Даклад Старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 лютага прыняў з дакладам Старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча.

Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб выніках работы ведамства ў мінулым годзе і выніках праведзенай у ім аптымізацыі. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як цяпер будуецца работа Следчага камітэта і ці існуюць у дзейнасці ведамства недахопы. Іх, падкрэсліў ён, трэба ўстараняць.

"Я вельмі ўважліва сачу за работай Следчага камітэта. Зразумела, перажываю, таму што мы ў свой час пайшлі на вельмі рашучыя крокі, мадэрнізуючы і фактычна рэфармуючы нашы праваахоўныя органы. Следства выведзена з усіх ведамстваў і займае асобнае, лідзіруючае месца, таму што вы на фінішы, вы выдаяце вынік", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што па шляху рэформ следчых органаў пайшлі многія краіны, у тым ліку Расія, Казахстан і Украіна. Аднак дабіцца паказальных вынікаў ім не ўдалося. "Але мы цвёрда прынялі рашэнне і рухаемся гэтым курсам: следства павінна быць незалежным, калі мы хочам пэўных і эфектыўных вынікаў, - перакананы Кіраўнік дзяржавы. - Я разгледзеў ваш зварот наконт Інстытута павышэння кваліфікацыі. Я не прымаў рашэнне. Як звычайна, я хачу пачуць альтэрнатыву, калі яна ёсць. Па выніках будзе прынята рашэнне. Калі будзе альтэрнатыва, зразумела, мы яе з вамі абмяркуем".

Іван Наскевіч таксама далажыў Прэзідэнту аб ходзе расследавання найбольш рэзанансных крымінальных спраў, у тым ліку карупцыйных злачынстваў, здарэння ў Стоўбцах і даўняга забойства бізнесмена ў Мінскай вобласці. "Ведаю, што ў вас нават быццам з'явіліся добрыя вынікі па тым забойстве пад Беразіно, якое проста, здавалася б тады, немагчыма расследаваць, і там вынікаў быць не павінна. Аказваецца, ёсць нейкія зрухі. Хацеў бы гэта пачуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы перасцярог ад раскрыцця крымінальных спраў шляхам прыцягнення да адказнасці невінаватых людзей. "Апошнім часам, асабліва ў сувязі з гэтымі ўрачамі і тымі нягоднікамі, якія кармілі ў школах і абабіралі дзяцей, такія хвалі ў грамадстве: "вось, напэўна, не трэба было б саджаць урачоў". Усе перад законам роўныя, але пры гэтым трэба мець на ўвазе адно: ні Гасподзь, ні людзі нам не даруюць, калі мы пакараем невінаватага. Калі мы не можам даказаць, лепш не чапаць гэтага чалавека. Калі ён нягоднік - ён усё роўна пападзе, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму ні ў якім разе нельга пакрыўдзіць невінаватага чалавека".

Ён адзначыў, што ў былыя часы, асабліва ў савецкія гады, міліцыя працавала па прынцыпе - толькі б раскрыць злачынства. "Ды няхай яно будзе лепш нераскрытым, чым мы яго раскрыем і павесім віну на чалавека невінаватага. Вось гэта павінны ўсе людзі разумець. І дзе б вы ў калектывах ні бывалі, вы павінны аб гэтым гаварыць. Але калі мы цвёрда ўпэўнены, што ён учыніў злачынства, мала не падасца. Асабліва чыноўнік, чалавек у пагонах (гэта адно і тое ж фактычна) - ім трэба памнажаць на два", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў Іван Наскевіч, Следчы камітэт у мінулым годзе сканцэнтраваў усе свае намаганні ў першую чаргу на аб'ектыўным і ўсебаковым расследаванні крымінальных спраў, недапушчэнні прыцягнення да адказнасці невінаватых асоб. "Я магу з усёй упэўненасцю сказаць, што пэўных поспехаў у гэтым дабіліся", - заявіў ён.