Аб Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"

Распараджэнне № 40рп ад 1 сакавіка 2024 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка падпісаў распараджэнне, якім зацверджаны тэрміны правядзення ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Асноўныя мерапрыемствы пройдуць з 11 да 14 ліпеня 2024 года.

З улікам існуючай практыкі дзяржаўнай падтрымкі фестывалю прадугледжаны асобныя прэферэнцыі для яго арганізатараў і ўдзельнікаў.

Устаноўлены бязвізавы парадак уезду ў Беларусь для ўдзельнікаў і гасцей "Славянскага базару ў Віцебску" з 73 дзяржаў. Пропускам для бязвізавага перасячэння дзяржаўнай граніцы для замежных грамадзян будзе арыгінальны або электронны білет на мерапрыемствы фестывалю, што праводзяцца ў Летнім амфітэатры або канцэртнай зале "Віцебск". Пры гэтым па адным арыгінальным або электронным білеце дапускаецца аднаразовы ўезд у Беларусь аднаго замежнага грамадзяніна не пазней за дату правядзення названага ў білеце мерапрыемства.