Алімпійскі сход НАК Беларусі

  • 25

Алімпійскія перамогі аб'ядноўваюць нацыю, усяляюць пачуццё гонару за сваю краіну. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 лістапада, адкрываючы Алімпійскі сход НАК Беларусі.

"Спорт - адзін з важнейшых складнікаў у сацыяльна-палітычным уладкаванні сучаснага свету, і кожны сёння ў Беларусі, не толькі мы з вамі, разумеем гэта. Алімпійскія перамогі аб'ядноўваюць нацыю, усяляюць пачуццё гонару за сваю краіну, адкрываюць новых герояў. Адлюстроўваюць, у рэшце рэшт, узровень развіцця грамадства, навукі, медыцыны, эканомікі і дзяржавы ў цэлым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, менавіта таму важнейшыя пытанні развіцця гэтай сферы разглядаюцца на высокім узроўні.

Алімпійскі сход прайшоў з удзелам членаў НАК, старшынь папячыцельскіх саветаў федэрацый, саюзаў, асацыяцый, кіраўнікоў упраўленняў спорту і турызму аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі. Галоўным пытаннем парадку дня стала абмеркаванне вынікаў выступлення беларускіх спартсменаў на буйнейшых міжнародных спаборніцтвах і падрыхтоўка да летніх Алімпійскіх гульняў 2020 у Токіа.

Кіраўнік дзяржавы назваў спорт шматграннай сферай дзейнасці, якая з'яўляецца часткай эканомікі, адлюстроўвае ўзровень тэхналагічнага развіцця краіны. "Акрамя таго, спорт - гэта здароўе нацыі, выхаванне ў падрастаючага пакалення каштоўных асабістых якасцей, эфектыўная народная дыпламатыя. Высокія дасягненні атлетаў шмат у чым вызначаюць прэстыж краіны. Вось чаму мы ўдзяляем развіццю гэтай сферы такую сур'ёзную ўвагу", - растлумачыў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што ў наступным годзе ўсёй спартыўнай галіне трэба будзе прайсці важны экзамен - Алімпіяду ў Токіа. "Самы час прааналізаваць падрыхтоўку да гэтага спартыўнага форуму і вызначыць, што яшчэ можна і трэба зрабіць, каб наша каманда апраўдала нарэшце чаканні мільёнаў беларусаў. Каб мы з гордасцю глядзелі, як над алімпійскімі аб'ектамі сталіцы Японіі паднімаецца беларускі сцяг", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў мінулым годзе адбыліся дзве вялікія нарады, на якіх быў падрабязна прааналізаваны стан спраў як у зімовых, так і ў летніх відах спорту, намечаны шляхі іх далейшага развіцця, дадзены даручэнні і адпрацаваны механізмы іх рэалізацыі. "Акрамя таго, у красавіку, напярэдадні Другіх Еўрапейскіх гульняў, мы правялі аналагічны мазгавы штурм, дэталёва разгледзеўшы гатоўнасць беларускай каманды да гэтай маштабнай падзеі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы паспяхова арганізавалі свята еўрапейскага спорту. Аб гэтым і цяпер гавораць у Еўропе і ва ўсім свеце. Дзякуй усім, хто прымаў у гэтым удзел. Гульні ў Беларусі прагучалі на ўвесь свет. І нашы спартсмены ў родных сценах выступілі дастойна: па колькасці ўзнагарод занялі другое агульнакаманднае месца".

Аднак, паводле пераканання Прэзідэнта, падстаў для самазаспакаення такі поспех не дае і наперадзе сур'ёзная работа для падрыхтоўкі да Гульняў у Токіа. "Да галоўных стартаў чатырохгоддзя засталося крыху больш як паўгода. Алімпійскія гульні - спаборніцтвы іншага фармату, з іншым наборам спартыўных дысцыплін і вельмі вялікім узроўнем канкурэнцыі. Што там граху таіць: Другія гульні ёсць гульні, але Алімпіяда - гэта космас у параўнанні з нашымі гульнямі, і спартсмены там будуць іншыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў гэтым годзе на сусветных першынствах беларускія спартсмены заваявалі ў алімпійскіх дысцыплінах усяго толькі восем медалёў, у тым ліку два залатыя. Большасць у веславанні на байдарках і каноэ. Больш-менш стабільна на працягу апошніх гадоў выступаюць прадстаўнікі сучаснага пяцібор'я. "Але гэта толькі два камплекты медалёў на Алімпіядзе, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - А астатнія? Без медалёў у алімпійскіх нумарах праграмы вярнуліся з сусветных першынстваў баксёры, веласіпедысты, мастацкая гімнастыка. Нулявы рэзультат у нас і ў такіх медаляёмкіх відах спорту, як плаванне, лёгкая атлетыка, дзюдо, фехтаванне, стральба кулявая, спартыўная гімнастыка, веславанне акадэмічнае".

Аляксандр Лукашэнка задаў рытарычнае пытанне, чаго не хапае спартсменам у гэтых відах спорту, бо для іх развіцця створаны ўсе неабходныя ўмовы.

У цяжкаатлетаў, прадоўжыў Прэзідэнт Беларусі, - адно серабро, у барцоў - адна бронза. "І гэта тыя віды, перамогі ў якіх яшчэ адносна нядаўна былі візітнай карткай беларускага спорту", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Асобная тэма - гульнявыя камандныя віды спорту, якія шчыра любяць і падтрымліваюць нашы балельшчыкі. Для вас у краіне створаны цудоўныя ўмовы, трацяцца немалыя сродкі. А аддачы няма, няма рэзультату. Адны абяцанні, - акцэнтаваў увагу беларускі лідар. - У асобных відах нават тэндэнцый да прагрэсу не назіраецца. Практычна нічога не чуваць пра валейбалістаў і ватэрпалістаў".

Прэзідэнт адзначыў, што з прыходам галандскага трэнера пэўныя надзеі ўскладаліся на жаночую каманду па хакеі на траве, але кваліфікацыйны адбор чарговы раз правалены.

Магчымасць прабіцца на Алімпіяду цяпер маюць толькі жаночая баскетбольная зборная "тры на тры", мужчынская гандбольная каманда і пляжны валейбол.

"І не расказвайце пра тытулаваных спартсменаў (з ліку сапернікаў. - Заўвага). Шанцы заваяваць ліцэнзію ёсць. Трэба праявіць характар і волю да перамогі! - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба змагацца. А не выходзіць уперавалку кідаць, скакаць, бегаць, закідваць шайбы і забіваць галы".

Прэзідэнт даручыў напярэдадні летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа ўзяць кожнага алімпійца на індывідуальны кантроль. "Важна падвесці кожнага спартсмена да максімальнага выніку. Мэтанакіравана рыхтаваць да жорсткай барацьбы. Забяспечыць усім неабходным на заключным этапе падрыхтоўкі. Кожнага алімпійца ўзяць на індывідуальны кантроль: медыцынскі, псіхалагічны і гэтак далей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, як яму дакладваюць, цяпер 63 беларускія спартсмены заваявалі права выступіць на Алімпіядзе ў Токіа, а плануецца больш за 100. "Але якая колькасць гэтых ліцэнзій трансфармуецца ў медальную якасць? Саперніцтва ва ўсіх відах каласальнае, - адзначыў беларускі лідар. - І чаму з кожнай Алімпіядай колькасць нашых алімпійскіх квот зніжаецца? У Пекіне - 177, у Лондане - 161, у Рыа-дэ-Жанэйра - 123. Такая ж сыходная крывая і ў колькасці заваяваных беларусамі медалёў".

Прэзідэнт папярэдзіў, што калі на Алімпіядзе ў Токіа ў 2020 годзе не будзе рэзультату, ніхто ў спорце з функцыянераў і чыноўнікаў не затрымаецца. "Таму падумайце, перш чым туды ехаць галоўнымі трэнерамі, саветнікамі, спецыялістамі... Ці варта вам туды ехаць наогул. Таму што калі вы турыстамі туды з'ездзіце і вернецеся ні з чым, лепш у краіну не вяртайцеся. Гэта я вам гавару як Прэзідэнт краіны, а не кіраўнік грамадскай арганізацыі. Разумейце мяне як хочаце", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, у якіх умовах праходзіць падрыхтоўка членаў нацыянальных каманд у рэгіёнах, як працуе спартыўная вертыкаль на месцах. "Забяспечанасць дзіцячых спартыўных школ інвентаром, трэнерскімі кадрамі і падрыхтоўка рэзерву - гэта таксама ўклад у алімпійскія медалі", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

"Безумоўна, у нас ёсць таленавітыя спартсмены і трэнеры, неабходная матэрыяльна-тэхнічная база. Важна толькі разумна і эфектыўна распарадзіцца сваімі магчымасцямі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - А Урад, Мінспорту і НАК павінны ўзяць на строгі кантроль гэтыя пытанні. А вам, Наталля Іванаўна (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. - Заўвага), трэба, каб яны прыходзілі і дакладвалі штомесяц аб тым, што адбываецца. І паклалі вам на стол спіс спартсменаў, якія прынясуць медалі. А вы спытаеце, што для іх зрабілі і для гэтых трэнераў, і чаго не хапае. Толькі так. Інакш быць не можа".

"Тады будуць і грошы, і кватэры, і слава, і медалі, і ордэны. Толькі вынік! За вынік будзе адпаведная плата", - дадаў Прэзідэнт.

Ён заклікаў удзельнікаў мерапрыемства даць глыбокі аналіз стану спраў, абазначаць праблемы і ўносіць дакладныя і канкрэтныя прапановы: "Калі трэба - адразу тут прымем неабходныя рашэнні на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы. Чакаю прадметнай размовы, без непатрэбных самасправаздач і папулізму".

"У Японіі трэба паказаць максімальны вынік. Гэта нават не пытанне аддачы за ўкладзеныя ў вашу падрыхтоўку намаганні і сродкі. Гэта, перш за ўсё, пытанне адказнасці перад краінай, перад народам, які верыць у сваіх спартсменаў і чакае гучных перамог. Вось аб чым вы павінны памятаць, выходзячы на алімпійскія арэны. Гэта мой галоўны пасыл алімпійцам і ўсім вам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржавай зроблена нямала для спорту вышэйшых дасягненняў. "Нашым трэніровачным базам, арэнам, умовам падрыхтоўкі зайздросцяць многія краіны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У бягучым годзе ўведзены ў эксплуатацыю новы будынак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту. "Вы так перажывалі, што ён вам патрэбны. Ён абсталяваны ўсім неабходным для навукова-медыцынскага суправаджэння трэніровачнага працэсу. Усё, што прасілі, зрабілі. Можа, нечага не хапае. Калі ласка, скажыце. І як гэта (увядзенне новага будынка РНПЦ. - Заўвага) паўплывала на якасць падрыхтоўкі, аднаўлення і рэабілітацыі атлетаў?" - спытаў Прэзідэнт.

"Паглядзіце, хто там працуе. Трэба гэтым заняцца. Каб там былі спецыялісты, якія працавалі б на спартсменаў", - заўважыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што спартыўныя аб'екты нясуць вялікую сацыяльную нагрузку, паколькі атлеты там трэніруюцца бясплатна, за дзяржаўны кошт. Часта ўтрымліваць такія аб'екты затратна. Прэзідэнт лічыць, што неабходна прыняць меры, каб зрабіць спартыўныя пляцоўкі акупнымі. "Вялікіх грошай тут не заробіш, але акупляцца яны павінны, асабліва ў такіх відах, як тэніс", - перакананы ён.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, паспяховым спартсменам, якія дабіліся вышынь і зарабілі грошай, таксама трэба ўносіць уклад у развіццё беларускага спорту і дапамагаць іншым атлетам. Напрыклад, купляць інвентар - тыя ж ракеткі ў Палац тэніса. "Калі чалавек выходзіць на высокі ўзровень, ён павінен неяк удзельнічаць у далейшым развіцці спорту ў краіне. Такіх відаў дастаткова: і футбалісты, і хакеісты, якія пакуль толькі грошы атрымліваюць, а краіну няславяць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт на сходзе звярнуў увагу ўсяго кіраўніцтва алімпійскага камітэта на тое, што "ўласнасць НАК - гэта святое". За стан спартыўных аб'ектаў адказвае і міністр спорту, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Задача нумар адзін міністру - свята берагчы дзяржаўную ўласнасць, якая перадаецца ў распараджэнне спартсменаў, дзе яны могуць трэніравацца і паказваць высокія вынікі. Аб гэтым я яго папярэдзіў ужо. Тое ж самае і ў НАКу павінна быць", - адзначыў ён.

Прэзідэнт закрануў і допінгавую тэму. "Насцярожваюць апошнія факты: Марына Арзамасава (бег на 800 м. - Заўвага), Дзмітрый Набокаў (скачкі ў вышыню. - Заўвага), Кірыл Грышчанка (барацьба грэка-рымская. - Заўвага). Чакаю шчырай размовы. Гэтыя праблемы датычацца непасрэдна іміджу краіны".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі прыняты комплекс мер, накіраваных на ўзмацненне барацьбы з допінгам, аж да крымінальнай адказнасці за схіленне спартсмена да выкарыстання забароненых сродкаў.

"А што бывае з тымі, хто пускае гэтыя працэсы на самацёк, вы добра ведаеце. У тым ліку на прыкладзе нашых цяжкаатлетаў, якім у выніку пасля ўсіх разборак пакінулі ўсяго толькі дзве алімпійскія ліцэнзіі. Вельмі шкада, калі нашы цяжкаатлеты (трэба аддаць ім належнае) у апошнія пару гадоў выйшлі на прыстойны ўзровень. Паказалі сапраўдную барацьбу і характар", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы таксама бачыце, што адбываецца вакол расійскага спорту. Над нашымі суседзямі зноў навісла пагроза зусім не трапіць на Алімпійскія гульні пад сваім сцягам. Могуць паставіць пад санкцыі ўсю краіну, не звяртаючы ўвагі на чыстых і сумленных атлетаў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такой увагі да спорту, як у Беларусі, няма нідзе. Гэтымі пытаннямі займаюцца на розных узроўнях: і ў федэрацыях, і ва ўрадзе. І праблем у беларускім спорце, лічыць Прэзідэнт, дзве - неарганізаванасць і безадказнасць.

"Я не разумею, якія яшчэ разборкі патрэбны? Кіраўнік Адміністрацыі - чалавек, які заўсёды адгукнецца на любую дробязь. Віцэ-прэм'ер ведае аб сваёй адказнасці. Я не ўяўляю, што яшчэ трэба арганізацыйна зрабіць і якая яшчэ патрэбна вам падтрымка, я проста не разумею", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ёсць таленавітыя спартсмены і трэнеры. На яго думку, пара ўжо дзейнічаць і сур'ёзна рыхтаваць каманды, а не разлічваць на нейкія перспектывы, пра якія гавораць многія гады. "У хакеі не можаце вы рукамі добра клюшку трымаць, абыгрываць - бегайце. Два разы абяжыце канадца, амерыканца або расіяніна - не давайце яму гуляць, вяжыце яго. Але не вяжуць жа", - заўважыў Прэзідэнт.

"Усе мы нясём адказнасць. Але помніце адно: народ не хоча нікога бачыць і ведаць. Добра, дрэнна - "ай, гэта Прэзідэнт". Таму я і гавару: будзе вынік - будзем працаваць, не будзе - трэба даваць дарогу іншым", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Развіццю плавання і лёгкай атлетыцы неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу, але за кожны ўкладзены цэнт патрэбна аддача. "Плаванне, лёгкая атлетыка - гэтыя віды спорту трэба на руках насіць. Няхай скажуць, чаго не хапае, - дапаможам. Але за кожны цэнт, за ўвагу патрэбна аддача", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Выказаўся Кіраўнік дзяржавы і адносна гульнявых відаў спорту, калі на нарадзе прагучала, што беларускія каманды даюць бой сур'ёзным сапернікам. "Мы ўвесь час даём бой. А вынік гэтага бою - паражэнне, - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. - Бой мы навучыліся даваць. Баскаў (гендырэктар ХК "Дынама-Мінск" Дзмітрый Баскаў. - Заўвага) таксама ў апошняй гульні даў бой: пяць секунд не змаглі вытрымаць, утрымаць лік, прапусціўшы ганебную шайбу".

У час Алімпійскага сходу абмяркоўваліся не толькі перспектывы будучых дасягненняў беларускіх атлетаў, але і былі адзначаны заслугі выдатных спартсменаў. Кацярыне Карстэн і Аляксандры Герасімені Кіраўнік дзяржавы ўручыў ганаровыя знакі Нацыянальнага алімпійскага камітэта "За заслугі ў развіцці алімпійскага руху ў Рэспубліцы Беларусь". Спартсменкі ўдастоены ўзнагарод за высокія спартыўныя дасягненні, а таксама за вялікія заслугі ў прапагандзе ідэалаў і прынцыпаў алімпізму, папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця.

Прадстаўляючы іх да ўзнагарод, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Кацярына Карстэн з'яўляецца легендай беларускага спорту, а Аляксандра Герасіменя доўгія гады змагалася за айчыннае плаванне. Прэзідэнт выказаў шкадаванне, што яны ўжо завяршылі спартыўную кар'еру. "Мы, зразумела, высока цэнім вашу працу і заслугі, і я шчыра рады, што вы звязваеце сваю будучыню з Беларуссю, са спортам. Мы павінны аказаць неабходную падтрымку, каб вы змаглі праявіць сябе ў справе выхавання новых чэмпіёнаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, на пасяджэнні вырашаны шэраг арганізацыйных пытанняў, такіх як выбранне першага віцэ-прэзідэнта НАК, абнаўленне складу НАК і яго органаў. У склад арганізацыі ўведзены 29 новых членаў.

На пасаду першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта выбраны Віктар Лукашэнка. Віцэ-прэзідэнтам НАК выбраны намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі каноэ алімпійскі чэмпіён Дзмітрый Даўгалёнак.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў рашэнні вылучыць на пасаду першага віцэ-прэзідэнта НАК Віктара Лукашэнку няма ніякай канспіралогіі. "Калі нехта думае, што тут з падачы бацькі яму вялікую пасаду далі, ну, у яго і так пасада - дай бог кожнаму, добрая - памочнік па нацыянальнай бяспецы", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што не ад яго зыходзіла прапанова вылучыць на пасаду першага віцэ-прэзідэнта Віктара Лукашэнку. "Многія, хто ведае мяне і маю сям'ю, прапаноўвалі гэта. Але калі пачалі настойваць на гэтым некаторыя прадстаўнікі, не бедныя, замежных дзяржаў, папрасілі мяне разгледзець гэта пытанне, я здаўся", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Разам з тым ён прызнаўся, што яшчэ вагаецца наконт таго, ці будзе Віктар Лукашэнка сумяшчаць дзве пасады. "Таму што гэта вялікая будзе страта ў дзяржаве. Я ўжо неяк гаварыў, што ён працаваў памочнікам, таму што мне патрэбны быў цяснейшы адкрыты канал сувязі паміж мной і сілавымі структурамі, - растлумачыў беларускі лідар. - Вы ведаеце, гэтыя структуры вялікую ролю адыгрываюць у краіне і павінны быць пад кантролем Прэзідэнта, каб не дай бог не здарылася, як у некаторых нашых суседзяў. Я гэта, вы бачыце, заўсёды трымаў на кантролі, і не знайшоў лепшага выйсця (і цяпер не шкадую) як назначыць яго памочнікам. Я ведаў, што адбываецца ў гэтых сілавых структурах, асабліва ў спецпадраздзяленнях, такіх як "Алмаз", "Альфа", АСАМ (пагранічнае падраздзяленне), ГРУ Генштаба. На прамой сувязі з ім былі кіраўнікі. Мы вельмі шмат зрабілі за гэты час і за кошт дзяржавы, і спонсараў па ўзбраенні, давядзенні гэтых структур да сур'ёзнага стану. Яны сёння  рэагуюць на любыя выклікі нашага часу".

Паводле яго слоў, адыход Віктара Лукашэнкі з пасады памочніка Прэзідэнта, калі гэта здарыцца, стане значнай стратай. "Я пакуль не бачу чалавека, які выконваў бы гэтыя абавязкі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

З назначэннем Віктара Лукашэнкі першым віцэ-прэзідэнтам НАК Кіраўнік дзяржавы звязвае перспектывы рухі наперад Беларусі ў міжнародным спорце. "Вы ведаеце, хто сёння працуе ў міжнародных структурах, што гэта за людзі, хто узначальвае (спартыўныя. - Заўвага) рухі ў канкрэтных краінах і як з імі трэба працаваць", - удакладніў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некаторы час таму яму давялося ўзяць пад кантроль пытанні развіцця спорту, каб стабілізаваць галіну і надаць ёй дадатковы імпульс. Прэзідэнт адзначыў, што беларускія спартсмены далёка не вызначаюцца поспехамі ў апошні час, але звярнуў увагу і на станоўчыя моманты ў спорце. "Мы, як ні адна іншая адносна невялікая краіна, маем усё, каб выхоўваць сапраўдных спартсменаў і алімпійскіх чэмпіёнаў. У савецкі час нашы спартсмены, трэнеры і функцыянеры ад спорту ніколі не думалі, што ў нас будзе такая база для падрыхтоўкі спартсменаў. Калі ласка, ёсць усё для таго, каб іх падрыхтаваць, - канстатаваў ён. - Дзяржава зрабіла нямала, і гэта было маёй мэтай - узнімаць спорт".

Удзельнікі сходу падтрымалі прапанову скараціць колькасць пасад віцэ-прэзідэнтаў НАК да дзвюх, што дасць магчымасць пазбегнуць дубліравання функцый і павысіць эфектыўнасць работы кіруючых органаў НАК. "Думаю, што дастаткова для нашага НАК і дваіх віцэ-прэзідэнтаў. Але ўсё ў нашых руках. Калі двое не справяцца, мы можам выбраць і пяць, але пажадана, каб, як па ўсёй краіне ідзе напружанне ў кадрах, каб у нас такое напружанне ў НАКу адбывалася", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

На Алімпійскім сходзе НАК Прэзідэнт падзяліўся і некаторымі асабістымі спартыўнымі дасягненнямі, у прыватнасці расказаў аб графіку заняткаў спортам у час нядаўняга знаходжання ў ААЭ. "Пачалі бегаць. Я ў сваім узросце - 15 кіламетраў з раніцы. Дыхаць няма чым, гарачыня несусветная. Вось бягу і думаю (пра беларускіх спартсменаў. - Заўвага), як яны там, у г.Доха (на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы, які праходзіў у Катары. - Заўвага). Цэлы тыдзень: раніцай трэніроўка дзве гадзіны, вечарам трэніроўка - ужо зусім іншы від спорту і лазня. Думаю, вытрымаю ці не вытрымаю. Праўда, напісалі, што я там паміраю. Зразумеў, што сапраўдны спартсмен і ў гэтых умовах павінен бегаць і даваць рэзультат", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.