У Беларусі ўстаноўлены льготы па ПДВ пры ўвозе абсталявання, якое не мае аналагаў у краіне

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 сакавіка падпісаў Указ № 77 "Аб вызваленні ад падатку на дабаўленую вартасць", накіраваны на стымуляванне правядзення мадэрнізацыі існуючых і стварэнне новых вытворчасцей.

    У адпаведнасці з дакументам ад ПДВ вызваляецца ўвозімае ў Беларусь тэхналагічнае абсталяванне, аналагі якога ў краіне не вырабляюцца, а таксама камплектуючыя і запасныя часткі да яго.

    Устаноўлены абавязковыя ўмовы прымянення суб'ектам гаспадарання дадзенай ільготы. Гэта, у прыватнасці, прадстаўленне заключэння ўпаўнаважанага Урадам органа аб адсутнасці ў Беларусі вытворчасці аналагаў, а таксама прыняцце ўвезенай маёмасці на ўлік у якасці аб'екта асноўных сродкаў і выкарыстанне яе пры вытворчасці прадукцыі (выкананні работ, аказанні паслуг).