Даклад аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2019 года, ацэнцы вынікаў года і пяцігодкі, праектах прагнозу, бюджэту і Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год

  • 1

Пакет прагнозных дакументаў на 2020 год быў вынесены на нараду ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Разглядаліся работа эканомікі за мінулы перыяд 2019 года, ацэнка вынікаў года і пяцігодкі, праекты прагнозу, бюджэту і Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сярод удзельнікаў нарады не толькі распрацоўшчыкі дакументаў, але і тыя, хто даваў па іх заключэнні або мае альтэрнатыўны пункт гледжання.

"Прагноз на бягучы год прымаўся дзеючым складам урада. На мінулагодняй нарадзе я чуў довады, што ён абсалютна вывераны, абгрунтаваны і падлічаны. Таму мае даручэнні, як пісьмовыя, так і агучаныя публічна, вы ўсе ведаеце - усё запланаванае павінна быць рэалізавана", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Настаў момант сур'ёзна звярнуцца да таго, як мы працуем у гэтым годзе. Калі мы вельмі дрэнна выконваем уласныя планы, якія мы самі для сябе прапісваем, паўстае пытанне, навошта нам наогул тады збірацца ў такім фармаце напярэдадні года і разглядаць нейкія планы і прагнозы, калі мы іх не выконваем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Прагноз на бягучы год прымаўся дзеючым складам Урада. На мінулагодняй нарадзе я чуў довады, што ён абсалютна вывераны, абгрунтаваны і падлічаны. Таму мае даручэнні, як пісьмовыя, так і агучаныя публічна, вы ўсе ведаеце - усё запланаванае павінна быць рэалізавана", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Я ведаю, што ў многіх з вас і ў асобных іншых чыноўнікаў у галаве думка: выбары і іншае, як будзе, хто будзе працаваць. Публічна вам адказваю на гэта пытанне: той, хто сёння працуе і выконвае прагнозы, планы, прыносіць краіне карысць, працаваць будзе, зразумела. У мяне няма палітыкі асабліва прыбліжаных, аддаленых", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Або як пішуць у інтэрнэце: "Лукашэнка, транзіт улады, хто будзе ва ўладзе...". Дзяцей пачынаюць перабіраць. Дык вось паслухайце, ніякіх дзяцей не перабірайце. Ніякія дзеці ў мяне не рыхтуюцца ні да якога транзіту ўлады. Працаваць са мной, як і раней, будуць толькі тыя, хто хоча працаваць. І хто ўмее мяне слухаць і выконваць мае даручэнні, каб не было так, як з гэтым здарэннем у Гомелі з гэтай беднай жанчынай - настаўніцай", - заявіў беларускі лідар.

"Калі Румас і Качанава, віцэ-прэм'еры і міністры мяне не чуюць, то вы лепш збірайце партфелі і ідзіце адразу, - дадаў беларускі лідар. - І справа не ў гэтай настаўніцы, а ў тым, што вы не пачулі мяне на лінейцы, калі я адкрываў новую школу ва Уруччы, што ў нас бардак у школе. І гэты парадак трэба наводзіць. Вы што, чакаеце яшчэ, як у Стоўбцах у нас адбылося, калі вучань зарэзаў дваіх? А пачынаецца адсюль - са здзекаў з настаўніцы. І яшчэ на камеру здымаюць і выкладваюць у сетку. І гэта ў чацвёртым класе".

Звяртаючыся да губернатара Гомельскай вобласці Генадзя Салаўя, Прэзідэнт сказаў: "У цябе куля праляцела каля вуха. Таму што ты яшчэ без года тыдзень. А то табе было б, што і ўсім астатнім".

"Паехалі, учынілі разборкі, сабралі знізу даверху начальнікаў. Апісаліся, што ў іх, бачыце, у сацыяльных сетках размясцілі. А апісаўшыся, узялі і прыцягнулі да адказнасці гэтага беднага настаўніка. Ды я на месцы гэтага настаўніка галаву адкруціў бы шчаняці нейкаму", - падкрэсліў беларускі лідар.

"У тэлефонах сядзяць там... Няўжо вы не разумееце, у вас жа свае дзеці, што тэлефон і іншыя гаджэты ў школе - гэта не толькі адцягненне ўвагі ад заняткаў. Яны перастаюць думаць. Яны ж лічыць не ўмеюць, табліцу множання не ведаюць, таму што адкрывае тэлефон і перамнажае там. Або шукае адказы на пытанні. Няўжо гэта нельга зразумець. У мяне сын Прэзідэнта ні разу тэлефон у школу не ўзяў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"І было ж сказана. Не, адны рапарты. Нядаўна Міністр дакладваў: рапартуюць, у іх усё цудоўна. Ды не цудоўна. Калі такі бардак у школе, не патрэбны ні падручнікі, ні праграмы, ні новыя метадычкі. Усё гэта пустая трата грошай, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І там упаўнаважаныя ёсць, і там памочнікі ёсць. Я ўжо не гавару пра Урад, Качанаву, якая ідэалогію вядзе. Вось яна такая ідэалогія. Чаго сабраліся? Разважалі-меркавалі, стрэлачніка знайшлі. Углыб глядзіце!"

"Гэтак жа і ў эканоміцы! Яшчэ раз паўтараю: не будуць выкананы параметры развіцця на 2019 год, усе адказныя - ад Прэм'ер-міністра - пойдзеце на спачынак. Я вас папярэджваў у мінулым годзе ў гэты час, калі рабілі планы на 2019 год. Таму нічога тут дзіўнага няма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"І каб потым мяне асобныя разумнікі, Наталля Іванаўна (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. - Заўвага), не абвінавачвалі, што ў нас, бачыце, перадвыбарная кампанія. Колькі разоў гаварыў: я не збіраюся балаціравацца ў парламент. Якая ў мяне перадвыбарная кампанія? У мяне адзін падыход 25 гадоў, што я працую Прэзідэнтам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Справа не толькі і не столькі ў паказчыках, якія мы цяпер будзем абмяркоўваць. Станоўчыя вынікі работы эканомікі людзі павінны адчуць на сабе - праз пастаяннае павышэнне свайго дабрабыту і ўзроўню якасці жыцця", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што без эканамічнага росту гэтага дабіцца немагчыма. "Аднак мяне насцярожвае, што гэты эканамічны рост не толькі невялікі, але і вельмі няўстойлівы, мякка кажучы. Гэту тэндэнцыю трэба мяняць. Хто хоча і можа, заставайцеся і мяняйце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт пацікавіўся ва ўдзельнікаў нарады, што зроблена і што трэба зрабіць, каб эканоміка была трывалай, а фактары, якія могуць прыводзіць да эканамічных дыспрапорцый, былі канчаткова зняты.

"Мы не можам заняць пазіцыю пабочных наглядальнікаў і задавольвацца збалансаванасцю. Выдуманай, прапісанай на паперы. Людзі, аказваючы давер у час розных, у тым ліку палітычных кампаній, не за гэта галасавалі і не гэтага ад нас патрабуюць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Дакладчыкаў ён папрасіў сканцэнтравацца на тым, як будуць выконвацца ўсе абяцанні народу - ад рашэнняў мясцовых выканаўчых органаў базавага ўзроўню да мэт і задач пяцігадовай праграмы.

Як праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы Прэм'ер-міністр Сяргей Румас, з сямі зацверджаных на 2019 год прагнозных паказчыкаў выконваюцца чатыры. Пакуль не дасягнуты планы па экспарце, прадукцыйнасці працы і валавым унутраным прадукце. "У рэгіянальным разрэзе па росце ВУП толькі Мінская вобласць знаходзіцца ў прагнозе", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за экспарт тавараў і паслуг персанальная адказнасць ім была ўскладзена на віцэ-прэм'ераў. Больш таго, гэты напрамак таксама замацаваны за Міністэрствам замежных спраў, якое мае шырокую сетку дыппрадстаўніцтваў за мяжой. Прэзідэнт запатрабаваў ад кожнага па сваёй сферы далажыць, чаму не выконваецца паказчык.

"Віцэ-прэм'еры не павінны бегаць за міністрамі, а міністры не павінны бегаць за губернатарамі, калі гэта, дапусцім, сельская гаспадарка, а займацца толькі тэхналогіямі. Міністр сельскай гаспадаркі - гэта тэхналогіі, нешта новае, перспектыўнае. Сеяць, убіраць, касіць, вазіць, кансерваваць - гэта справа губернатараў, старшынь райвыканкамаў, кіраўнікоў гаспадарак. А віцэ-прэм'ер павінен заняцца ключавым пытаннем, калі гэта сельская гаспадарка - экспартам прадукцыі", - расставіў акцэнты Прэзідэнт.

У пачатку нарады Кіраўнік дзяржавы прапанаваў кожнаму ўдзельніку выказацца наконт пытанняў, якія насцярожваюць. Далей былі прадметна абмеркаваны ўсе ўзнятыя тэмы.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на ўзроўні аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы. Падрабязна аб тым, як выконваецца задача, каб зарплата ў бюджэтным сектары складала не менш як 80% ад сярэдняй па краіне, дакладваў Прэм'ер-міністр. Аднак Прэзідэнт нагадаў аб важнасці павысіць даходы найбольш нізкааплатных работнікаў.

Абмеркавана праблематыка ў сферы прыцягнення інвестыцый. Тут галоўнае, на што нацэльвае беларускі лідар, - інвестыцыі павінны быць эфектыўнымі і даваць вынік.

Звернута ўвага на работу прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. У першую чаргу гэта датычыцца якасці работы дырэктарскага корпуса.

У цэлым па выніках нарады Кіраўнік дзяржавы палічыў планы Урада на 2020 год недастаткова напружанымі і адправіў пакет прагнозных дакументаў на дапрацоўку. Цяпер у сціслыя тэрміны неабходна перагледзець падыходы, устараніць заўвагі і паўторна ўнесці пакет дакументаў на разгляд Прэзідэнта. Гэта задача не толькі Урада, але і Старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча на чале маніторынгавай групы, Старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі разам з цяперашнім складам дэпутацкага корпуса, Адміністрацыі Прэзідэнта, Камітэта дзяржкантролю, Нацыянальнага банка, кіраўнікоў рэгіёнаў. Дапрацаваныя праекты дакументаў, да таго як паступяць Кіраўніку дзяржавы, павінны быць узгоднены і завізіраваны ўсімі адпаведнымі кіраўнікамі.