Памер шрыфту:
A
A
A
Колер сайта:
К
К
К
Настройкі
Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

Узнагароды і прэміі Рэспублікі Беларусь

Заканадаўства аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з Закона "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь" і актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць адносіны ў гэтай сферы.

Рашэнне аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь прымае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Афармляецца такое рашэнне ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Прысваенне звання "Герой Беларусі", ганаровых званняў Рэспублікі Беларусь, узнагароджанне ордэнамі і медалямі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ва ўрачыстай абстаноўцы.

Дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Беларусь аддаецца ўзнагароджанаму асабіста. Уручае дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь або іншыя службовыя асобы па яго даручэнні.

У выпадку прысваення звання "Герой Беларусі", ганаровага звання Рэспублікі Беларусь, узнагароджання ордэнам, медалём Рэспублікі Беларусь адначасова з уручэннем дзяржаўнай узнагароды выдаецца пасведчанне.

Асобам, удастоеным ганаровых званняў Рэспублікі Беларусь, уручаецца нагрудны знак.

Дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь

У Рэспубліцы Беларусь устаноўлены наступныя дзяржаўныя ўзнагароды:

Званне "Герой Беларусі"

Медаль "Герой Беларусі"
Званне "Герой Беларусі" – вышэйшая ступень адзнакі Рэспублікі Беларусь і дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Беларусь за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам, здзейсненым у імя свабоды, незалежнасці і працвітання Рэспублікі Беларусь.

Званне ўведзена Законам "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь" ад 13.04.1995. Званне прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь толькі адзін раз. Узнагароджанне можа быць ажыццёўлена пасмяротна. Героем Беларусі могуць стаць не толькі грамадзяне Беларусі, але і замежныя грамадзяне або асобы без грамадзянства.

Асобам, удастоеным звання "Герой Беларусі", уручаецца знак асаблiвай адзнакі – медаль Героя Беларусі.

Медаль Героя Беларусі носіцца на левым баку грудзей над ордэнамі і медалямі.

Цяпер звання "Герой Беларусі" ўдастоены 11 грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Знак асаблiвай адзнакі – медаль Героя Беларусі

Медаль Героя Беларусі ўяўляе сабой пяціканцовую зорку з гладкімі шматграннымі прамянямі на вонкавым баку, упісаную ў круг дыяметрам 33 мм. Адваротны бок медаля мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзiцца нумар медаля.

Медаль пры дапамозе вушка i кольца злучаецца з калодкай прамавугольнай формы. Уздоўж асновы калодкі ідуць проразі, унутраная яе частка абцягнута муаравай стужкай чырвонага колеру з падоўжнай зялёнай палоскай з правага краю.

Медаль і калодка да яго вырабляюцца з золата 585-й пробы, вага іх 19 грамаў.

Прэміі Рэспублікі Беларусь

Прэміі Рэспублікі Беларусь уручаюцца за дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры, за ўклад у развіццё краіны, сцвярджэнне духоўных каштоўнасцей і з'яўляюцца сведчаннем вышэйшага прызнання заслуг лаўрэатаў прэмій перад грамадствам і дзяржавай.

Дзяржаўныя прэміі Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь з'яўляецца вышэйшым прызнаннем заслуг дзеячаў навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры перад грамадствам і дзяржавай. Дзяржаўныя прэміі прадугледжваюцца ў выглядзе:

Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі;

Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.
Вылучэнне работ на саісканне Дзяржаўнай прэміі і адбор кандыдатаў у саіскальнікі Дзяржаўнай прэміі павінны ажыццяўляцца публічна ў абставінах высокай патрабавальнасці да ацэнкі работы і творчага ўкладу кожнага кандыдата пры шырокім удзеле грамадскасці.

Дзяржаўная прэмія прысуджаецца аднаму саіскальніку або калектыву саіскальнікаў, які складаецца не больш як з трох чалавек. Не дапускаецца ўключэнне ў калектыў саіскальнікаў Дзяржаўнай прэміі асоб, якія ажыццяўлялі ў працэсе выканання работы толькі адміністрацыйныя, кансультацыйныя або арганізацыйныя функцыі.

Падрыхтоўка прапаноў аб прысуджэнні дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь праводзіцца Камітэтам па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь з далейшым унясеннем гэтых прапаноў ва ўстаноўленым парадку на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Камітэт падпарадкоўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

У склад Камітэта ўваходзяць Прэзідыум, падкамітэт па Дзяржаўных прэміях у галіне навукі і тэхнікі, а таксама падкамітэт па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

Прэзідыум Камітэта ўзначальваюць старшыня і два намеснікі – старшыні падкамітэтаў.

Камітэт фарміруецца з буйных кіраўнікоў, спецыялістаў-практыкаў, выдатных вучоных, майстроў літаратуры, мастацтва, архітэктуры. Склад Прэзідыума Камітэта і двух падкамітэтаў зацвярджаецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

Асобе, якой прысуджана Дзяржаўная прэмія, прысвойваецца званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і ўручаюцца Ганаровы знак лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і Дыплом лаўрэата Дзяржаўнай прэміі.

Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прысуджаюцца прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, дзеячам навукі, культуры і мастацтва, якія дабіліся значных вынікаў у творчай, культурна-асветнай, навуковай, педагагічнай дзейнасці, што атрымалі вялікае грамадскае прызнанне, а таксама спартсменам за значны ўклад у развіццё масавага фізкультурнага руху і спорту.

Штогод прысуджаюцца:

Прэмія "За духоўнае адраджэнне"

Спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Беларускі спартыўны Алімп"

Вылучэнне саіскальнікаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва ажыццяўляецца арганізацыямі, калектывамі работнікаў на пасяджэннях калегіяльных органаў або сходах калектываў работнікаў у абставінах высокай патрабавальнасці, адкрытасці і публічнасці.

Вылучэнне кандыдатур на саісканне спецыяльнай прэміі "Беларускі спартыўны Алімп" праводзіцца ўпраўленнямі і аддзеламі фізічнай культуры, спорту і турызму мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, арганізацыямі фізічнай культуры і спорту (Нацыянальным алімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі федэрацыямі (асацыяцыямі, саюзамі) па відах спорту, фізкультурна-спартыўнымі таварыствамі, клубамі па відах спорту, спецыялізаванымі вучэбна-спартыўнымі ўстановамі, спартыўнымі комплексамі і іншымі арганізацыямі фізічнай культуры і спорту).

Прэміі прысуджаюцца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўручаюцца ва ўрачыстай абстаноўцы.

Прэзідэнт Падзеі Дакументы Дзяржава Беларусь
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Настройкі шрыфту
Шрыфт:
Trebuchet MS
Georgia
Iнтэрвал памiж лiтарамі:
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема:
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Цёмна-сінім
па блакітным
Карычневым
па бэжавым
Вярнуць стандартныя настройкі
Закрыць