Даклад па пытанні будаўніцтва Нацыянальнага выставачнага цэнтра

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да 2021 года пабудаваць у краіне Нацыянальны выставачны цэнтр. Аб гэтым ён заявіў 14 мая, заслухоўваючы даклад па пытанні будаўніцтва такога цэнтра.

Прэзідэнт падкрэсліў, што арганізацыя выставачнай дзейнасці з'яўляецца вельмі сур'ёзным і прынцыповым пытаннем для Беларусі, і краіне патрэбны Нацыянальны выставачны цэнтр. "Такі выставачны цэнтр у любой краіне патрэбны. У сучасным свеце немагчыма без арганізацыі выставак і падобных мерапрыемстваў весці перш за ўсё гандаль. Ну а для экспартна арыентаванай краіны наогул немагчыма развіццё. Мы даўно гаварылі на гэту тэму, мною была пастаўлена задача аб прапрацоўцы пытанняў развіцця выставачнай дзейнасці і будаўніцтва нацыянальнага цэнтра, які адпавядаў бы ўсім патрабаванням сучаснасці. Але пытанне неапраўдана зацягнулася. Давайце вызначацца і зробім так, каб ужо ў 2021 годзе мы мелі такі цэнтр", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што выставачная дзейнасць павінна праводзіцца актыўна і абавязкова быць эфектыўнай. У сувязі з гэтым ён даручыў падумаць над пытаннем аб стварэнні адзінай сістэмы і адзінага цэнтра выставачнай дзейнасці. "Прымаюцца ўсе прапановы. Рашэнне трэба прымаць у гэтым паўгоддзі па другім пытанні, ды і па першым трэба вызначацца і пачынаць будаўніцтва гэтага цэнтра", - падкрэсліў беларускі лідар.

Адносна Нацыянальнага выставачнага цэнтра Прэзідэнт агучыў прынцыповае патрабаванне: гэты аб'ект павінен быць функцыянальным, але яго трэба пабудаваць без лішніх трат. "Цэнтр не павінен быць палацавым. Гэта павінен быць функцыянальны цэнтр з усімі будынкамі і памяшканнямі для правядзення такіх мерапрыемстваў. Каб гэты цэнтр быў танным, не трэба нічога мудраваць. Ён, вядома, павінен быць знешне прыгожым, але гэта не значыць, што мы павінны плаціць шалёныя грошы. Таму трэба зрабіць проста і прыгожа, якасна, - сказаў беларускі лідар. - Лішніх трат быць не павінна. Падрыхтуйце праектную прапанову і ўнясіце мне для азнаямлення".

Першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын у пачатку даклада адзначыў, што пытанне аб будаўніцтве Нацыянальнага выставачнага цэнтра абмяркоўваецца ўжо больш за 10 гадоў. Былі розныя прапановы, разглядаліся тыя ці іншыя пляцоўкі і крыніцы фінансавання.

Будаўніцтва выставачнага цэнтра фактычна будзе нацыянальным праектам. Што датычыцца месца яго размяшчэння, то для гэтых мэт узгоднена пляцоўка каля ГЗЦ "Экспабел". Разглядаліся і іншыя пляцоўкі, у тым ліку ў раёне Малінаўкі на скрыжаванні МКАД і Брэсцкай шашы, аднак гэта магло закрануць інтарэсы людзей, якія пражываюць там. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна ўлічваць гэты фактар, у выніку ў якасці аптымальнай пляцоўкі была вызначана менавіта тэрыторыя вакол ГЗЦ "Экспабел". Адпаведна, прадстаўлены папярэдні архітэктурны праект будзе дапрацоўвацца як з улікам даручэнняў Прэзідэнта па эканоміі сродкаў, так і з пункту гледжання яго размяшчэння на ўзгодненай пляцоўцы.

Пастаўлена задача, каб будучы комплекс быў самаакупны. Дзяржава дапаможа пабудаваць цэнтр, а ў далейшым усе расходы будзе на сабе несці эксплуатуючая арганізацыя і самастойна зарабляць сродкі. У цэлым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб асабістай адказнасці кіраўніцтва Урада за пашырэнне экспарту беларускіх тавараў і паслуг.