Урачыстая цырымонія ўшаноўвання беларускіх касманаўтаў

  • 18
  • 13:36

Палёт касманаўта Марыны Васілеўскай на МКС вывеў суверэнную Беларусь на новы ўзровень удзелу ў касмічных праграмах і новы ўзровень саюзных адносін з Расіяй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 красавіка на ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання беларускіх касманаўтаў.

Кіраўнік дзяржавы, адкрываючы мерапрыемства, звярнуў увагу, што апошнія два тыдні краіна жыла пад адным лозунгам, ідэяй: "Космас наш!"

"Усе мы аб гэтым думалі, марылі - здзейснілася", - сказаў Прэзідэнт. Менавіта з гэтымі словамі, заўважыў ён, у краіне праводзілі і сустракалі першага ў гісторыі суверэннай Беларусі касманаўта - Марыну Васілеўскую.

"Вядома, мы ганарымся нашымі землякамі - усімі, хто ў розныя гады прыносіў славу сваёй Радзіме, развіваючы касмічныя тэхналогіі і пакараючы космас", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

З асаблівай цеплынёй у Беларусі радуюцца, садзейнічаюць, наколькі гэта магчыма, поспехам свайго суайчынніка Алега Навіцкага, які падставіў плячо і зрабіў усё, каб Марына Васілеўская змагла адаптавацца да складаных умоў і вырашэння нестандартных задач, адзначыў Прэзідэнт.

"Яе палёт - гэта новы ўзровень удзелу ў касмічных праграмах, паўтару, суверэннай Беларусі і новы ўзровень саюзных, вельмі добрых, братэрскіх адносін Беларусі і Расіі, нашых народаў", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, сімвалам братэрскіх сувязей двух народаў сталі дзяржаўныя сцягі, разгорнутыя на вышыні больш як 400 км ад Зямлі.

У Беларусі з заміраннем сэрца сачылі за палётам, захапляліся смеласцю і мэтанакіраванасцю сваёй суайчынніцы, падкрэсліў Прэзідэнт. Але ў той жа час краіна можа ганарыцца ўсімі дзяўчатамі - удзельніцамі праекта, якіх было больш за дзве тысячы (а пасля палёту касманаўткі жадаючых накіравацца ў космас стала яшчэ больш). Усе яны дастойныя, нацэленыя выпрабаваць грані сваіх магчымасцей і апраўдаць чаканні мільёнаў беларусаў. Аляксандр Лукашэнка шчыра падзякаваў кожнай: "Вы разумніцы, прыгажуні, сапраўдныя патрыёткі Беларусі".

"Табе, Марына, можна сказаць, пашанцавала больш за іншых. Але ты сама малайчына. Ты заслужыла гэты палёт, абсалютна аб'ектыўна. Было нялёгка. За спінай самае цяжкае - трэніроўкі, перажыванні, стрэсы", - сказаў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што на асабістым вопыце ведае аб перажываннях, хваляваннях, асабліва перад стартам касмічнага карабля. Бо запуск не заўсёды бывае паспяховым, і ў гісторыі Беларусі было такое - з запускам першага айчыннага спадарожніка. Хапіла хваляванняў і экіпажу з удзелам Марыны Васілеўскай, калі першы старт не адбыўся і быў перанесены на іншую дату. "Я ведаю, што такое "Ключ на старт, пуск" - ракета спыняецца, "прыкурыла", як касманаўты кажуць, і спынілася. Гэта самы хвалюючы момант. І твая вытрымка мяне проста ўразіла. Малайчына!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Цяпер самы цяжкі для першага касманаўта час ужо мінуў, але ў цэлым яе місія толькі пачалася. "Я ведаю, што такое быць першым. Сёння ты ўвайшла ў кожную беларускую сям'ю, ва ўсе тыя сем'і, якія назіралі за табой, перажывалі разам з табой, тваімі бацькамі. Момант раптоўнай славы - гэта новы груз адказнасці, вельмі цяжкі, які табе давядзецца несці ўжо ўсё жыццё. Я ўпэўнены - ты справішся. Мы табе не дадзім зачарсцвець, застыць, закасцянець. Табе давядзецца вельмі шмат працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У складзе экіпажа разам з Марынай Васілеўскай былі касманаўт "Раскосмасу", камандзір Алег Навіцкі і астранаўт NASA з ЗША Трэйсі Дайсан.

"Марына паміж дзвюх імперый - расійская, самая перадавая ў космасе, і амерыканцы. Вы разумееце, гэта не проста імідж. Гэта найвялікшая перамога нашай краіны. Народ наш гэта заслужыў", - падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь і ў далейшым будзе рухацца ў напрамку развіцця касмічных тэхналогій: "Мы будзем рабіць усё, і яшчэ нямала зробім".

У прыватнасці, 12 красавіка, у Дзень касманаўтыкі, абмеркаванне гэтай тэматыкі прадоўжыцца ў час маючага адбыцца візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію і перагавораў з Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. "Будзем весці дыялог пра будзённыя справы, пра будучыню, пра развіццё нашай касманаўтыкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі нехта ляпае, асабліва за мяжой, і думае: "Вось, як гэты Лукашэнка Марыну закінуў у космас, гэта нам не трэба"… Нам гэта трэба. Мы - касмічная краіна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Менавіта дзякуючы наяўнасці айчынных напрацовак і тэхналогій у гэтай сферы і стаў магчымы палёт беларускага касманаўта ў цесным супрацоўніцтве з Расіяй. "Калі б не было развіцця космасу ў Беларусі, з намі ніхто не размаўляў бы. Нам ніхто і не прапанаваў бы ляцець у космас", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь умее рабіць для космасу вельмі шмат. Напрыклад, у бліжэйшыя гады краіна рыхтуецца разам з Расіяй запусціць на арбіту сучасны спадарожнік з высокім распазнаваннем, які дазваляе з космасу выразна ўбачыць на Зямлі прадметы памерам з запалкавы пачак. "Гэта найвышэйшыя тэхналогіі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. У гэтым жа шэрагу ён назваў такія сферы, як атамная энергетыка і біятэхналогіі, электратранспарт. "Мы рушылі наперад тут значна. Галоўнае - не спыняцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама шчыра падзякаваў Настассі Лянковай: "Ты малайчына, усе выпрабаванні, як і першы касманаўт, прайшла з гонарам. Я гэта дакладна ведаю. Зразумела, ведаю, што ты перажывала (я таксама перажываў бы), калі ты за адзін крок ад сваёй мары і атрымліваецца крыху па-іншаму. Але ты трымалася годна. А напрацаваны вопыт, абяцаю, не знікне. Мы прыкладзём усе намаганні, каб твой вопыт і твая мара здзейснілася".

Словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў таксама ўсім, хто забяспечваў навуковае суправаджэнне праекта, арганізоўваў яго, рыхтаваў дзяўчат да палёту: вучоным, медыкам, трэнерам і выкладчыкам - кожнаму, хто дапамог ім стаць яшчэ больш упэўненым у сабе. Асобна Кіраўнік дзяржавы падзякаваў бацькам касманаўтак за тое, што яны выхавалі дастойных дачок.

"Шчыра кажучы, я вельмі хацеў, каб дзяўчаты паляцелі і сталі першымі касманаўтамі ў "жаночага" Прэзідэнта Беларусі (так часта называюць Аляксандра Лукашэнку за значную падтрымку з боку жанчын. - Заўвага). Я падумаў: напэўна, перад жанчынамі я ўжо разлічыўся, яны ўжо не павінны мне прад'яўляць нейкія прэтэнзіі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт павіншаваў усіх з надыходзячым міжнародным Днём касманаўтыкі: "Цяпер гэта свята стане часткай усёй вашай і нашай асабістай гісторыі!"

Аляксандр Лукашэнка ўручыў Марыне Васілеўскай медаль Героя Беларусі, а таксама пасведчанне касманаўта ў час урачыстай цырымоніі, дзе прысутнічалі іншыя ўдзельнікі і арганізатары касмічнага палёту, а таксама бацькі дзяўчыны.

Ордэнам Пашаны ўзнагароджаны Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Медаль "За працоўныя заслугі" Прэзідэнт уручыў генеральнаму дырэктару авіякампаніі "Белавія" Ігару Чаргінцу, а спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - касманаўту Настассі Лянковай і намесніку начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Беларусі Івану Бучу.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў падзячныя пісьмы Прэзідэнта бацькам Марыны Васілеўскай і Настассі Лянковай.