Даклад Старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Сянько

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў 2 красавіка з дакладам Старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Сянько.

"Граніца - гэта вялікі паказчык і лакмусавая паперка функцыянавання эканомікі. Таму літаральна некалькі слоў. Я інфармаваны аб перамяшчэннях велікагрузных аўтамабіляў, аб перамяшчэннях праз граніцу ў той і адваротны бок і грамадзян Беларусі, і іншых грамадзян. Вашы ацэнкі, што адбываецца з пункту гледжання мытніка з эканомікай, перш за ўсё Беларусі", - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што стан спраў у беларускай эканоміцы - гэта важнейшае для яго пытанне, паколькі "вірусы прыходзяць і адыходзяць, а жыццё будзе прадаўжацца". "І вось якім будзе гэта жыццё, шмат у чым залежыць ад таго, як мы працуем сёння. Таму эканоміка для мяне - пытанне нумар адзін. Усё больш гэтым займаюся цяпер", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Таксама Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як складваецца абстаноўка ў калектыве мытнага камітэта, ці ёсць сярод супрацоўнікаў інфіцыраваныя каранавірусам. "Усё ж такі вы кантактуеце з іншаземцамі, якія часам падкідваюць нам розныя вірусы", - растлумачыў ён.

Як расказаў Юрый Сянько, за студзень-сакавік транзіт тавараў праз беларускую граніцу нават павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам у мінулым годзе. "Каля 8-9% рост імпарту і транзіту на тэрыторыю Расіі і далей. Гэта значыць, ідзём у плюс з пункту гледжання колькасці машын, якія транзітуюць па тэрыторыі нашай краіны", - адзначыў Старшыня камітэта.

Ён расказаў, што цяпер на мытні ў першарадным парадку афармляюць грузы са скорапсавальнымі прадуктамі харчавання і таварамі першай неабходнасці. "Такая тэхнічная магчымасць у нас ёсць", - дадаў Юрый Сянько.

"І расіянам вы ж таксама дапамагаеце? - удакладніў Прэзідэнт. - Калі патрэбна, можна па-за чаргой".

"Гэта таксама можна зрабіць", - адказаў кіраўнік ведамства.