Аляксандр Лукашэнка назначыў Уладзіміра Дворніка Намеснікам Прэм'ер-міністра

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў Уладзіміра Дворніка Намеснікам Прэм'ер-міністра.

Кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў Уладзіміра Дворніка як даволі вопытнага чалавека, які прайшоў добрую школу не толькі абласнога ўзроўню, што важна для работы ў кіраўніцтве Урада, але і ў сферы сельскай гаспадаркі. "І шышкі там набівалі, і падалі, і паднімаліся. Усё ў вас было, а гэта неацэнны вопыт, які спатрэбіцца на рабоце віцэ-прэм'ерам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Дворнік на пасадзе віцэ-прэм'ера будзе ў тым ліку курыраваць пытанні развіцця аграпрамысловага комплексу, лясной гаспадаркі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. "Тое, з чым вы пастаянна сутыкаліся ў сваёй рабоце", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў Беларусі ў кадравай рабоце захоўваецца прынцып ратацыі, які выкарыстоўваецца і за мяжой. "Таму Кіраўніку Адміністрацыі пастаўлена задача ўносіць прапановы па ратацыі кадраў. Тое, што мы робім у праваахоўных органах, - нядаўна ў МУС чарговы раз адбылася ратацыя. Людзі павінны неяк рухацца і па вертыкалі, і па гарызанталі. Думаю, што такі час настаў і для губернатара Гомельскай вобласці", - заявіў беларускі лідар.

Гаворачы пра Гомельскую вобласць, Прэзідэнт асабліва адзначыў сваё стаўленне да жыхароў рэгіёна: "Яно заўсёды было не проста паважлівае. Я з вялікай любоўю стаўлюся да гомельскіх людзей, таму што ў свой час і пацярпелі яны значна, і выкарабкаліся мы разам з гэтай бяды. Гомельская вобласць ужо не тая, што была, хоць, зразумела, не без праблем".

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што на пасаду кіраўніка рэгіёна будзе знойдзена дастойная замена, а пакуль асноўная нагрузка ляжа на першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама і памочніка Прэзідэнта ў гэтай вобласці. "Я вас прасіў, каб вы выклікалі да сябе свайго першага намесніка і памочніка Прэзідэнта, і каб яны ўдваіх запрагаліся і працавалі ў Гомельскай вобласці, пакуль не будзе афіцыйна вырашана пытанне па губернатару. Думаю, што вы з імі сустрэліся, перагаварылі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу Уладзіміра Дворніка, што нават на пасадзе віцэ-прэм'ера за ім застанецца Гомельская вобласць у кадравых адносінах, у плане дапамогі новаму кіраўніцтву па ўваходжанні ў курс спраў. "Каб вы маглі дапамагчы ўвайсці ў курс спраў новаму губернатару, новым людзям, якія прыйдуць вам на змену, каб яны мелі магчымасць задаць пытанні, пракансультавацца ў вас. І рухацца наперад", - растлумачыў Прэзідэнт.