Аб статусе беларускага касманаўта

Указ № 100 ад 19 сакавіка 2024 г.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка падпісаў Указ № 100 "Аб статусе беларускага касманаўта", які замацоўвае правы і абавязкі касманаўта Рэспублікі Беларусь. Дакумент прыняты ў мэтах вызначэння прававога становішча касманаўтаў і прыраўнаваных да іх асоб з улікам рэалізацыі першага ў суверэннай гісторыі Беларусі праекта па касмічным палёце.

Устаноўлена, што статус касманаўта прысвойваецца грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які зрабіў касмічны палёт, а таксама яго дублёру.

У мэтах прызнання заслуг касманаўта перад Радзімай указам прадугледжаны шэраг ільгот і прэферэнцый, уключаючы захаванне займаемай пасады, медыцынскае абслугоўванне ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры, пенсійнае забеспячэнне, дзяржаўную падтрымку пры будаўніцтве жылля.

Пры гэтым вызначана, што касманаўт павінен адпавядаць свайму высокаму званню, валодаць цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, прымаць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, дастойна прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне.

Рэалізацыя Указа будзе садзейнічаць замацаванню пазітыўнага іміджу Беларусі як высокатэхналагічнай дзяржавы, прапагандзе ведаў і кампетэнцый краіны ў галіне мірнага асваення касмічнай прасторы.