Язэп Руцкі (1574-1637 гг.)
Непадалёку ад Навагародка, у маёнтку Рута, з'явіўся на свет Язэп Руцкі - выдатны пісьменнік, педагог і рэлігійны дзеяч. Атрымаў адукацыю ў Пражскім і Вюрцбургскім універсітэтах, Грэцкім калегіуме ў Рыме. Пасля вяртання на радзіму яго прызначалі кіраўніком Віленскай семінарыі. Тут Я.Руцкі падрыхтаваў навукапедагагічны трактат "Дыскурсус", у якім абгрунтаваў неабходнасць рэформаў у сферы адукацыі і выхавання. Ён раіў пераймаць вопыт лацінскіх і рымскіх настаўнікаў, але ажыццяўляць навучанне пераважна дома, на радзіме, удасканальваючы свае школы.
1 студзеня 1608 года Руцкі прыняў манаскі пастрыг пад імем Язэпа. З гэтага моманту яго жыццё цалкам знітавалася з Уніятскай царквою. Ён выхоўваў маладых манахаў, чытаў ім лекцыі з багаслоўя, навучаў лацінскай і царкоўнаславянскай мовам. Даволі хутка Язэп Руцкі стаў вельмі ўплывовай асобай сярод віленскіх уніятаў, а неўзабаве - уніяцкім мітрапалітам. Да найбольш значных заслуг Руцкага варта аднесці пабудову новых бажніц, заснаванне манастыроў, далучэнне Менскага Узнясенскага манастыра да Уніяцкай царквы. |