: вы, спадары, дамаўляйцеся, убачыце нас у гэтай дамоўленасці - мы пастараемся выканаць тую ролю, якая будзе нам адведзена. Мэта адна - мір і стабільнасць у раёне Данбаса і Луганска і на ўсёй Украіне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, канфлікт ва Украіне да гэтага часу аказвае небяспечны ўплыў на Беларусь. "Вельмі шмат людзей, якія перамяшчаюцца цераз граніцу са зброяй, некаторыя беларусы паехалі і паваявалі там, панюхалі крыві - гэта таксама вельмі небяспечная тэндэнцыя, - растлумачыў ён. - Што там гаварыць: краіна размешчана побач з намі, таму, хачу я гэтага ці не, хоча беларускі народ гэтага ці не, я і беларускі народ уцягнуты ў гэты канфлікт".

    "Мы ўсё рабілі і робім для таго, каб там быў мір, таму што гінуць старыя, жанчыны, дзеці - тыя, хто не паспеў збегчы адтуль і там застаўся (а можа, і збегчы няма куды), - яны перш за ўсё гінуць. І гэта не чужыя нам людзі. Вайна ідзе літаральна за нашай агароджай. Таму я згадзіўся на гэту трохбаковую кантактную групу, і мы цяпер усяляк стараемся падтрымліваць гэту работу і забяспечваць функцыянаванне. Нядаўна я сустракаўся з кіраўніком гэтай групы, спецпрадстаўніком АБСЕ Сайдзікам. Ён мне адкрыта сказаў: не маем ніякіх праблем, толькі дзякуем за гэту работу", - адзначыў Прэзідэнт.

    У час інтэрв'ю субяседнікі не змаглі абмінуць і гучныя палітычныя падзеі, якія цяпер хвалююць Украіну, - прэзідэнцкія выбары.

    "Ніхто там нічога не выйграў. Пасля першага тура лідзіруе Зяленскі, Парашэнка ад яго адстае. Як скончыцца другі тур, ніхто не адважыцца прадказаць. Я ўсё ж такі схільны думаць, што гэтыя прэзідэнцкія выбары выйграе Парашэнка", - заявіў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не будзе займацца аналітыкай і параўноўваць двух кандыдатаў. "Аднаго я вельмі добра ведаю. Другога я бачыў толькі ў кіно, я яго як палітыка не ведаю. Але я вам скажу ад жыцця: у нас з Парашэнкам быў некалі агульны сябар - гэта Міхаіл Саакашвілі. Калі Саакашвілі праводзіў выбары, з'яўляючыся прэзідэнтам (Грузіі. - Заўвага), канстытуцыю памяняў, яшчэ нешта - пачалі з народам займацца жартамі. Гэта прывяло да таго, што яму давялося пакінуць Грузію і хавацца ў іншых краінах. Каб Парашэнку не давялося залазіць на дах і з даху заклікаць украінцаў абараніць яго, ён зробіць усё для таго, каб украінцы яго падтрымалі. Ён павінен зрабіць усё для таго, каб народ падтрымаў яго", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Было адзначана, што цяпер ва Украіне распаўсюджана меркаванне аб тым, што галасаваць фактычна няма за каго, а галасаванне за Уладзіміра Зяленскага многімі ацэньваецца як  пратэстнае. Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваім меркаваннем, што рабіць людзям у такой сітуацыі. "Няхай мне выбачаюць украінцы, але хачу ім сказаць: калі няма за каго галасаваць, то і галасаваць не трэба. Навошта галасаваць за чалавека, у якім ты не ўпэўнены, украінцы ж такі цяжкі палітычны шлях прайшлі за апошнія гады. Яны ўжо наеліся незразумелых абяцанняў. Яны, ужо шмат разоў рызыкуючы, верылі палітыкам і іх падтрымлівалі. І ўвесь час атрымлівалася наадварот. Апошнія гады вопыт украінскага народа - сведчанне таго, што нельга рызыкаваць. Калі ўжо не атрымліваецца, калі няма за каго галасаваць - значыць, паўторныя выбары. Мне здаецца, гэта лепш, чым чарговы раз рызыкнуць, прагаласаваць, а потым горка каяцца дзесяць ці больш гадоў", - лічыць ён.

    Прэзідэнт Беларусі таксама выказаўся наконт крытыкі з боку Захаду. "Захаду не падабаюцца многія тэндэнцыі, якія адбываліся і ў меншай ступені адбываюцца цяпер. Але гэта наша беларуская адметнасць. Мы ўпершыню ў гісторыі ствараем сваю незалежную, суверэнную дзяржаву, прытым ствараем на асколках разбуранай імперыі. І ўсё гэта не так проста, у нас не было гэтага вопыту. Але цераз перашкоды, цераз завалы, пераадольваючы іх, мы стварылі сваю дзяржаву", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    "Дрэнна ішлі, добра ішлі, цяжка нам было, лёгка, але мы стварылі гэту дзяржаву, і сёння Захад успрымае нас як дзяржаву. Захад адмяніў санкцыі супраць нас - значыць, ускосна яны прызналі, што не ва ўсім мелі рацыю. Таму мы спакойна ставімся да аб'ектыўнай крытыкі. Мы добрыя вучні, умеем вучыцца. У Захаду ёсць шмат добрага, чаму можна навучыцца", - адзначыў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы дадаў, што Беларусь таксама вучыцца ў сваіх усходніх суседзяў - Расіі і Кітая. "З Расіяй мы жылі ў адной дзяржаве, мы славянскія народы. Вельмі многае з таго, што адбываецца ў Расіі, нам зразумела. І калі не падабаецца - мы з яе памылак робім высновы, калі падабаецца - успрымаем гэта, - звярнуў ён увагу. - Тое ж самае і з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Я, яшчэ калі не быў Прэзідэнтам, першы раз паехаў у Кітай, калі яны стваралі свабодныя эканамічныя зоны і прыцягвалі інвестараў. Я вельмі шмат чаму там навучыўся. І рады, што, калі стаў Прэзідэнтам, угадаў, сарыентаваўшыся на Кітай. Цяпер Кітай нас падтрымлівае, і мы сёе-тое бяром з іх вопыту і асвойваем у Беларусі".

    На думку Аляксандра Лукашэнкі, крытыка з боку Захаду гучыць у адрас многіх краін, у тым ліку і Турцыі. "Амерыканцам не падабаецца ваша пазіцыя. Вы закупілі ў Расіі абарончую зброю, якая вам вельмі патрэбна і якую тады нельга было дзесьці купіць танней, - вас за гэта ўжо не крытыкуюць, а спрабуюць збіваць. За любую палітыку незалежнасці Турцыю пачынаюць крытыкаваць, пачынаюць на Турцыю нападаць. Значыць, Турцыя займае правільную пазіцыю з пункту гледжання абароны нацыянальных інтарэсаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    "Як толькі вашы канкурэнты (яны не праціўнікі вам, таму што вы ў адным блоку - НАТА), а можа і сапернікі, пачынаюць вас крытыкаваць, ведайце, што вы робіце правільна. Я зыходжу з такой пазіцыі. Да таго ж я падтрымліваю спадара Эрдагана па многіх пытаннях, калі ён адстойвае суверэнітэт і незалежнасць. Такую ж пазіцыю я займаю ў Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Ён дадаў, што крытыка ніколі не бывае на шкоду, аднак палітыкі яе не любяць. "Але тым не менш вывады з яе трэба рабіць. Мы робім вывады з канструктыўнай крытыкі, няважна, ад каго яна гучыць, - Захад, Усход. Але калі яна неканструктыўная, мы стараемся на яе не звяртаць ніякай увагі. Яны гавораць - мы справу сваю робім, і, як бачыце, праз гады мы аказваемся тымі, хто мае рацыю. Таму і вам раю: рабіце ўсё, што лепш для Турцыі. Вы, дарэчы, гэта ўмееце і робіце правільна", - адзначыў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю агенцтву "Анадолу" расказаў, што плануе ў бліжэйшы час абмеркаваць на перагаворах з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Ён падкрэсліў, што фундаментам любых адносін паміж дзяржавамі з'яўляецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і яго трэба развіваць, калі краіны хочуць мець доўгатэрміновыя і стабільныя адносіны. "Нам трэба гэты фундамент ствараць, трэба яго ўмацоўваць. І пад тое, што ў нас выбудавана, трэба падводзіць цяпер магутны фундамент у выглядзе гандлю, эканамічных адносін, інвестыцый. Мы да гэтага падышлі. І маючы адбыцца візіт у Турцыю будзе ў асноўным прысвечаны гэтаму. Мы будзем гаварыць аб сумесных праектах, аб сумесных інвестыцыях, аб больш інтэнсіўным і збалансаваным гандлі", - расказаў Прэзідэнт.

    "Калі шчыра гаварыць, то палітычныя, дыпламатычныя, гуманітарныя, а апошнім часам і культурныя ўзаемаадносіны нашых дзяржаў значна апярэджваюць гандлёва-эканамічныя. А гандлёва-эканамічныя адносіны, няхай нават мы маем мільярд долараў тавараабароту, - гэта не тыя аб'ёмы. Дарэчы, з вялікім дэфіцытам для Беларусі. Парытэт павінен быць, экспарт-імпарт трэба выраўноўваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Беларусь хоча мець з Турцыяй такія ж цёплыя і дружалюбныя адносіны, як, напрыклад, з Расіяй. "А чаму б і не? У Расіі з вамі цяпер вельмі добрыя адносіны. Чаму ў нас павінны з вамі быць адносіны не тое што горшыя, а ніжэйшыя? Такога быць не павінна. Таму мы з Прэзідэнтам Эрдаганам адназначна падцягнем узровень нашых адносін нават вышэй, чым у вас з Расійскай Федэрацыяй. Мы намацалі за гэтыя гады тыя агульныя інтарэсы, тыя пазіцыі, па якіх сёння трэба працаваць. І мы поўныя рашучасці гэта зрабіць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

    У Беларусі і Турцыі шмат агульных інтарэсаў, дадаў Кіраўнік дзяржавы: ІТ-сектар, сфера тэхналогій, хімічная і нафтахімічная прамысловасць, вытворчасць аўтамабільнай тэхнікі. "Вы вельмі маеце патрэбу ў нашай тэхніцы - Турцыя велізарная краіна - кормаўборачнай, збожжаўборачнай, машынах вялікай грузападымальнасці амаль да 500 т (мы ствараем такія кар'ерныя самазвалы), аўтамабілях сярэдняй, малой грузападымальнасці, трактарах МТЗ. Усё гэта вам цікава. І мы прыйшлі ўжо ў Турцыю, ствараем там свае прадстаўніцтвы, гандлёвыя дамы, сэрвісныя цэнтры. Нават у сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, нягледзячы на тое што вы краіна НАТА, а мы належым да іншага ваенна-палітычнага блока - АДКБ, мы знайшлі з вамі агульныя пункты і супрацоўнічаем", - заўважыў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў цёплыя, дружалюбныя адносіны з турэцкім лідарам. "Мы называем адзін аднаго братам, гэта была ініцыятыва Рэджэпа Эрдагана. Я яго называю сваім сябрам. Па-рознаму. Але заўсёды, як блізкія, можна нават сказаць, як родныя людзі. Пасля пэўных падзей, якія перажыла Турцыя (я не буду іх цяпер называць) і ў якія я міжвольна быў уцягнуты больш за ўсё з падачы свайго сябра Рэджэпа Таіпа Эрдагана, мы сталі яшчэ бліжэй", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

    "Мы разумеем адзін аднаго, падтрымліваем адзін аднаго на ўсіх міжнародных пляцоўках, будуем вельмі добрыя адносіны паміж магутнай, багатай Турцыяй і вельмі важнай тут на поўначы краінай Беларуссю. У нас няма ніякіх закрытых тэм для супрацоўніцтва, і ў сувязі з гэтым нашы адносіны вельмі блізкія і вельмі дружалюбныя", - падкрэсліў беларускі лідар.

    "Мы праводзім палітыку міжканфесійнага міру, і гэтым славіцца Беларусь. Гэта наш брэнд - мір, стабільнасць, адсутнасць нацыянальнай, міжканфесійнай варожасці. І гэтай палітыкі мы будзем прытрымлівацца пастаянна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт адзначыў, што адкрытая нядаўна ў Мінску мячэць таксама з'яўляецца фактарам такой згоды. Улічваючы вялікую колькасць паслядоўнікаў гэтай рэлігіі, было прынята рашэнне пабудаваць у Мінску мячэць. У яе адкрыцці прымаў удзел і Прэзідэнт Турцыі.

    "Мячэць, якую мы пабудавалі, - фактар згоды, у канчатковым выніку, міру ў нашым грамадстве. Я прыхільнік гэтага. Таму перакананы: атрымаўшы свой дом тут, як праваслаўныя, католікі, іўдзеі і многія іншыя, галоўны дом - мячэць, мусульмане ўдзячны Беларусі, удзячны Рэджэпу Таіпу Эрдагану, які і свае сродкі інвесціраваў у гэту мячэць. Мы дапамагалі будаваць мячэць", - сказаў Прэзідэнт.

    "У нас жыве, па-мойму, больш за 30 тыс. мусульман, якія ніколі нідзе на тэрыторыі Беларусі не стваралі ніякіх праблем", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.