Сустрэча са старшынёй праўлення Банка развіцця Сяргеем Румасам

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 27 красавіка правёў рабочую сустрэчу са старшынёй праўлення Банка развіцця Сяргеем Румасам.

Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб выніках дзейнасці Банка і яго даччыных прадпрыемстваў у 2016 годзе і першым квартале гэтага года.

У цэлым быў абмеркаваны шырокі пералік эканамічных пытанняў. "Хацеў бы, каб Вы мне ахарактарызавалі сітуацыю ў эканоміцы і, зразумела, у крывяноснай сістэме нашай эканомікі - фінансах. Як прафесійны банкір, як фінансіст, як чалавек, які нямала прапрацаваў ва Урадзе, Вы гэта адчуваеце, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Магчыма, у Вас будуць нейкія насцярожваючыя фактары, я хацеў бы, калі яны ёсць, каб Вы мяне папярэдзілі і выклалі мне гэтыя факты".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што "гэта будзе вельмі важна для прыняцця рашэння ў будучым". Прэзідэнт пацікавіўся пунктам гледжання Сяргея Румаса, што трэба было б зрабіць у гэтым плане Нацыянальнаму банку і, магчыма, Ураду. "Тым больш, што я Вас прасіў, каб вы трымалі руку на пульсе і пастараліся акумуляваць сітуацыю ў банкаўскім асяроддзі", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

У цэнтры ўвагі былі ў тым ліку вынікі работы і перспектывы развіцця прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі, якія перададзены Банку развіцця. Кіраўнік дзяржавы адобрыў асноўныя палажэнні новай пяцігадовай стратэгіі развіцця дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. У бліжэйшы час з улікам даручэнняў Прэзідэнта гэта стратэгія будзе вынесена на зацвярджэнне выканаўчых органаў Банка.

У ліку разгледжаных на сустрэчы была тэма адраджэння Палесся, адкуль, дарэчы, родам кіраўнік Банка развіцця. Аляксандр Лукашэнка спытаў, што, на думку мясцовых жыхароў, трэба было б яшчэ зрабіць для развіцця гэтага рэгіёна. Прэзідэнт закрануў таксама пытанні севазвароту на меліяраваных землях, да якіх трэба падыходзіць больш сур'ёзна. Напрыклад, як паказвае вопыт бягучага года, не ўсё было зроблена правільна.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся тэмай сямейнага капіталу, сітуацыяй з развіццём аграсядзіб, а таксама рэалізацыяй праекта "Школьны аўтобус". За пяць гадоў Банк развіцця з улікам закупкі 2017 года прадаставіў абласцям для перавозкі дзяцей у буйныя населеныя пункты 330 школьных аўтобусаў.

Аляксандр Лукашэнка даў даручэнні па рэалізацыі гэтым Банкам іншых праектаў, якія будуць датычыцца ўдасканалення матэрыяльнай базы аховы здароўя і навучальнага працэсу ў школах.