Даклад Старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Сянько

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 ліпеня прыняў з дакладам Cтаршыню Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Сянько. У ліку пытанняў, што абмяркоўваліся, былі пытанні напаўнення бюджэту і садзейнічання знешняму гандлю, праваахоўнай дзейнасці і аптымізацыі структуры мытных органаў.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як ідуць справы з напаўняльнасцю рэспубліканскага бюджэту за кошт плацяжоў, кантралюемых ДМК. "Што мы, груба кажучы, маем ад мытнага камітэта, і асабліва ў дынаміцы. За мінулы, гэты год. Наколькі я інфармаваны, у нас істотны рост паступлення даходаў у рэспубліканскі бюджэт. Гэта галоўнае пытанне", - адзначыў беларускі лідар.

"Другое пытанне - сітуацыя ў органах мытнага кантролю. Якая там у нас абстаноўка? - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. - Вы туды прыйшлі з адной добрай мэтай - навесці парадак. Таму што хапала ў нас там праблем. Вы прафесіянал, спецыяліст, на гэта і разлічваў, што парадак будзе наведзены. Як там з праваахоўнікамі?"

Прэзідэнт пры гэтым канстатаваў, што апошнім часам усё радзей даводзіцца чуць аб праявах карупцыі ў мытных органах. "Хоць я не выключаю, што гэта ў нас яшчэ не выкаранена. Але ўжо таго, што было, напэўна, няма. Хацелася б спадзявацца", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы закрануў і тэму аптымізацыі структуры мытных органаў. "Ці ўдалося нам выйсці на той узровень, які планавалі? Мы нават невялікае скарачэнне планавалі за кошт аб'яднання і аптымізацыі. Хоць, калі шчыра казаць, асабліва ў мытным камітэце скарачаць няма чаго. Гэта працуючы орган, які прыносіць грошы, і мы пастаянна там падціскалі. Дзе трэба было дадаткова ўводзіць колькасць, мы яе не ўводзілі з вамі, арыентуючыся на тое, што ёсць", - адзначыў Прэзідэнт.

На сустрэчы таксама была закранута тэма процідзеяння ўвозу санкцыйнай прадукцыі на тэрыторыю Расіі. "Галаўны боль для нас. Робім шалёную работу ў інтарэсах Расіі. А як тут мытнікі кажуць і іншыя, там жа ідзе бойка пастаянна, - нехта заказвае нейкія матэрыялы (у СМІ). Яны пачынаюць нам выстаўляць прэтэнзіі. Замест удзячнасці пачынаюць часам ківаць на нас, што мы тут дрэнна працуем з санкцыйнымі таварамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Ці вырашана гэта пытанне? І калі гэта не так, нам трэба смялей аб гэтым гаварыць. Таму што, паводле інфармацыі спецслужбаў, запраўляюць усімі негатыўнымі працэсамі, звязанымі з "санкцыёнкай" і іншымі пытаннямі, фірмы і кампаніі Расійскай Федэрацыі, часам буйныя, за якімі стаяць буйныя дзялкі з цяжкімі пагонамі. Гэта таксама трэба гаварыць, не саромецца. Не мытнікам расійскім гаварыць, а інфармаваць Урад і Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, каб яны там разбіраліся са сваімі. Я Пуціну часта аб гэтым гавару. Але факты трэба выкладаць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.