Адкрыццё новага будынка Вярхоўнага Суда Беларусі

  • 8
  • 4:05

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 красавіка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага будынка Вярхоўнага Суда ў Мінску і нарадзе па пытаннях удасканалення дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з функцыянальнымі магчымасцямі будынка, наведаў некаторыя залы і рабочыя кабінеты. Прэзідэнт пацікавіўся, наколькі ў новым будынку палепшаны ўмовы для работы судовага корпуса. Старшыня Вярхоўнага Суда праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы аб новаўвядзеннях, у тым ліку ў выкарыстанні тэхналогій.

Нарада па ўдасканаленні дзейнасці сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі прайшла ў пашыраным складзе: яе ўдзельнікамі сталі кіраўнікі раённых і гарадскіх судоў, старшыні і іх намеснікі абласных і агульных эканамічных судоў, начальнікі структурных падраздзяленняў Вярхоўнага Суда, кіраўнікі некалькіх міністэрстваў і ведамстваў, вышэйшыя службовыя асобы. Усяго больш за 360 чалавек.

"Судовая ўлада ў нашай дзяржаве з'яўляецца незалежнай і абароненай. Калі нехта з суддзяў думае: "Ну так, ён не ўсё ведае". Дык я вам адкажу: вы самі вінаватыя ў гэтым. Гэта можа абазначацца толькі адным тэрмінам - кругавая парука. І гэта характэрна больш за ўсё на месцах. Тут, наверсе, гэта практычна немагчыма", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

"Я жорстка стаўлюся, калі мне паступае інфармацыя, што нехта з начальнікаў зняў трубку і патэлефанаваў суддзі: "ну вы там паглядзіце..." Гэта апошні дзень яго работы. Калі я гэтага не ўбачыў, а вам патэлефанавалі і вы прамаўчалі, гэта вашы праблемы. Некалі гэта вылезе. Не бывае, што гэта тайна застанецца за сямю пячацямі", - сказаў Прэзідэнт.

"Калі нехта вам перашкаджае выконваць правасуддзе, сумленна, справядліва, у адпаведнасці з законам прымаць рашэнне, - адзін толькі званок. І вы ведаеце, каму патэлефанаваць, акрамя мяне. Літаральна праз гадзіну-дзве я буду аб гэтым ведаць. Таму глядзіце самі. Я ж разумею, што вы жывяце ў рэальным жыцці. І нехта ўплываць спрабуе, нехта націскаць і гэтак далей. У вас такі лёс. Вы - суддзі. Таму рэагуйце дастойна. Як рэагаваць, я як Кіраўнік дзяржавы вам прапаную. Прынамсі, знайдзіце магчымасць праінфармаваць аб недахопах. Я заўсёды стану на вашу абарону", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Неабходнасць гэтай сустрэчы з суддзямі, паводле слоў Прэзідэнта, наспела даўно. "З моманту правядзення такога мерапрыемства прайшло восем гадоў. І пяць гадоў ужо, як аб'яднаны агульныя і гаспадарчыя суды. Сёння вам трэба абмеркаваць, наколькі эфектыўнай з'яўляецца работа судоў. І самае галоўнае, я хачу, каб сённяшнюю нараду мы правялі ў два этапы. Гэта было маё настойлівае патрабаванне. Я скажу некалькі слоў, не павучаючы вас: вы лепш за мяне ведаеце, што трэба рабіць. Адно пытанне - дысцыплінаванасць і арганізаванасць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што суды - гэта тая сістэма, дзе шмат гаварыць пра дысцыплінаванасць не даводзіцца. "Судовая сістэма не без недахопаў. Але іх на некалькі парадкаў менш, чым у іншых сферах жыццядзейнасці нашай дзяржавы, - дадаў Прэзідэнт. - Я вельмі хачу, каб гэта нарада была практычнай, каб з гэтай нарады вы вынеслі нейкія прапановы на мой узровень. Каб мы не спыніліся і не спачывалі на лаўрах".

На думку Кіраўніка дзяржавы, шырокае кола ўдзельнікаў дасць магчымасць абмеркаваць на нарадзе ўсе актуальныя пытанні, якія стаяць перад судовай сістэмай, а сваімі меркаваннямі змогуць падзяліцца прадстаўнікі розных структур. "Не скажу, што я абазначу тут ключавыя напрамкі, але скажу, што гэтыя напрамкі ад жыцця", - сказаў ён.

Прэзідэнт перш за ўсё падзяліўся ўражаннямі ад новага будынка Вярхоўнага Суда, адзначыўшы, што яго адкрыццё знакавае не толькі для судовай сістэмы, але і ўсёй краіны. "І справа не толькі ў будынку, хоць ён атрымаўся сучасным, функцыянальным. Ён сімвалізуе аўтарытэт судовай улады. Такім і павінен быць палац правасуддзя, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Стварэнне гэтага цэнтра (я спецыяльна называю яго цэнтрам) сведчыць аб тым, што мы раз і назаўсёды ў свой час узялі курс на суверэнітэт і незалежнасць нашай дзяржавы. І ў гэтай дзяржаве павінны быць не толькі галіны ўлады, якія добра функцыянуюць, але і нармальныя сімвалы кожнай улады".

"Я вельмі хацеў бы, каб гэта не быў нейкі нябесны, далёка адцягнены ад вас храм. Вельмі хацеў бы, каб гэта быў светлы, добры, чысты дом для ўсёй судовай сістэмы, для ўсіх суддзяў. Каб, прыязджаючы сюды ў любы час, калі ў гэтым будзе неабходнасць, вы адчувалі сябе тут, як дома, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы ўклалі нямала грошай для таго, каб пабудаваць гэты палац правасуддзя. І мне хацелася б, каб ад яго была аддача".

Прэзідэнт расказаў, што некалькі разоў адхіляў праекты новага будынка Вярхоўнага Суда. "Я хацеў, каб ён быў падобны на Палац Незалежнасці, у адным стылі, калі гэта сімвал незалежнасці. Усё тут зроблена рукамі беларусаў і з беларускіх матэрыялаў - гэтак жа, як у Палацы Незалежнасці", - растлумачыў ён.

Закранаючы работу судовай сістэмы, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што асноўны крытэрый, якім кіруюцца людзі пры ацэнцы работы судоў, - сацыяльная справядлівасць. Паводле яго слоў, яна з'яўляецца не толькі залогам даверу насельніцтва да судоў і правасуддзя, але і найважнейшым складнікам ідэалогіі беларускай дзяржавы.

"Я заўсёды гавару: людзі, людзі, людзі. Не для нейкага папулізму - мне ён не патрэбны. Мы сапраўды працуем для людзей. Калі мы гаворым, што дзяржава для народа, трэба рэалізоўваць гэту формулу. І сацыяльная справядлівасць з'яўляецца не толькі залогам даверу насельніцтва да правасуддзя, але і найважнейшым складнікам ідэалогіі беларускай дзяржавы. Запатрабаванне на гэту справядлівасць каласальнае. Не толькі ў славянскіх дзяржавах, але і ва ўсім свеце, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Вазьміце Францыю, "жоўтыя камізэлькі": "справядлівасць" - напісана на іх сцягах".

"Грамадзяне павінны быць упэўнены, што ў судзе знойдуць абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў. Гэта значыць, іх праблему пачуюць, унікнуць у жыццёвую сітуацыю, прымуць аргументаванае і ўзважанае рашэнне. І вельмі важна, каб чалавеку было зразумела, чаму суд вынес менавіта такое рашэнне, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Людзі, якія прыйшлі ў суд, павінны верыць у яго здольнасць устанавіць ісціну. Тады ім не давядзецца ў пошуку праўды звяртацца да Прэзідэнта".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што суддзям трэба быць свабоднымі пры прыняцці рашэнняў: не баяцца пракурораў, не залежаць ад меркавання следчых, не аглядацца на мясцовую ўладу, а кіравацца толькі законам. Пры гэтым ён адзначыў, што яго асабіста ніхто не можа папракнуць у тым, што ён у тых ці іншых выпадках націскаў на суддзяў, нават маючы пэўныя рычагі і паўнамоцтвы. "Галоўная мая функцыя - наадварот - засцерагчы вас пры прыняцці судовых рашэнняў ад усякага націску. Ведаю, што такое бывае. Тыя, хто ў гэтым напрамку працуюць, ведаюць маю рэакцыю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў, што адно з паўнамоцтваў Прэзідэнта - назначэнне і вызваленне суддзяў ад пасад. Больш таго, ніколі без ведама Кіраўніка дзяржавы праваахоўныя органы не дазвалялі сабе затрымаць суддзю або праводзіць у адносінах да яго аператыўна-тэхнічныя мерапрыемствы. "Суддзі раённага суда гэта або Вярхоўнага. Ніколі гэтага не было і не будзе. Але шмат выпадкаў, калі Прэзідэнту паступаюць пэўныя скаргі. У тым ліку і праваахоўныя органы мяне аб гэтым інфармуюць. І калі я бачу, што там сапраўды трэба разабрацца па сутнасці як я часта гавару, памнажайце на два (размова аб адказнасці за правапарушэнні. - Заўвага). Недапушчальна суддзям парушаць закон, на варце якога вы стаіце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"У цэнтры вашай увагі заўсёды павінен быць чалавек. Некаму трэба пераасэнсаваць бачанне сваёй прафесіі, быць больш уважлівым да людзей. А часам і ставіць сябе на месца гэтых людзей. Толькі такі суд будзе па-сапраўднаму аўтарытэтным і справядлівым, - дадаў беларускі лідар. - Усё ў законе не прапішаш. На тое і дадзена суддзю галава і яго вопыт, яго сумленнасць, прыстойнасць і прынцыповасць".

Важнейшая задача дзейнасці судовай сістэмы - фарміраванне моцнага кадравага складу. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, многія пытанні ў гэтай сферы ўжо зняты - вырашаецца сітуацыя з цякучасцю кадраў, павысіўся прэстыж прафесіі і прывабнасць работы суддзі, дзяржава забяспечыла дастойны ўзровень заработнай платы. "Пры гэтым у руках кіраўнікоў ёсць пэўныя рычагі для павышэння заработнай платы", - адзначыў ён.

"Сёння трэба гаварыць ужо пра якасць судзейскіх кадраў. Іх належная падрыхтоўка і высокі прафесіяналізм - абавязковая ўмова эфектыўнасці дзейнасці судовай улады. У першую чаргу трэба прынцыпова змяняць падыход да кандыдатаў на судзейскія пасады. У суд павінны ісці людзі, якія валодаюць самымі высокімі маральнымі якасцямі, шырокім кругаглядам і эрудыцыяй, жыццёвым вопытам. Гэта аб'ектыўнае патрабаванне сучаснага грамадства", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт не стаў выказваць сваё меркаванне аб неабходнасці перагляду канкрэтнага ўзросту, з якога чалавек мае аб'ектыўную магчымасць заняць пасаду суддзі. "Вы вызначыцеся самі. Рэдка, але бывае і ў 25 гадоў чалавек настолькі адказны, мудры, падрыхтаваны, што ён можа быць і суддзёй, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Але ў цябе абавязкова павінен быць за плячамі пэўны жыццёвы вопыт, калі перад табой сядзіць чалавек, лёс якога ты вырашаеш. А ў якім узросце ты яго атрымаеш у дастатковай колькасці, гэта вельмі індывідуальна. Таму нам трэба падумаць пры падборы кадраў на судзейскія пасады над крытэрыямі".

Прэзідэнт таксама акцэнтаваў увагу на неабходнасці ўдасканалення прафесійнага ўзроўню дзеючых суддзяў, для чаго створаны Інстытут перападрыхтоўкі суддзяў. "Але вы самі, наколькі я інфармаваны, лічаце яго работу нездавальняючай. Вучоба ў ім часам фармальная. Праграмы недастаткова адаптаваныя не толькі на перспектыву, але і да сучаснага жыцця. Пара кардынальна перабудаваць работу гэтага інстытута. Прыцягваць туды найбольш дасведчаных, вопытных, падрыхтаваных спецыялістаў, практыкаў і псіхолагаў", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе падкрэсліў абсалютную недапушчальнасць фактаў карупцыі ў самой судовай сістэме. "Можа, у нейкай ступені і набалелае пытанне барацьбы з карупцыяй - у краіне ў цэлым. Не скажу, што гэта ўжо так распаўсюджана ў судзейскім корпусе. Парадаксальна: суды выносяць вердыкты па карупцыйных злачынствах і ў той жа час асобныя суддзі самі парушаюць закон. За апошнія некалькі гадоў шэсць вашых калег былі асуджаны за карупцыю. Не скажу, што мы пракантралявалі ўсю сістэму на прадмет карупцыі, але факт ёсць факт. Вы ведаеце, колькі яшчэ звольнілі тых, хто запляміў сябе", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, гэта, безумоўна, кідае цень на ўсіх суддзяў, у той час як абсалютная большасць працуе сумленна. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што такая сітуацыя ў беларускай судовай сістэме значна лепшая, чым у шэрагу іншых краін, у тым ліку суседніх.

"Непрымірымая барацьба з карупцыяй - справа гонару самой судовай сістэмы. Чысціня судзейскіх радоў - аснова яе аўтарытэту. Людзей, схільных да злоўжыванняў, нячыстых на руку, трэба выяўляць і неадкладна ад іх пазбаўляцца, таму што далей будзе горш. Тут я падтрымліваю пазіцыю Старшыні Вярхоўнага Суда, які (пры маім строгім стаўленні да карупцыянераў) іншым часам нават больш жорстка, чым Прэзідэнт, ацэньвае некаторыя факты. І гэта правільна", - дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры рэфармаванні судовай сістэмы Вярхоўнаму Суду былі прадстаўлены паўнамоцтвы па арганізацыйным, кадравым і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні судоў. Ён кіруе ўсімі працэсамі іх жыццядзейнасці. "Думаю, што ні ў адной краіне такога няма. Такое рашэнне я прыняў таму, што судовая сістэма сапраўды павінна быць незалежнай, не трэба яе прывязваць да нейкага асінавага слупа, каб, не дай бой, не адарвалася. Мне гэта не трэба", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вышэйшая судовая інстанцыя абавязана дзейнічаць стратэгічна, працаваць на апярэджанне і, самае галоўнае, быць ініцыятыўнай. Для нас гэта вельмі важна", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён арыентаваў судзейскі корпус на тое, каб ён адсочваў у грамадстве працэсы, што адбываюцца, асабліва па слядах сваіх рашэнняў, і адзначаў тое, што мае патрэбу ў дапрацоўцы.

"Прыярытэтнай для Вярхоўнага Суда павінна стаць і аналітычная работа. Неабходна на поўную сілу задзейнічаць магутны інтэлектуальны патэнцыял, які суд мае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У першую чаргу, упэўнены Прэзідэнт, гэта датычыцца фарміравання адзіных падыходаў да прымянення заканадаўства ўсімі судамі: "Для гэтага трэба павысіць якасць работы Пленума і Прэзідыума Вярхоўнага Суда. Іх прававая пазіцыя павінна быць практыкаўтваральнай для ўсіх праваахоўных органаў".

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што Вярхоўны Суд прызнаваў неабходнасць распрацоўкі адзінага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса. "Але за пяць гадоў мы да вырашэння гэтай задачы так і не наблізіліся. Зразумела, што гэта задача не толькі судзейскага корпуса. Але калі вы ініцыявалі і прызналі, што яго трэба зрабіць, стварыць новы, падштурхніце іншых, у крайнім выпадку падкажыце мне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён перакананы, што пара актывізаваць работу, каб завяршыць распрацоўку кодэкса ў бліжэйшы час.

Прэзідэнт арыентаваў кіраўніцтва Вярхоўнага Суда на тое, каб прааналізаваць, што яшчэ засталося нявыкананым у ходзе рэфармавання судовай сістэмы. Кіраўнік дзяржавы пералічыў некаторыя з такіх прабелаў: "Ведаю, што слаба выкарыстоўваецца медыяцыя - магчымасць прымірэння бакоў да прыняцця рашэння па спрэчцы. А гэта важна: менш работы было б і валакіты. Не запатрабаваны інстытут трацейскага суда. Давайце, нарэшце, паспрабуем". Акрамя таго, на думку Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі павінен быць агульнадаступны электронны банк судовых рашэнняў.

На яго думку, сучасныя рэаліі патрабуюць паскорыць работу па інфарматызацыі судовай сістэмы, і выкарыстанне ІТ-тэхналогій у судзейскай дзейнасці дасць магчымасць рацыянальна патанніць судаводства, скараціць судовыя расходы.

Прэзідэнт пацікавіўся, як судзейскі корпус мае намер карыстацца найноўшымі тэхналогіямі і што цяпер перашкаджае ім адмовіцца ад папяровых пратаколаў судовых пасяджэнняў. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што пара пачаць ужо  фарміраванне электронных спраў: "Да 1 верасня 2020 года мы павінны ажыццявіць лічбавізацыю, як гэта модна ў нас гаварыць, на падставе найноўшых дасягненняў IT. Усе пасяджэнні Вярхоўнага Суда павінны ісці без паперак. Калі толькі ў асобных выпадках каму-небудзь патрэбны гэты канспект".

Што датычыцца ўсіх астатніх судоў, то Аляксандр Лукашэнка даручыў Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта вывучыць магчымасць ажыццяўлення поўнай лічбавізацыі судоў па ўсёй краіне, аж да раённых, да названага тэрміну. Кіраўнік дзяржавы даручыў таксама прыцягнуць да гэтай работы Парк высокіх тэхналогій і Аператыўна-аналітычны цэнтр.

Разам з тым Прэзідэнт папярэдзіў суддзяў аб павышанай адказнасці пры пераходзе на поўную аўдыя- і відэафіксацыю пасяджэнняў. "Майце на ўвазе: там вы будзеце, як на далоні. І ваш артыстызм, і ваша красамоўства, і ваш прафесіяналізм - усё на вачах. Тое, што ў папяровы пратакол сакратар часам не запісваў, там гэта ўсё будзе відаць. Гэта сістэма (я ў гэтым зацікаўлены і дзяржава ў цэлым) запатрабуе ад вас яшчэ большага прафесіяналізму, і, калі можна так сказаць, эстэтыкі. Але да гэтага трэба ісці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэтыя навацыі істотна павышаюць адкрытасць і празрыстасць правасуддзя. Укараненне электроннага судаводства ўлічваецца пры складанні міжнародных рэйтынгаў, якія вызначаюць узровень развіцця і інвестыцыйнай прывабнасці нашай дзяржавы", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён расказаў, што з боку бізнес-супольнасці часта гучаць прапановы аб неабходнасці ўнесці тыя ці іншыя папраўкі ў заканадаўства. Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да Вярхоўнага Суда з тым, каб вывучыць такія прапановы ў бліжэйшы час і вырашыць, якія з іх можна прыняць.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць даверу з боку бізнесу да судовай сістэмы і дзеючага заканадаўства: "Для таго каб тыя бізнесмены, якія прыносяць сюды свае грошы, былі цвёрда перакананы, што беларуская судовая сістэма - гэта не нейкая кішэнная сістэма, а сапраўды справядлівая структура".

Прэзідэнт выказаў перакананасць у тым, што Вярхоўны Суд не павінен заставацца ўбаку ад магістральных напрамкаў развіцця дзяржавы і грамадства. "Прымаемыя меры па стымуляванні прадпрымальніцкай актыўнасці і развіцці лічбавай эканомікі патрабуюць прававой абароны гэтых працэсаў з боку судовай улады", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Задача Вярхоўнага Суда зрабіць так, каб айчынная судовая сістэма адпавядала лепшым стандартам правасуддзя. Карысталася аўтарытэтам у юрыдычнай супольнасці як нашай краіны, так і за мяжой. Такі падыход будзе ў значнай меры садзейнічаць развіццю інавацыйных тэхналогій, прыцягненню замежных інвестыцый, павышэнню канкурэнтаздольнасці эканомікі. Вынікам гэтай нарады павінна стаць далейшае ўдасканаленне работы судовай сістэмы. Што станоўча паўплывае на імідж не толькі судоў, але і дзяржавы ў цэлым", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Нарада прадоўжылася і пасля ад'езду Кіраўніка дзяржавы. Кіраўнікі судоў розных інстанцый, праваахоўных ведамстваў і дзяржаўных органаў выказаліся аб праблемных аспектах у дзейнасці судовай сістэмы, падзяліліся сваімі меркаваннямі аб удасканаленні судовай дзейнасці.