Даклад Міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 сакавіка прыняў з дакладам Міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева.

"Мы з вамі некалі дамаўляліся, што, увайшоўшы ў курс справы, вы даложыце аб сітуацыі і скажаце, што неабходна. Думаю, вы ўжо, аналізуючы вынікі мінулага года, можаце зрабіць адпаведныя высновы і сказаць, што нам яшчэ трэба зрабіць у органах унутраных спраў, каб міліцыя працавала больш эфектыўна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што недахопаў хапае ва ўсіх органах улады, у тым ліку і міліцыі. "Але без міліцыі нікуды, таму ўчастковы з людзьмі, ды і Міністр сёння не адарваныя ад грамадства. Без міліцыі мы не зможам забяспечыць стабільнасць у нашай дзяржаве", - упэўнены Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, справа нават не ў нейкіх палітычных кампаніях: у краіне іх праводзілі не раз, таму правядуць спакойна і ў гэты раз. "Нам трэба глядзець далей - каб у нас было стабільнае грамадства. Трэба вуха трымаць востра: жадаючых падарваць нас знутры не змяншаецца. На жаль, большасць з тых, хто выказвае такія жаданні, гэта так званыя нашы грамадзяне. Іх нават цяжка грамадзянамі назваць. У іх усё дрэнна, ім у нечым падчапіць бы ўладу і раз'яднаць грамадства, зрабіць горш. Яны выкарыстоўваюць любы момант. Я чытаю іх розныя заявы не толькі ў інтэрнэце, але і ў так званых сродках масавай інфармацыі, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму міліцыі я асабіста адводжу вельмі вялікае месца ў забеспячэнні стабільнасці ў нашым грамадстве".

У час сустрэчы Прэзідэнт расказаў, што збіраўся прыняць з дакладам Юрыя Караева раней, але "гучала, што Міністр унутраных спраў западозраны ў каранавірусе". "Аказваецца, жывы і здаровы, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта не да таго, што тут некаторыя папісваюць ужо: "Прэзідэнт заявіў, што мы перамаглі каранавірус". Ні ў якім разе. Я проста не прыхільнік паддавацца паніцы. І самае галоўнае, каб мы вельмі адказна ставіліся да гэтых рэчаў".

Юрый Караеў растлумачыў, што яго сын прыляцеў з Кітая якраз у той дзень, калі ў краіне аб'явілі аб распаўсюджванні каранавіруса. "Ён вучыцца ў ваенным універсітэце, вывучае кітайскую мову па міжнароднай праграме. І, зразумела, я таксама насцярожыўся. Але нічога, ужо больш за месяц тут. Вярнуцца назад пакуль не можа", - расказаў Міністр.

"Кітайцы малайцы, яны самыя эфектыўныя. Зыходзячы з іх вопыту, мы заўважылі, што асцерагацца трэба людзям са слабым імунітэтам і старым людзям, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вось старым я параіў бы менш перамяшчацца, таму што любы вірус для чалавека з аслабленым імунітэтам небяспечны, тым больш незнаёмы".

Прэзідэнт адзначыў, што не проста так закрануў тэму каранавіруса. Паколькі змагацца з распаўсюджваннем гэтага захворвання дапаможа і міліцыя. "Без міліцыі мы ніяк. Але не трэба нікога хапаць, не трэба нікога напружваць. Проста трэба раіць людзям, асабліва старым, дзесьці дапамагчы, падказаць. Калі некаму патрэбна, хлеба і малака ў магазіне набыць і аднесці. Лепш няхай яны пабудуць дома", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён згадаў аб першым выпадку выяўлення каранавіруса ў Беларусі: інфекцыя была выяўлена ў іранскага студэнта. З часам малады чалавек быў вылечаны. "Дзякуй богу, жывы і здаровы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта зараза заўсёды ў нас вясной, няхай не такая, а іншая. Не разваліўшы ахову здароўя з савецкіх часоў, нам удаецца процістаяць гэтаму. Але ні ў якім разе расслабляцца нельга, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Паніка толькі пагаршае сітуацыю".

На думку Кіраўніка дзяржавы, беларускія медыкі паспяхова процістаяць распаўсюджванню інфекцыі і ў першую чаргу за кошт таго, што своечасова прынялі неабходныя меры. "Мы працуем пры самым малым падазрэнні. Калі чалавек недзе быў, мы яго правяраем і ўсіх, з кім ён быў у кантакце апошнім часам. Гэта тое, што не рабілася ў Італіі. Італія не працавала на першым-другім узроўні. Толькі калі чалавек захварэў, калі цяжкія клінічныя праявы, тады яго пачыналі лячыць. Вядома, адсюль больш смярцей", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы нічога не ўтойваем, каб не было панікі. Але людзей папярэджваем: будзьце акуратнымі. Пры першай жа насцярожанасці адносна сябе застанься дома, не хадзі па вуліцы і не рызыкуй не толькі сабой, але і іншымі. Вось галоўны метад барацьбы з гэтай заразай", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.