Сустрэча з губернатарам Чалябінскай вобласці Расійскай Федэрацыі Барысам Дуброўскім

  • 1
Беларусь і Чалябінская вобласць маюць добрую базу для стварэння сумесных прадпрыемстваў, высокатэхналагічнага, канкурэнтаздольнага прадукту.  Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 красавіка на сустрэчы з губернатарам Чалябінскай вобласці Расійскай Федэрацыі Барысам Дуброўскім.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Чалябінская вобласць даўно з'яўляецца надзейным партнёрам Беларусі. "У нас ужо багаты вопыт супрацоўніцтва ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы і іншых галінах. Лічу, што тэндэнцыя скарачэння тавараабароту, якая з'явілася апошнія два гады, ні вас, ні нас не задавольвае. Мы павінны знайсці шляхі, каб выйсці з гэтага становішча, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Чалябінская вобласць, як і Беларусь, мае вельмі развітое машынабудаванне, абаронна-прамысловы комплекс. І гэта добрая база для стварэння сумесных прадпрыемстваў высокатэхналагічнага, канкурэнтаздольнага прадукту".

Прыклады такога супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Чалябінскай вобласцю ўжо ёсць: зборка вузлоў і агрэгатаў для велікагрузных аўтамабіляў БелАЗ, трактароў МТЗ, іншай беларускай сельгастэхнікі. На канвееры прадпрыемстваў Чалябінскай вобласці пастаўляюцца беларускія аўтакампаненты.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка абазначыў некалькі перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва. Так, Беларусі цікавы фарміруемы ў Чалябінскай вобласці магутны станкабудаўнічы кластар. "Наш холдынг "Белстанкаінструмент" быў бы, напэўна, вельмі зацікаўлены ў цесным супрацоўніцтве з гэтым кластарам", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, перспектыўным з'яўляецца супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі. Беларускі бок гатовы падзяліцца з дэлегацыяй Чалябінскай вобласці паспяховым вопытам у гэтай сферы. "Лічу, што і па гэтых пытаннях мы прыйдзем да пэўных пагадненняў, асабліва ў сферы сельскагаспадарчай навукі. Без яе немагчыма развіццё вёскі", - адзначыў Прэзідэнт. "Што датычыцца будаўнічай галіны, мы таксама маем пэўны вопыт праектавання і ўзвядзення будаўнічых аб'ектаў як грамадзянскай, так і прамысловай інфраструктуры. Калі ў вас будзе цікавасць, мы гатовы з вамі працаваць і ў гэтым напрамку, гатовы падзяліцца вопытам у сферы распрацоўкі прымянення новых матэрыялаў, тэхналогій", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі і Чалябінскай вобласці шмат агульных падыходаў і па пэўных напрамках ужо вядзецца актыўнае супрацоўніцтва ў розных сферах, сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок аператыўна разгледзіць усе прапановы дэлегацыі Чалябінскай вобласці, унясе свае. "У нас ёсць рашучасць неадкладна прымаць рашэнні і рухацца ў напрамку мабілізацыі нашых працоўных рэсурсаў для рэалізацыі гэтых рашэнняў і нашых будучых пагадненняў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сустрэча з губернатарам Чалябінскай вобласці праходзіць напярэдадні 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Прэзідэнт перадаў чалябінцам і беларускай дыяспары ў гэтым расійскім рэгіёне самыя добрыя пажаданні, дадаўшы, што самае галоўнае цяпер для беларусаў і ўсіх расіян - упэўненасць у будучым. "Сёння гэта ўпэўненасць вельмі патрэбна не толькі беларусам, але і расіянам, у той сітуацыі, у якой Расійская Федэрацыя апынулася ў сувязі з пэўнымі знешнімі праблемамі і націскамі. Мы вытрымлівалі і не такое ў сваёй гісторыі, лічу, пераадолеем і наступствы гэтых негатыўных з'яў", - выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка.

Губернатар Чалябінскай вобласці Барыс Дуброўскі ў сваю чаргу праінфармаваў, што ў ходзе візіту ў Беларусь адбудуцца перагаворы з кіраўніцтвам Мінскага завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, дзе плануецца абмеркаваць магчымасці ўдзелу прадпрыемства ў станкабудаўнічым кластары, што фарміруецца ў расійскім рэгіёне. Пры стварэнні гэтага кластара плануецца таксама арганізаваць буйную ліцейную вытворчасць для выпуску станін для станкабудавання. Расійскі бок запрашае беларускіх інвестараў прыняць удзел у гэтым праекце.