Даклад Старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 мая прыняў з дакладам Старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як праходзяць у ведамстве працэсы аптымізацыі, і падкрэсліў, што яны ні ў якім разе не павінны паўплываць на якасць следства, яго незалежны, сумленны і прынцыповы характар. "Я хачу мець аб'ектыўную інфармацыю: што не атрымліваецца, можа, патрэбна якая-небудзь падтрымка?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў сувязі з гэтым было б не лішнім вывучыць меркаванне калег са следчых органаў іншых краін, з якімі актыўна супрацоўнічае беларускае ведамства, аб іх ацэнцы праведзеных змяненняў і рэфармавання ў праваахоўных органах Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць падтрымання адносін са Следчым камітэтам Расіі і яго кіраўніком Аляксандрам Бастрыкіным. "У вас устанавіліся, як я разумею, нядрэнныя кантакты ў тым ліку з Федэральным бюро расследаванняў Злучаных Штатаў Амерыкі. З імі трэба падтрымліваць адносіны", - сказаў Прэзідэнт.

Беларускім следчым таксама важна супрацоўніцтва з Інтэрпалам - міжнароднай арганізацыяй, якая адыгрывае важную ролю, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў Івану Наскевічу асабіста разабрацца з непрыемнай сітуацыяй, што адбылася з Леанідам Пянькоўскім, які нядаўна ўзначаліў Аршанскі райвыканкама. Яна звязана з дзеяннямі аператыўных службаў адносна службовай асобы. "Хто даў права да чалавека, узгодненага да назначэння Прэзідэнтам, урывацца ў дом. Для таго, каб праваахоўным органам нават весці нейкія расследаванні па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестр Прэзідэнта, патрэбна згода Прэзідэнта. Уварваліся, пачалі нешта ўдакладняць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Новы чалавек прыйшоў працаваць. Кляймо на ім паставілі. Нядобры сігнал".

"Матэрыялы ўжо ёсць. Разбярыцеся. Мне патрэбна мужчынская, сапраўдная ацэнка гэтай сітуацыі", - дадаў ён.

Кіраўнік Следчага камітэта далажыў Прэзідэнту аб рабоце ведамства, якая мае планавы характар. За першы квартал 2017 года следчымі разгледжана амаль 28 тыс. заяў і паведамленняў аб злачынствах. Гэты паказчык ніжэйшы, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Іван Наскевіч таксама праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб расследаванні найбольш важных крымінальных спраў, якія знаходзяцца на кантролі ў Прэзідэнта.