Даклад Старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэя Шведа

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 сакавіка прыняў з дакладам Старшыню Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэя Шведа.

"Гатовы выслухаць Ваш даклад па ўдасканаленні сістэмы судова-медыцынскай экспертызы. Мяне цікавіць той узровень, на які мы выйшлі, асабліва ў параўнанні з Расіяй і іншымі дзяржавамі. Як узаемадзеянне ў гэтым плане з міжнароднымі экспертнымі групамі, крыміналістамі?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз ствараўся фактычна з нуля. Да яго ўтварэння ў краіне не была наладжана сістэмная работа па многіх відах даследаванняў, не хапала і неабходных прыбораў. "Мы паставілі перад сабой задачу выйсці на больш высокі ўзровень у экспертнай дзейнасці па ўсіх напрамках, па ўсіх відах злачынстваў. Ці ўдалося нам гэту сістэму стварыць, ці здольна яна незалежна, як цяпер, існаваць? Таму што прапаноў шмат: зноў яе падпарадкаваць, перападпарадкаваць. Я не схільны да гэтага, але павінен быць прагрэс. Калі ёсць эфектыўнасць, тады не трэба ламаць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Андрэй Швед адзначыў, што з моманту ўтварэння ДКСЭ прайшло сем гадоў. Паводле яго слоў, беларуская сістэма судовых экспертыз унікальная і незалежная, самая лепшая на постсавецкай прасторы. "Кожны год мы развіваемся, нешта ўдасканальваем", - дадаў ён.