Культура

Агульная характарыстыка сферы культуры

Культура

Самабытная мастацкая культура Беларусі фарміравалася на працягу стагоддзяў. Вякамі з пакалення ў пакаленне перадаваліся багацейшыя духоўныя каштоўнасці, якія праслаўляюць маральную сутнасць чалавека. У іх – высокія ідэалы дабра і справядлівасці, павагі да навакольных, рашучага непрымання зла і насілля. На працягу ўсёй гісторыі нашу краіну праслаўлялі і прадаўжаюць праслаўляць арыгінальныя архітэктурныя і мастацкія школы, непаўторныя творы музыкі і літаратуры.

Асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы прадугледжаны Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры. У гэтым дакуменце ўстаноўлены прававыя, арганізацыйныя, эканамічныя і сацыяльныя асновы культурнай дзейнасці, рэгулююцца праваадносіны ў галіне захавання і развіцця культурных каштоўнасцей, аховы гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны; бібліятэчнай і музейнай справы; кінематографа; народнага мастацкага рамяства, калектываў мастацкай самадзейнасці; арганізацыі культурных мерапрыемстваў і адпачынку насельніцтва; заахвочвання ў сферы культуры.

У 2016-2020 гг. выконвалася Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі", асноўнай мэтай якой было захаванне гістарычнай памяці беларускага народа, яго нацыянальна-культурнай самабытнасці і традыцый; актыўнае ўключэнне грамадзян у культурнае жыццё краіны, рэалізацыя творчага патэнцыялу нацыі; садзейнічанне захаванню нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларускай дыяспары.

Сучаснае культурнае жыццё Беларусі дынамічнае і разнастайнае. Праходзіць шмат мастацкіх выстаў, музычных, тэатральных і кінематаграфічных фестываляў. Усе яны даступныя як беларусам, так і гасцям краіны.

Сёння ў сферы культуры функцыянуе каля 5,6 тыс. дзяржаўных арганізацый (з улікам адасобленых структурных падраздзяленняў і філіялаў): клубы (2593), публічныя бібліятэкі (2509), музеі (160), тэатральна-відовішчныя арганізацыі (52, у тым ліку 28 тэатраў, 22 канцэртныя арганізацыі, 2 цыркі), паркі (11), заапаркі (5), метадычныя цэнтры народнай творчасці (12).

Важным дасягненнем варта лічыць захаваную цэласную сістэму адукацыі ў сферы культуры, што паспяхова развіваецца.

У Беларусі дзейнічае трохузроўневая сістэма падрыхтоўкі кадраў, якая ўключае 403 дзіцячыя школы мастацтваў, 20 устаноў сярэдняй спецыяльнай і тры ўстановы вышэйшай адукацыі.