Афіцыйны візіт Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава

  • 4

Туркменістан з'яўляецца надзейным партнёрам Беларусі ў Цэнтральнай Азіі, сувязі з якім да ўзаемнай выгады краін мацнеюць з году ў год. Аб гэтым заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 27 красавіка на сустрэчы ў Мінску з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым.

Нягледзячы на рэалізацыю бакамі шэрагу буйных двухбаковых праектаў, лідары дзвюх краін канстатавалі наяўнасць у Беларусі і Туркменістана значнага патэнцыялу па пашырэнні супрацоўніцтва і пацвердзілі гатоўнасць фарміраваць новыя напрамкі ўзаемадзеяння.

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў плённае развіццё адносін паміж Беларуссю і Туркменістанам ва ўсіх сферах.

Звяртаючыся да Гурбангулы Бердымухамедава, Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што вітае яго ў Беларусі "як асабістага сябра, як сябра беларускага народа".

"Гэта не дзяжурныя словы. Вы зрабілі для нас шмат, вы далі магчымасць удзельнічаць у дзяржаўных і недзяржаўных праграмах вашай краіны, гэта дало магчымасць дазагрузіць нашы прамысловыя прадпрыемствы, асабліва гіганты", - сказаў Прэзідэнт Беларусі. Ён звярнуў увагу на тое, што ў Туркменістан з Беларусі пастаўляецца шмат сельскагаспадарчых машын, трактароў. З туркменскага боку ёсць зацікаўленасць працаваць з БелАЗам. Беларусь удзельнічае ў будаўніцтве ў Туркменістане горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў. Акрамя таго, паспяхова развіваюцца адносіны ў галіне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, культуры і спорту, у адукацыйнай сферы.

"Словам, супрацоўніцтва ідзе па ўсіх напрамках", - канстатаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Звяртаючыся да туркменскага калегі, ён адзначыў: "За гады вашага прэзідэнцтва мы зрабілі больш, чым за гісторыю адносін паміж Беларуссю і Туркменістанам. Мы ведаем, што калі ёсць роўныя ўмовы, вы заўсёды аддаяце перавагу беларусам".

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Гурбангулы Бердымухамедаву за яго добрае стаўленне да Беларусі. "Але самае галоўнае за тое, што вы трымаеце слова. Мы дамовіліся пракантраляваць на вышэйшым узроўні нашы адносіны, і з гэтай мэтай вы прыехалі да нас, вырашаць тыя праблемы, якія існуюць у нашых адносінах", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт Туркменістана ў сваю чаргу падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за запрашэнне наведаць Беларусь і адзначыў яго вялікі асабісты ўклад у развіццё беларуска-туркменскіх сувязей. Ён нагадаў, што літаральна ў мінулым годзе Прэзідэнт Беларусі з афіцыйным візітам пабываў у Туркменістане, у час якога былі намечаны добрыя планы па супрацоўніцтве ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай сферах, якія эфектыўна рэалізуюцца.

Закранаючы тэму палітычнага супрацоўніцтва, Гурбангулы Бердымухамедаў сказаў аб падабенстве пазіцый дзвюх краін і падтрымцы адзін аднаго на міжнароднай арэне.

Прэзідэнт Туркменістана падкрэсліў, што намеціліся добрыя тэндэнцыі ў двухбаковым гандлёва-эканамічным узаемадзеянні, аб чым сведчыць і павелічэнне тавараабароту. "Мы карыстаемся беларускімі трактарамі, сельгастэхнікай і будзем імкнуцца ўтрымліваць гэту тэндэнцыю і ў далейшым", - сказаў Гурбангулы Бердымухамедаў.

Ён выказаў упэўненасць, што візіт будзе садзейнічаць далейшаму развіццю двухбаковага супрацоўніцтва.

Пасля завяршэння перагавораў у фармаце сам-насам кіраўнікі дзяржаў перайшлі ў залу, дзе іх чакалі члены дэлегацый.

"Прыкладзеныя намі апошнім часам сумесныя намаганні далі магчымасць дасягнуць канкрэтных і значных вынікаў двухбаковага супрацоўніцтва: умацавання палітычнага дыялогу, гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязей", - канстатаваў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сучасны Туркменістан стаў для Беларусі сапраўдным стратэгічным партнёрам.

Ён лічыць, што ў Беларусі і Туркменістана ёсць значны патэнцыял для нарошчвання супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што знешнегандлёвы абарот паміж Беларуссю і Туркменістанам за апошнія чатыры гады вырас у пяць разоў і ў 2011 годзе перавысіў $200 млн. А па выніках першага квартала бакі плануюць выйсці на аб'ём узаемнага гандлю ў $320 млн., такім чынам перасягнуўшы ўзровень тавараабароту за папярэднія 5 гадоў.

"Мы павінны прыкласці далейшыя сумесныя намаганні, каб не проста захаваць цяперашні ўзровень эканамічных адносін, але і яшчэ больш актыўна рухацца наперад", - падкрэсліў беларускі лідар.

Беларусь рэалізуе ў Туркменістане шмат праектаў, пастаўляе туды сельскагаспадарчую тэхніку, гарадскі, пасажырскі і камунальны транспарт, удзельнічае ў будаўніцтве горна-абагачальнага камбіната, навучае туркменскую моладзь у ВНУ, шырока ўзаемадзейнічае ў сферы адукацыі, спорту і турызму.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што ключавым для двухбаковых адносін застаецца праект будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Паводле слоў Кіраўніка беларускай дзяржавы, увага да яго ў абедзвюх краінах не слабее ні на хвіліну, у тым ліку на ўзроўні прэзідэнтаў. "Гэтаму знакаваму праекту дадзена "зялёная вуліца", і ўсе пытанні, якія ўзнікаюць, вырашаюцца аператыўна і якасна. Упэўнены, што ў 2014 - пачатку 2015 года мы зможам перарэзаць стужку пры адкрыцці першага, але далёка не апошняга аб'екта калійнай індустрыі Туркменістана", - сказаў беларускі лідар.

Яшчэ адным важным напрамкам двухбаковага супрацоўніцтва з'яўляецца пастаўка ў Туркменістан беларускай тэхнікі, якая добра сябе зарэкамендавала ў няпростых умовах надвор'я Туркменістана.

Прэзідэнты дамовіліся аб пастаўках беларускай сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі ў Туркменістан, падпісаўшы адпаведнае міждзяржаўнае пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Беларускі бок абавязуецца арганізаваць сэрвіснае абслугоўванне ў Туркменістане пастаўляемай тэхнікі на ўвесь час гарантыйнага перыяду, а таксама адпраўляць на працягу 10 гадоў пасля спынення вытворчасці гэтага віду тэхнікі запасныя часткі да яе. Акрамя таго, Беларусь арганізуе навучанне спецыялістаў па рабоце з тэхнікай і яе абслугоўванню.

Беларусь таксама прапануе стварыць у Туркменістане навучальную ўстанову па падрыхтоўцы кадраў сярэдняга звяна. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што такая навучальная ўстанова зможа ў тым ліку закрыць патрэбы ў кадрах гарнаруднай вытворчасці, якая ствараецца ў Лебапскім вілаяце. Адпаведныя прапановы прапрацоўваюцца міністэрствамі адукацыі дзвюх краін.

"Адна з асноўных састаўных частак нашага партнёрства - яго чалавечае вымярэнне. Ужо на працягу многіх гадоў ні адна двухбаковая сустрэча не абыходзіцца без прыняцця сумесных рашэнняў у галіне адукацыі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў гэтым навучальным годзе ў розных рэгіёнах Беларусі навучаецца каля 6 тыс. туркменскіх грамадзян, з якіх 200 чалавек - па спецыяльнасцях для работы на Гарлыкскім горна-абагачальным камбінаце. "Беларусь з'яўляецца ключавым партнёрам па навучанні нашых студэнтаў", - сказаў Гурбангулы Бердымухамедаў.

На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, узаемадзеянне ў гэтай сферы стварае ў цэлым доўгатэрміновую аснову для двухбаковых адносін.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова прыняць актыўны ўдзел у рэалізацыі сумесных з Туркменістанам праектаў, у тым ліку па стварэнні магутнага сучаснага вытворчага патэнцыялу краіны.

"Даверны ўзровень нашых адносін дае магчымасць нам не толькі эфектыўна рэалізоўваць дасягнутыя дамоўленасці, але і актыўна фарміраваць новыя напрамкі ўзаемадзеяння", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Гурбангулы Бердымухамедаў запрасіў Беларусь удзельнічаць у мадэрнізацыі Туркменістана. Ён расказаў, што ў пачатку года ў краіне прынята праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Туркменістана на 2012-2016 гады. Згодна з ёю вялікая ўвага будзе ўдзяляцца развіццю сельскай гаспадаркі, гарадской інфраструктуры, дарог. "Я вельмі хацеў бы, каб нашы беларускія сябры таксама маглі прымаць удзел у гэтых мерапрыемствах і нарошчвалі сваю інвестыцыйную актыўнасць", - падкрэсліў Прэзідэнт Туркменістана.

Цяпер у Туркменістане дзейнічае 15 прадпрыемстваў з удзелам беларускага капіталу, зарэгістравана 13 інвестпраектаў з удзелам Беларусі на агульную суму $1 млрд. 123 млн. "Я думаю, што гэтыя паказчыкі будуць ісці па нарастаючай", - лічыць Прэзідэнт Туркменістана.

Паводле яго слоў, прадугледжваецца стварэнне ў Туркменістане высокатэхналагічных вытворчасцей. "Гэта якраз тое, што добра развіта ў вашай краіне", - адзначыў Гурбангулы Бердымухамедаў.

Туркменістан гатовы пашырыць наменклатуру закупляемай беларускай машынабудаўнічай прадукцыі, а таксама зацікаўлены ў набыцці беларускай сельскагаспадарчай, дарожнай, будаўнічай, камунальнай тэхнікі. "Мы ў Беларусі закупляем шмат тэхнікі, якая паказала сябе з якаснага боку, таму мы і ў далейшым будзем імпартаваць вашу прадукцыю", - сказаў Гурбангулы Бердымухамедаў. Акрамя таго, Туркменістан набывае беларускія станкі, абсталяванне, будматэрыялы, прадукты харчавання, медыкаменты.

Беларусь і Туркменістан ствараюць Дзелавы савет па супрацоўніцтве, які будзе садзейнічаць прыцягненню дзелавых колаў, малога і сярэдняга бізнесу да больш актыўнага ўдзелу ў рэалізацыі сумесных праектаў.

Падводзячы вынікі праведзеных перагавораў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бакі дэталёва разгледзелі стан двухбаковых адносін, ход выканання дамоўленасцей, дасягнутых па выніках папярэдніх сустрэч.

Прэзідэнты дзвюх дзяржаў з задавальненнем канстатавалі паступальнае развіццё супрацоўніцтва паміж краінамі ва ўсіх сферах. На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, шмат у чым гэта абумоўлена асабістай увагай да тэмы беларуска-туркменскіх адносін Гурбангулы Бердымухамедава. "У нашых краін нямала агульнага: шчыры клопат аб патрэбах простых грамадзян, разуменне жыццёва важных інтарэсаў, настойлівае імкненне адстойваць гэтыя прыярытэты на міжнароднай арэне", - канстатаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу таксама на актыўнае супрацоўніцтва дзвюх краін у міжнародных арганізацыях. "У нас там няма разыходжанняў, мы заўсёды падтрымліваем нашых туркменскіх сяброў. Яны заўсёды падтрымліваюць беларускія ініцыятывы", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Гурбангулы Бердымухамедаў пацвердзіў гэты факт: "На міжнароднай арэне мы маем падобныя пазіцыі. Туркменістан - нейтральная краіна, прапануе свае ініцыятывы пад эгідай ААН, і ў гэтым Беларусь нас заўсёды падтрымлівае". У прыватнасці, Беларусь падтрымала Туркменістан па пытаннях членства ў ЭКАСАС у 2013-2015 гадах.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў свайму туркменскаму калегу за сур'ёзнае стаўленне да рэалізацыі ўсіх двухбаковых ініцыятыў і падкрэсліў, што ў сваю чаргу Беларусь гатова дзяліцца ўсім тым, што напрацавана ў краіне. "У нас абсалютна няма ніякіх сакрэтаў ад туркменскага народа. Паколькі вы робіце гэтак жа. Мы гатовы перадаваць вам у гэтым свой вопыт", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу таксама на значнае пашырэнне ў апошнія гады двухбаковых адносін у эканамічнай і гуманітарнай сферах. Паводле яго слоў, гэта дало магчымасць падысці да падпісання вялікага пакета дакументаў, якія дадуць магчымасць вызначыць новыя параметры плённага ўзаемадзеяння на бліжэйшыя гады.

"Я абсалютна ўпэўнены ў паспяховай рэалізацыі нашых сумесных праектаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках перагавораў кіраўнікі дзяржаў падпісалі сумеснае камюніке, у якім адзначылі пазітыўную дынаміку развіцця адносін і падкрэслілі неабходнасць фарміравання новых форм эканамічнага ўзаемадзеяння, сярод якіх рэалізацыя сумесных прамысловых і інфраструктурных праектаў з прыцягненнем інвестыцый і ўкараненнем сучасных тэхналогій.

Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў, адзначыўшы канструктыўны характар праведзеных перагавораў, заявілі аб намеры садзейнічаць забеспячэнню эфектыўнай рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей у мэтах далейшага паступальнага развіцця традыцыйна дружалюбных адносін паміж Беларуссю і Туркменістанам на аснове раўнапраўнага ўзаемавыгаднага партнёрства.

У прысутнасці лідараў дзвюх краін быў падпісаны вялікі пакет дакументаў па ўзаемадзеянні ў сферы адукацыі, навукі, будаўніцтва, юрыспрудэнцыі, сельскай гаспадаркі.

У прыватнасці, бакі падпісалі міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне геадэзіі і картаграфіі, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, а таксама ў сферы адукацыі. Дагаворы аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве заключылі акадэміі навук дзвюх краін, Цэнтр геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі і Інстытут сейсмалогіі Акадэміі навук Туркменістана, а таксама Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і Туркменскі дзяржаўны інстытут транспарту і сувязі.

Міжведамасныя пагадненні падпісаны аб супрацоўніцтве ў галіне прамысловага, жыллёвага і сацыяльнага будаўніцтва, сельскай гаспадаркі.

Міністэрства юстыцыі Беларусі і Туркменістана падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні.

Акрамя таго, падпісана пагадненне аб стварэнні Дзелавога савета па супрацоўніцтве паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і гандлёва-прамысловай палатай Туркменістана.

Пагадненне аб акадэмічным супрацоўніцтве падпісалі медыцынскія ўніверсітэты Беларусі і Туркменістана, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Беларусі і Акадэмія дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Туркменістана таксама дамовіліся аб узаемадзеянні.

Бакі падпісалі пратакол да міжурадавага пагаднення аб узаемным прадастаўленні зямельных участкаў для размяшчэння пасольства Беларусі і пасольства Туркменістана ад 28 красавіка 2011 года.

Прэзідэнты падкрэслілі, што перагаворы прайшлі ў духу ўзаемаразумення і даверу і выказалі надзею, што яны будуць садзейнічаць далейшаму развіццю двухбаковых адносін.

Вечарам кіраўнікі дзяржаў прадоўжылі сустрэчу ў час афіцыйнага абеду, які Прэзідэнт Беларусі даў у гонар высокага госця.