Нарада па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу

  • 1

Маючыя адбыцца парламенцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці ў дэмакратычнай і спакойнай атмасферы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 красавіка на нарадзе па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу.

"Народнае волевыяўленне, паводле існуючай практыкі, павінна прайсці ў абсалютна дэмакратычнай і спакойнай атмасферы і, самае галоўнае, на найвышэйшым арганізацыйным узроўні, як гэта ў нас заўсёды было", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць фарміраванню выбарчых камісій, у склад якіх павінны ўвайсці дастойныя прадстаўнікі працоўных калектываў, палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. "Па традыцыі ў краіну прыедуць і міжнародныя наглядальнікі. Абмяжоўваць іх колькасць нам не трэба", - заявіў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што запрашэнні замежным партнёрам трэба накіраваць пасля таго, як будуць назначаны даты правядзення выбараў.

На нарадзе таксама абмяркоўваліся прапановы па ўдасканаленні выбарчага працэсу, у тым ліку на аснове рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, выпрацаваныя міжведамаснай экспертнай групай, якая была створана па даручэнні Прэзідэнта. "Асобныя, напэўна, могуць быць рэалізаваны цяпер, іншыя - у далейшым, пры карэкціроўцы норм Выбарчага кодэкса", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў неабходнасць дакладна вызначыць тыя з рэкамендацый міжнародных наглядальнікаў, якія можна ўзяць пад увагу ў першачарговым парадку, і не ўлічваць прапановы, якія будуць ісці ў разрэз з інтарэсамі беларускага народа. "Нельга забываць, што ў выбарчай кампаніі мы абавязаны кіравацца перш за ўсё ўласным заканадаўствам", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што беларускае выбарчае заканадаўства адпавядае міжнародным прынцыпам і ўлічвае правілы і традыцыі правядзення выбараў, якія склаліся ў Беларусі. "Прынамсі, наша заканадаўства не горшае, чым у іншых дзяржаў, дзе праходзілі адпаведныя выбары, якія былі прызнаны міжнароднымі структурамі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Па выніках нарады Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з датай 11 верасня для правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Што датычыцца выбараў у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, прадугледжваецца, што яны пройдуць паэтапна з 18 чэрвеня па 18 верасня гэтага года. Афіцыйны старт выбарчай кампаніі плануецца даць 7 чэрвеня.