Асаблівасці і дасягненні нацыянальнай сістэмы аховы здароўя

Особенности и достижения национальной системы здравоохранения

Асаблівасць нацыянальнай сістэмы аховы здароўя - бюджэтнае фінансаванне і дзеючая сістэма дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў.

Дзякуючы ўкараненню гэтай сістэмы медыцынская дапамога аказваецца ў аднолькавых аб'ёмах гарадскому і сельскаму насельніцтву. Увядзенне механізма фінансавання аховы здароўя ў разліку на аднаго жыхара дае магчымасць пацыенту атрымліваць медыцынскую дапамогу ў поўным аб'ёме незалежна ад месца жыхарства.

У краіне ўкаранёны 6 сацыяльных стандартаў у галіне аховы здароўя, усе яны выконваюцца (нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара і нарматывы забяспечанасці ўрачамі першаснага звяна, ложкамі, аптэкамі, брыгадамі хуткай медыцынскай дапамогі і аўтатранспартам).

Сістэма аховы здароўя Рэспублікі Беларусь па-свойму ўнікальная: зыходзячы з нарматыву бюджэтнай забяспечанасці на аднаго жыхара насельніцтву прадастаўляюцца ўсе віды медыцынскай дапамогі - першасная, спецыялізаваная, высокатэхналагічная, паліятыўная і медыка-сацыяльная. Ніводная сістэма аховы здароўя ў свеце не прадастаўляе такі шырокі спектр паслуг у рамках адной крыніцы фінансавання і пры гэтым з'яўляецца эфектыўнай.

За апошнія гады ахова здароўя Рэспублікі Беларусь умацавала свае пазіцыі ў міжнароднай медыцынскай супольнасці дзякуючы дасягненням у галіне аховы мацярынства і дзяцінства, вынікам высокатэхналагічных умяшанняў у транспланталогіі, кардыяхірургіі, траўматалогіі, нейрахірургіі, афтальмалогіі, анкалогіі і анкагематалогіі, распрацоўцы і ўкараненню інавацыйных падыходаў у лячэнні захворванняў, інвестыцыйных праектаў у галіне фарміндустрыі, якія садзейнічаюць вываду на рынак новых айчынных лекавых сродкаў.

Беларусь, займаючы 60-ю пазіцыю ў рэйтынгу 191 дзяржавы па Індэксе чалавечага развіцця, уваходзіць у групу краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця (даклад 2021-2022). Чаканая працягласць жыцця ўзрасла да 74,4 года ў 2019 годзе.

У медыцынскую практыку ўкараняюцца новыя ўнікальныя тэхналогіі і высокатэхналагічныя ўмяшанні:

Так, за 2019 год выканана:

  • 19 955 кардыяхірургічных умяшанняў на сэрцы і вялікіх сасудах, з іх 81,3% у рэгіёнах;
  • 6142 эндапратэзаванні тазасцегнавога сустава;
  • 1254 эндапратэзаванні каленнага сустава;
  • 2017 высокатэхналагічных нейрахірургічных умяшанняў;
  • 3846 высокатэхналагічных умяшанняў пры анкалагічных захворваннях;
  • 2814 высокатэхналагічных умяшанняў на органе зроку;
  • 52 трансплантацыі сэрца, з іх 16 замежным грамадзянам; 
  • 374 трансплантацыі ныркі, у тым ліку 11 дзецям;
  • 93 трансплантацыі печані;
  • 9 трансплантацый лёгкіх;
  • 1 мультывісцэральная трансплантацыя (нырка - падстраўнікавая залоза).

Акрамя таго, праведзена 6 трансплантацый ныркі і 8 трансплантацый печані ад жывога роднаснага донара.

Па колькасці трансплантацый органаў на 1 млн насельніцтва Беларусь з’яўляецца лідарам не толькі на постсавецкай прасторы, але і апярэджвае многія еўрапейскія дзяржавы. У краіне выконваецца 50 трансплантацый на 1 млн насельніцтва (у сярэднім па Еўропе - 55,9, у Расіі - 10,1, ва Украіне - 3,2). Звычайнай практыкай сталі аперацыі па трансплантацыі печані і сэрца.

Створана ўнікальная методыка вырошчвання штучнай трахеі і праведзены тры паспяховыя яе перасадкі анкалагічным пацыентам.

У 2018 годзе праведзена першая рэтрансплантацыя сэрца ў пацыента з васкулапатыяй трансплантата, а ў 2019 годзе ўкаранёна методыка 3D-мадэляванай міясептэктаміі ў пацыентаў з гіпертрафічнай кардыяміяпатыяй.

Электронная ахова здароўя

Імклівае ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій ва ўсіх сферах эканомікі і фарміраванне інфармацыйнага асяроддзя запатрабавалі лічбавай трансфармацыі і ад сістэмы аховы здароўя. 

У краіне рэалізуецца праект па стварэнні сістэмы электроннай аховы здароўя. Яго рэалізацыя дасць магчымасць пацыентам выкарыстоўваць электронныя рэцэпты і дакументы, створыць зручнасць пры запісе на прыём да ўрача, дасць магчымасць мець асабісты кабінет з неабходным аб'ёмам даследаванняў і рэкамендацый. Укараненне інфарматызацыі дазваляе вырашаць праблему чэргаў - штомесяц больш за 900 тыс. талонаў на прыём заказваецца праз інтэрнэт.

Стварэнне e-Health узніме на якасна новую ступень узровень аказання медыцынскай дапамогі, павысіць аператыўнасць прыняцця рашэнняў па дыягностыцы і лячэнні пацыентаў, а таксама эфектыўнасць сістэмы аховы здароўя ў цэлым.