Памер шрыфту:
A
A
A
Колер сайта:
К
К
К
Настройкі
Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
8 красавіка 2019 года

Інтэрв'ю турэцкаму інфармагенцтву "Анадолу"

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 красавіка даў інтэрв'ю буйнейшаму інфармацыйнаму агенцтву Турцыі "Анадолу".

Аляксандру Лукашэнку было зададзена каля дзесяці пытанняў. У Прэзідэнта пацікавіліся меркаваннем адносна нарастання напружанасці ў рэгіёне і свеце ў цэлым і ў сувязі з гэтым асаблівасцямі знешняй палітыкі Беларусі, яе ўкладам ва ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне. Кіраўнік дзяржавы расказаў аб падыходах Беларусі ў міжнародных адносінах, даў ацэнку ходу прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне.

Была закранута праблематыка беларуска-турэцкіх адносін. Аляксандр Лукашэнка прыадкрыў падрабязнасці маючага адбыцца візіту ў Турцыю, ацаніў перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва і расказаў аб асабістых адносінах з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.

Прэзідэнт заявіў, што Беларусь праводзіць збалансаваную знешнюю палітыку і выступае катэгарычным праціўнікам узнікнення і эскалацыі лакальных канфліктаў у свеце.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што канфлікты ў свеце ўспыхваюць у розных кропках: "Сёння створана напружанне зусім побач ля нашых граніц - ва Украіне. У Венесуэле вы ведаеце, што адбываецца (дай бог, каб гэта не перарасло ў нейкі міжнародны канфлікт і сутыкненне). Вы бачыце, што адбываецца ў Лівіі, і гэта толькі пачатак. Вы бачыце і адчуваеце ўжо як грамадзянін Турцыі, што адбываецца побач з вамі - у Сірыі, Іраку, курдская праблема для вас вельмі важная".

Прэзідэнт упэўнены, што калі такія канфлікты ўзнікаюць, значыць, яны некаму патрэбны. "Мой тэзіс пацвярджае тое, што гэтыя канфлікты ўзнікаюць у краінах з багатымі прыроднымі рэсурсамі, якія займаюць важнейшае геапалітычнае становішча на карце свету, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Значыць, некаму патрэбны гэтыя рэсурсы, нехта хоча ўплываць на тыя дзяржавы, якія займаюць гэта геаграфічна і стратэгічна важнае становішча".

"Нам, беларусам, гэта трэба? Не! Нават калі мы вельмі зацікаўлены як дзяржава ў прыродных выкапнях, рэсурсах, таму што мы не з'яўляемся глабальным іграком і не маем імперскай псіхалогіі, каб сілай уплываць на тую ці іншую дзяржаву і атрымаць гэтыя рэсурсы", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён зрабіў вывад, што "ўсё гарыць ад галоўных сусветных ігракоў". "Што гэта за ігракі, - вы іх добра ведаеце. Адны сябе паводзяць агрэсіўна, іншыя займаюцца рыторыкай (вельмі шмат крычаць, але тым не менш падліваюць масла ў агонь), трэція маўкліва стараюцца ўплываць на сітуацыю ў свеце. Але кожны з гэтых гіганцкіх ігракоў мае пэўную мэту. Перш за ўсё гэту - раздзяляй і ўладар", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што як Беларусь, так і Турцыя не зацікаўлены ва ўзнікненні ачагоў канфлікту, асабліва на фоне сітуацыі ў суседняй Сірыі. "Таму ні Турцыі, а тым больш Беларусі, такія канфлікты - лакальныя ці больш вялікія - абсалютна не патрэбны. Мы тут нічога не выйграем", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што гістарычна многія войны праходзілі праз беларускія землі і страты ад гэтага былі не толькі матэрыяльныя, гінулі мільёны людзей. "У нас менталітэт іншы. Ні з практычнага пункту гледжання, ні з маральнага, ні з генетычнага нам гэтыя канфлікты не патрэбны. Мы праводзім збалансаваную шматвектарную палітыку. Нам трэба, каб быў мір і на захадзе, і на ўсходзе. Мы ад гэтага толькі выйграем, займаючы няхай нават складанае геаграфічнае становішча ў свеце, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Таму мы займаем тут прынцыповую пазіцыю. Сёння гэты пажар за некалькі кіламетраў ад цябе, а заўтра ён перакінецца на тваю тэрыторыю, і тады ўжо будзе горача".

У час інтэрв'ю абмяркоўвалася пазіцыя Беларусі адносна канфлікту ва Украіне. Прэзідэнт даў сваю ацэнку перагаворам, якія доўжацца ўжо некалькі гадоў, і расказаў аб перспектывах далейшага ўдзелу Беларусі ва ўрэгуляванні канфлікту.

Субяседнікі не змаглі абмінуць і гучныя палітычныя падзеі, якія цяпер хвалююць Украіну, - прэзідэнцкія выбары. У час "Вялікай размовы з Прэзідэнтам" 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на выбарах пераможа цяпер дзеючы кіраўнік дзяржавы Пётр Парашэнка. Пасля першага тура выбараў многія, у тым ліку журналісты, цікавяцца: ці прытрымліваецца да гэтага часу Аляксандр Лукашэнка свайго пункту гледжання.

"Ніхто там нічога не выйграў. Пасля першага тура лідзіруе Зяленскі, Парашэнка ад яго адстае. Як скончыцца другі тур, ніхто не адважыцца прадказаць. Я ўсё ж такі схільны думаць, што гэтыя прэзідэнцкія выбары выйграе Парашэнка", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не будзе займацца аналітыкай і параўноўваць двух кандыдатаў. "Аднаго я вельмі добра ведаю. Другога я бачыў толькі ў кіно, я яго як палітыка не ведаю. Але я вам скажу ад жыцця: у нас з Парашэнкам быў некалі агульны сябар - гэта Міхаіл Саакашвілі. Калі Саакашвілі праводзіў выбары, з'яўляючыся прэзідэнтам (Грузіі. - Заўвага), канстытуцыю памяняў, яшчэ нешта - пачалі з народам займацца жартамі. Гэта прывяло да таго, што яму давялося пакінуць Грузію і хавацца ў іншых краінах. Каб Парашэнку не давялося залазіць на дах і з даху заклікаць украінцаў абараніць яго, ён зробіць усё для таго, каб украінцы яго падтрымалі. Ён павінен зрабіць усё для таго, каб народ падтрымаў яго", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Было адзначана, што цяпер ва Украіне распаўсюджана меркаванне аб тым, што галасаваць фактычна няма за каго, а галасаванне за Уладзіміра Зяленскага многімі ацэньваецца як  пратэстнае. Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваім меркаваннем, што рабіць людзям у такой сітуацыі. "Няхай мне выбачаюць украінцы, але хачу ім сказаць: калі няма за каго галасаваць, то і галасаваць не трэба. Навошта галасаваць за чалавека, у якім ты не ўпэўнены, украінцы ж такі цяжкі палітычны шлях прайшлі за апошнія гады. Яны ўжо наеліся незразумелых абяцанняў. Яны, ужо шмат разоў рызыкуючы, верылі палітыкам і іх падтрымлівалі. І ўвесь час атрымлівалася наадварот. Апошнія гады вопыт украінскага народа - сведчанне таго, што нельга рызыкаваць. Калі ўжо не атрымліваецца, калі няма за каго галасаваць - значыць, паўторныя выбары. Мне здаецца, гэта лепш, чым чарговы раз рызыкнуць, прагаласаваць, а потым горка каяцца дзесяць ці больш гадоў", - лічыць ён.

Тэгі:
Чытайце таксама:
Прэзідэнт Падзеі Дакументы Дзяржава Беларусь
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Настройкі шрыфту
Шрыфт:
Trebuchet MS
Georgia
Iнтэрвал памiж лiтарамі:
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема:
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Цёмна-сінім
па блакітным
Карычневым
па бэжавым
Вярнуць стандартныя настройкі
Закрыць