Даклад аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка заслухаў даклад аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне.

На даклад у Палац Незалежнасці прыехалі Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, Дзяржсакратар Савета Бяспекі Андрэй Раўкоў, Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Таксама на мерапрыемства паклікалі прадстаўнікоў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

"Я запрасіў вас сёння, каб абмеркаваць эпідэміялагічную сітуацыю ў Беларусі. Асабліва гэта важна ва ўмовах каранавіруснага псіхозу", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, першапачаткова ён хацеў правесці сустрэчу выключна з вірусолагамі і эпідэміёлагамі: пазіцыя і падыходы Міністра аховы здароўя Прэзідэнту вядомы. "Але Міністр сказаў, што ён чалавек дзяржаўны і не будзе коўдру цягнуць на свой бок. Думаю, дарэчы будзе, калі Міністр аховы здароўя нам даложыць аб сітуацыі, якая складваецца, а вы аб сваім пункце гледжання", - сказаў ён.

"Нягледзячы на нейкую крытыку з майго боку, я гэты каранавірус называю не інакш як псіхозам і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў ужо многія псіхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла. Абсалютна ўпэўнены, што гэта чарговы такі ж псіхоз, які камусьці будзе на руку, а камусьці і на шкоду, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Але мы жывём у канкрэтнай сітуацыі і, зразумела, павінны зыходзіць з той абстаноўкі, якая складваецца не толькі ў нас, але і за межамі нашай краіны. Чаму я сябе так паводжу? Таму што я абсалютна ўпэўнены, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самога віруса. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе". На думку Прэзідэнта, цывілізаваны свет страціў розум, а палітыкі пачалі ўжо выкарыстоўваць сітуацыю дзеля сваіх інтарэсаў.

У той жа час Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хуткае распаўсюджванне захворвання дало магчымасць "узварухнуць" беларускую сістэму аховы здароўя, асабліва вірусолагаў і эпідэміёлагаў. "Добра, што мы з савецкіх часоў захавалі гэту сістэму. А так мы людзей лечым, а што там з эпідэміялагічнай абстаноўкай? Гэты псіхоз прымусіў нас неяк узварухнуцца і ў гэтым напрамку папрацаваць", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што першы з гэтым вірусам сутыкнуўся Кітай, а затым і азіяцкі рэгіён. Прычым кітайцам удалося справіцца з вірусам, і яны ўжо дзеляцца сваім паспяховым вопытам з іншымі, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Прынамсі, у мяне няма такіх фактаў, каб яны не адказалі хоць на адно пытанне або ў нечым адмовілі. У мяне сігналы ад кітайскага боку, што яны гатовы беларусам дапамагчы ва ўсім", - адзначыў ён.

На гэты момант Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб'явіла пандэмію. Аднак для Беларусі гэта не мае ніякага значэння, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што ў краіне і раней уважліва ставіліся да барацьбы з інфекцыямі, і не толькі з каранавірусам. "На карце не засталося практычна ніводнай краіны, дзе не пасяліўся б гэты вірус. Але адна справа, калі недзе ў Паўночнай Афрыцы адзін чалавек, а іншая справа, калі за суткі толькі ў Італіі загінулі 475 чалавек. Розніца вялікая", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Многія краіны закрылі сваю тэрыторыю для іншаземцаў. Так зрабілі і пяць краін - суседак Беларусі. "Глупства абсалютнае і несусветнае, і гэта пацвярджаецца ўжо. Гэта ніяк не абараняе Расію. Тым больш закрываюць выбарачна. Але гэта іх справа. Людзі ацэняць усё, што адбываецца ў нас з закрыццём граніц, - заўважыў Прэзідэнт. - Цяпер у свеце штучна створана сітуацыя, калі чалавек не можа трапіць дамоў. Нам трэба прыкласці ўсе намаганні, каб нашы грамадзяне змаглі вярнуцца ў самы бліжэйшы час. Яны павінны быць дома. У бяспецы".

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў дапамагчы расіянам, якія затрымаліся ў Польшчы, вярнуцца на радзіму. Ён адзначыў, што краіны ў сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса закрылі свае граніцы, спрабуючы ўберагчыся ад увозу інфекцыі. На думку Прэзідэнта, такія рашэнні ані не пазбаўляюць ад праблемы і штучна ствараюць сітуацыю, калі чалавек не можа трапіць дамоў.

"Вазьміце расіян, якія сёння ў Польшчы: яны не могуць выехаць у Расію. Калі ля нашых граніц сабралася пэўная колькасць расіян, Ігар Пятровіч, вам персанальнае даручэнне: прыцягвайце каго хочаце, але трэба вывезці расіян з Польшчы і дапамагчы ім дабрацца на радзіму", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі.

"Гэта нядобра, што нашы браты там сядзяць, зразумела, у якой сітуацыі. Трэба ім дапамагчы, як бы ў нас ні складваліся адносіны з расійскімі ўладамі. Людзі ні ў чым не вінаватыя", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён даручыў прыцягнуць да вырашэння гэтага пытання Міністэрства замежных спраў і праваахоўныя структуры. "Няхай дапамогуць расіянам пакінуць Польшчу. Вывезіце іх на радзіму, калі расіяне (улады. - Заўвага) не могуць там разабрацца", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што самая страшная эпідэмія ў свеце - гэта паніка. Ён пацікавіўся, як складваецца эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі і якія прагнозы па каранавірусе і іншых інфекцыйных захворваннях на бліжэйшыя дні і тыдні. "Справа не толькі ў гэтым каранавірусе, у нас больш праблем з іншымі хваробамі. Якія меры прымаюцца для прадухілення новых выпадкаў завозу ў Беларусь розных вірусаў?" - спытаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі пражывае шмат замежных грамадзян, напрыклад, студэнтаў і супрацоўнікаў замежных прадпрыемстваў. "Ці ахоплены яны паўнацэнным медыцынскім наглядам і лячэннем, як гэта было са студэнтам з Ірана, які, на шчасце, пераадолеў усе гэтыя вірусы і сёння выпісаны?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.



Прэзідэнт таксама растлумачыў, чаму ў краіне і школах не ўводзяць каранцін з-за каранавіруса. "Усіх, хто едзе з-за мяжы, мы бяром на кантроль. Самае малое падазрэнне, кашляе ці чхае - мы адразу ж тэсціруем. Калі раптам лабараторна пацверджана, мы адразу ўсе кантакты пачынаем знаходзіць і ізаляваць, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - І я прааналізаваў усе гэтыя факты: там, дзе мы, перастрахаваўшыся, пачалі збіраць людзей і каранцініць, ні адзін не быў хворы. Усе аказаліся здаровыя. І вось таму кітайцы нам гавораць: не трэба залішне каранцініць, таму што гэта вынікаў не дае. І наш вопыт пацвярджае: за трыма тысячамі чалавек наглядалі - тры тысячы здаровыя". Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі не будуць спрашчаць падыходы да барацьбы з каранавірусам.

Ён успомніў пра першы выяўлены выпадак каранавіруса ў Беларусі - інфекцыю выявілі ў іранскага студэнта з БНТУ. У хуткім часе прынялі рашэнне ўвесці каранцін ва ўстанове, нягледзячы на тое, што ў маладога чалавека на той момант прыкмет каранавіруса яшчэ не было. "Калі нехта пачынае панікаваць, пачынаюць прымаць незразумелыя меры", - пракаменціраваў сітуацыю Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што задача Міністэрства аховы здароўя ў першую чаргу - у лячэнні людзей. "Глядзіце за людзьмі. А тых, хто будзе закрываць-адкрываць, у нас хапае", - дадаў ён.

Прэзідэнт выступіў супраць каранціну ў школах і пераносу канікулаў. "Калі бацькі баяцца - не адпраўляйце дзяцей у школу, мы не забараняем", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, калі ў школах аб'явіць канікулы, гэта толькі абвострыць абстаноўку, паколькі дзеці, якія могуць пераносіць каранавірус, іх імунітэт спраўляецца з інфекцыяй, паедуць да бабуль. А пажылыя людзі, наадварот, знаходзяцца ў групе рызыкі. "Мы ж загубім старых людзей! Таму не трэба нічога рабіць. Устаноўлена з 30 сакавіка канікулы - будуць з 30-га. У нас што, у школах праблемы? Няма праблем. А калі мы яшчэ навучым дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, тэхнічак своечасова мыць рукі і дэзынфіцыравацца, маску надзяваць, наогул будзе добра. Грамадства пачало ўжо да гэтага прывыкаць. Навошта мы робім непатрэбныя дзеянні там, дзе ў іх няма неабходнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Няма неабходнасці і ў закрыцці граніц, перакананы беларускі лідар. А вось кантроль на іх слабець не павінен, падкрэсліў ён.

У час нарады Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне хапае ахоўных касцюмаў, масак і сродкаў дэзынфекцыі. Аднак не наладжана вытворчасць рэспіратараў.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік спецыяльна прынёс на нараду гэты сродак аховы і паказаў яго Прэзідэнту. Кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу запатрабаваў перадаць гэты ўзор ва Урад і даручыў за тыдзень наладзіць у Беларусі вытворчасць рэспіратараў.

"Хвалімся ўсюды - ІТ-краіна, а гэтыя няшчасныя рэспіратары не можам вырабіць. Каб за тыдзень Урад прыняў рашэнне, дзе будзе вырабляць. Не праблема станок набыць, - заявіў Прэзідэнт. - Нядобра, што ў Беларусі іх няма. Яны нам спатрэбяцца заўсёды".

Таксама абмеркавалі пытанне змянення раскладу грамадскага транспарту і пачатак заняткаў в ВНУ. "Мы дамаўляліся аб тым (Міністэрства аховы здароўя папрасіла), што нам трэба перанесці па часе аўтамабільны транспарт, каб развесці патокі ў аўтобусах рабочых і студэнтаў. Няхай студэнты крыху пазней пачынаюць заняткі ва ўніверсітэтах, яны будуць пазней ехаць на грамадскім транспарце, калі асноўны паток рабочых трапіць на свае прадпрыемствы. Гэта нават будзе зручней і для горада", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэта рашэнне перш за ўсё датычыцца Мінска.

Беларускім грамадзянам таксама рэкамендуецца пры магчымасці пабыць у самаізаляцыі. "Людзям трэба раіць, каб яны заставаліся дома. Трэба мабілізаваць нашы сацыяльныя службы, каб дапамагалі старым, у якіх дзяцей няма, якім ніхто дапамагчы не можа. Трэба іх цяпер апякаць. Трэба ўсё зрабіць, каб яны змаглі выйсці з гэтага сезоннага бязладдзя без страт", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Асобна ён закрануў работу беларускіх урачоў, падкрэсліўшы, што медыцынскі персанал павінен быць забяспечаны ўсім неабходным і матэрыяльна падтрыманы за нялёгкую, у тым ліку пазаўрочную, работу. У той жа час Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў гэтай сферы праблем няма.

"У канцы зімы - пачатку вясны ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, ідзе пад'ём сезонных інфекцый. Мяне гэта больш за ўсё непакоіць. Размова ў гэтым выпадку не аб каранавірусе, а аб прывычных для нас вострых рэспіраторных інфекцыях, уключаючы грып. Самае небяспечнае, што можа здарыцца ў выніку гэтых вірусаў, - гэта пнеўманія", - заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прывёў даныя параўнальнай статыстыкі за мінулы і гэты гады па колькасці смяротных выпадкаў у выніку пнеўманіі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у 2019 годзе за студзень-люты такіх выпадкаў было 196, цяпер - 138. Усяго з-за захворванняў органаў дыхання за першыя два месяцы мінулага года загінулі 498 чалавек, у пачатку гэтага года - 328.

"Пры гэтым асабліва падкрэсліваю, ні адной смерці пры пацверджанай каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі нашай краіны сёння няма. Дзякуй богу. Хачу пачуць дакладна і па сутнасці, як мы будзем працаваць далей, каб хворых было як мага менш і ўсе яны выздаравелі ад любой інфекцыі", - сказаў Прэзідэнт і перадаў слова Міністру аховы здароўя.

Паводле слоў Уладзіміра Караніка, у Беларусі прытрымліваюцца рызыка-арыентаванага падыходу на аснове аналізу існуючых рызык і прагназавання развіцця сітуацыі. "Гэта не першая і не апошняя эпідэмія ў нашым жыцці, таму мы, зыходзячы з мінулага вопыту, прагназуем і параметры развіцця, і цяжкасць наступстваў, і меры, якія накіраваны на тое, каб мінімізаваць урон ад гэтай эпідэміі", - сказаў ён.

Ён таксама адзначыў, што дзякуючы развіццю айчыннай школы лабараторнай дыягностыкі ў Беларусі хутка ўдалося наладзіць вытворчасць уласных тэстаў на выяўленне каранавіруса. "Калі СААЗ апублікавала РНК віруса, наш тэст быў зроблены на працягу тыдня", - заявіў Міністр.