Аляксандр Лукашэнка падпісаў Распараджэнне аб добраўпарадкаванні мемарыялаў і помнікаў воінскай славы

    У 2018 - першым паўгоддзі 2019 года будуць добраўпарадкаваны і адноўлены мемарыялы і помнікі воінскай славы, адзіночныя і брацкія магілы воінаў, якія загінулі ў гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, воінскія могілкі, асобныя воінскія ўчасткі агульных могілак, месцы масавага пахавання грамадзянскага насельніцтва. Адпаведнае Распараджэнне падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

    Савету Міністраў даручана забяспечыць зацвярджэнне правіл добраўпарадкавання месцаў пахаванняў. Яны прадугледжваюць устанаўленне рэжымаў аховы і выкарыстання гэтых месцаў і накіраваны на захаванне грамадскага парадку, папярэджанне пашкоджання, разбурэння, знішчэння і іншага шкоднага ўздзеяння на іх, выкліканага гаспадарчай або іншай дзейнасцю.

    Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы надзяляюцца выключнай кампетэнцыяй на прыняцце рашэнняў, якія датычацца ўтрымання, добраўпарадкавання і падтрымання ў належным санітарным стане месцаў пахаванняў.

    Аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана забяспечыць добраўпарадкаванне і аднаўленне месцаў пахаванняў, арганізаваўшы пры неабходнасці правядзенне конкурсаў на архітэктурна-мастацкае рашэнне месцаў, якія добраўпарадкоўваюцца, вызначэнне заказчыкаў і выканаўцаў адпаведных работ. Яны таксама павінны будуць пры фарміраванні абласных бюджэтаў і бюджэту Мінска на чарговы фінансавы год прадугледзець сродкі на рэалізацыю гэтага распараджэння і прыняць меры па прыцягненні добраахвотных ахвяраванняў ад айчынных і замежных юрыдычных і фізічных асоб.

    Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні і аднаўленні месцаў пахаванняў будуць праведзены ў мэтах падрыхтоўкі да святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і фарміравання паважлівага стаўлення да падзей гісторыі дзяржавы, што прывялі да масавых ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва.