Адкрыццё XIV Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея

  • 22

Дасягненні беларускіх атлетаў на сусветных арэнах грунтуюцца на трывалым фундаменце дзіцяча-юнацкага і масавага спорту. Аб гэтым заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 4 студзеня на адкрыцці XIV Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі "Залатая шайба" на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на існуючую ў краіне добрую традыцыю пачынаць спартыўны год Калядным міжнародным турнірам аматараў хакея. "Яго адметнымі рысамі з'яўляюцца сур'ёзны спартыўны складнік і дух сапраўднай барацьбы. А самае галоўнае - захаванне лепшых традыцый і пераемнасці пакаленняў", - лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сапраўдным падарункам для ўсіх стала сумеснае правядзенне Каляднага турніру і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў "Залатая шайба". Для юных аматараў хакея гэта двайное свята, паколькі яны змогуць праявіць тут свае лепшыя спартыўныя якасці і волю да перамогі, а таксама атрымаць задавальненне ад майстэрства вопытных хакеістаў.

"Калядны турнір у Мінску штогод збірае нашых добрых сяброў. У гэтым годзе прыехалі памерацца сіламі на лёдзе хакеісты з Расіі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі, ААЭ, шматнацыянальная зборная Балкан, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Вітаем каманду Кітайскай Народнай Рэспублікі, якая ўпершыню ўдзельнічае ў турніры. Мы вельмі рады за нашых кітайскіх сяброў, што чарговая зімовая Алімпіяда ў 2022 годзе адбудзецца ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, у Пекіне".

Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што беларускі бок, правёўшы ў свой час хакейныя матчы ў ААЭ, а затым у Кітаі, такім чынам пасадзейнічаў развіццю гэтага віду спорту ў названых краінах.

Прэзідэнт таксама ўпэўнены, што ўдзельнікі Каляднага турніру ў тым ліку дапамаглі Беларусі атрымаць права правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе. "Зусім нядаўна ўся краіна парадавалася рашэнню Міжнароднай хакейнай федэрацыі аб правядзенні ў нас чэмпіянату свету ў 2021 годзе, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Дык вось, гэта было б немагчыма без тых хлопцаў і ў добрым сэнсе слова чыноўнікаў, функцыянераў ад спорту, якія прыязджалі да нас сюды, у Мінск, на Калядны міжнародны турнір. Удалося здзейсніць неверагоднае - нам зноў на 2021 год далі магчымасць праводзіць чэмпіянат свету па хакеі".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на той факт, што ўжо не першы год каманды турніру актыўна ўдзельнічаюць у дабрачыннай акцыі "Калядная традыцыя" для дзяцей, якія маюць асаблівую патрэбу ў клопаце і ўвазе. "Дзякуй вам за цеплыню вашых сэрцаў, якую вы дорыце нашым дзецям. Ад усёй душы віншую вас з Новым годам і Раством. У гэтыя дні ўдзельнікаў і гледачоў чакаюць яркія хакейныя матчы, незабыўныя эмоцыі, прыемныя адкрыцці і сюрпрызы. І няхай у гэтай барацьбе пераможа мацнейшы", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама Кіраўнік дзяржавы ў складзе каманды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у матчы супраць зборнай Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Гульня завяршылася з лікам 12:7 на карысць беларускай дружыны.