Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Бел
Беларусь
16 мая 2013 года
Беларусь па праву лічыцца спартыўнай краінай. У рэспубліцы прыняты заканадаўчыя акты і забяспечаны ўдзел дзяржавы ў развіцці і фінансаванні фізічнай культуры і спорту, будаўніцтве і ўтрыманні спартыўных збудаванняў, аздараўленчых цэнтраў, спартыўных клубаў, падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне фізічнай культуры і спорту, спартсменаў высокага класа.

Здаровы лад жыцця – візітная картка Беларусі

Здароўе людзей, развіццё фізічнай культуры і спорту абвешчаны ў Беларусі прыярытэтным напрамкам сацыяльнай палітыкі. Пытанні арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам і развіццё масавага спорту знаходзяцца ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, здаровы лад жыцця стаў візітнай карткай Беларусі.

Штогод у Беларусі для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця праводзяцца каля 22 тыс. спартыўных мерапрыемстваў. Традыцыйнымі сталі фізкультурна-спартыўныя спаборніцтвы "Беларуская лыжня", Усебеларускае фізкультурна-спартыўнае свята, прысвечанае Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Усебеларускі лёгкаатлетычны крос на прызы газеты "Советская Белоруссия". Адроджана сістэма рэспубліканскіх галіновых спартакіяд. У краіне праводзяцца рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па футболе "Скураны мяч", гандболе "Імклівы мяч", біятлоне, лыжных гонках і стральбе з пнеўматычнай зброі "Снежны снайпер", а таксама агульнанацыянальны хакейны турнір на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба "Залатая шайба".

Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўдасканаленню фізічнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі. Па ўсёй краіне для іх арганізуюцца падлеткавыя спартыўныя клубы. У Беларусі працуюць навучальныя цэнтры для падрыхтоўкі прафесійных спартсменаў, у тым ліку Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, вучылішчы алімпійскага рэзерву, спецыялізаваныя школы алімпійскага рэзерву, дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы.

Падрыхтоўку спартыўнага рэзерву ажыццяўляюць 457 арганізацый фізічнай культуры і спорту, у тым ліку 11 сярэдніх школ - вучылішч алімпійскага рэзерву і 446 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў.

У названых арганізацыях фізічнай культуры і спорту праходзяць спартыўную падрыхтоўку каля 174 тыс. юных спартсменаў.

Спартыўная інфраструктура

У рэспубліцы значна ўмацавана і прадаўжае развівацца матэрыяльна-тэхнічная база спорту. У краіне функцыянуюць больш як 23 тыс. фізкультурна-спартыўных збудаванняў. Кожны абласны цэнтр Беларусі мае ўласны палац спорту, крытую лядовую пляцоўку. Усё больш буйных аб'ектаў будуецца ў рэгіёнах. За апошнія гады ўведзены ў эксплуатацыю культурна-забаўляльны спартыўны комплекс "Чыжоўка-Арэна", фізкультурна-аздараўленчы комплекс з аквазонай і сацыяльна-абслуговай інфраструктурай (аквапарк "Лябяжы"), шматфункцыянальны фізкультурна-аздараўленчы комплекс "Мандарын", вучэбна-трэніровачны цэнтр фрыстайла са спартыўна-аздараўленчым комплексам, тэхнічны цэнтр нацыянальных зборных каманд па футболе ў г. Мінску; фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў гарадах Беразіно, Барысаве, Стоўбцах, Чэрвені, Брэсце, Століне, г.п. Краснаполле Магілёўскай вобласці, п. Раўбічы Мінскай вобласці; спартыўны комплекс для гульнявых відаў спорту з лыжаролернай трасай у г. Оршы, стадыёны ў Баранавічах, Лідзе, Барысаве; лядовая арэна ў г. Шклове і іншыя збудаванні.

Для прафесійных спартсменаў і аматараў у Беларусі нямала спартыўных збудаванняў сусветнага класа. Сярод іх:

На "Мінск-Арэне" і ў спартыўным комплексе "Чыжоўка-Арэна" праходзілі асноўныя матчы Чэмпіянату свету па хакеі-2014, які прымала Рэспубліка Беларусь. Абедзве арэны размешчаны ў Мінску, недалёка ад гасцініц і іншых ключавых аб'ектаў. Рашэнне Кангрэса Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай правесці Чэмпіянат свету па хакеі-2014 у Беларусі з'яўляецца прызнаннем высокага ўзроўню развіцця беларускага хакея, значных поспехаў у стварэнні сучаснай гульнявой базы.

Адным з напрамкаў работы спартыўнай галіны, які найбольш дынамічна развіваецца, стала прыцягненне і арганізацыя правядзення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь буйнейшых міжнародных спартыўных спаборніцтваў.

Толькі за апошні час праведзены такія вялікія спартыўныя мерапрыемствы, як чэмпіянаты свету па хакеі, веласіпедным спорце на трэку, тайландскім боксе, паўэрліфтынгу, чэмпіянаты Еўропы па мастацкай гімнастыцы, самба, боксе, індорхакеі, шахматах і многія іншыя міжнародныя спаборніцтвы.

Чэмпіянаты свету па хакеі 2014 и 2021 года

У 2014 годзе Чэмпіянат свету па хакеі ўпершыню прайшоў у Беларусі. Такое рашэнне было прынята ў маі 2009 года на штогадовым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай (ІІХФ). Па выніках галасавання ў падтрымку Рэспублікі Беларусь было аддадзена 75 галасоў са 105 магчымых.

Міжнародная федэрацыя хакея заўсёды звяртала ўвагу на магчымасці Беларусі пры правядзенні прэстыжных спаборніцтваў. Толькі ў 2004 годзе ў Беларусі праходзілі дзве буйныя падзеі – Суперфінал Кантынентальнага кубка і Чэмпіянат свету ІІХФ сярод юніёраў. З таго часу Беларусь неаднаразова прымала хакейныя турніры.

78-ы Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай прайшоў у Мінску з 9 па 25 мая 2014 года. У ім прынялі ўдзел 16 нацыянальных каманд. Афіцыйным талісманам Чэмпіянату свету па хакеі з шайбай-2014 стаў зубр па імені Волат.

На час турніру Беларусь устанавіла бязвізавы парадак уезду ў перыяд з 25 красавіка па 31 мая 2014 года для афіцыйных удзельнікаў Чэмпіянату свету па хакеі і замежных турыстаў. Адпаведны Указ падпісаў Кіраўнік дзяржавы. Падставай для бязвізавага ўезду ў Беларусь для афіцыйных удзельнікаў чэмпіянату было ўключэнне іх у спісы афіцыйнай акрэдытацыйнай сістэмы чэмпіянату Міжнароднай федэрацыі хакея, а для турыстаў – наяўнасць арыгінальнага або электроннага білета на матчы чэмпіянату.

19 мая 2017 года на штогадовым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея ў Кёльне (Германія) прынята рашэнне, што Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай 2021 года адбудзецца ў дзвюх краінах - Беларусі і Латвіі.

І Беларусь, і Латвія другі раз будуць прымаць сусветнае хакейнае першынство. У Рызе Чэмпіянат свету па хакеі праходзіў у 2006 годзе.

Мінск і Рыга ў 2021 годзе прымуць юбілейны 85-ы Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай, гульні якога пройдуць з 7 па 23 мая. У Беларусі матчы турніру прыме "Мінск-Арэна", якая ўмяшчае больш за 15 000 гледачоў. Матчы групавой стадыі і па два чвэрцьфінальныя паядынкі прымуць сталіцы абедзвюх дзяржаў, а паўфінальныя матчы, гульні за бронзу і золата адбудуцца ў Мінску.

II Еўрапейскія гульні 2019 года ў Рэспубліцы Беларусь

21 кастрычніка 2016 года па выніках галасавання на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якое праходзіла ў Мінску, Беларусь атрымала права правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.

Місія II Еўрапейскіх гульняў заключаецца ў выдатнай арганізацыі незабыўнага свята спорту, якое аб'ядноўвае людзей усёй Еўропы і адкрывае Беларусь як месца з бязмежнымі магчымасцямі для рэалізацыі ідэй і праектаў у галіне спорту, турызму, культуры, эканомікі.

II Еўрапейскія гульні 2019 года ў Рэспубліцы Беларусь пройдуць у г. Мінску і Мінскім раёне прыкладна па 15 відах спорту.

Спаборніцтвы будуць арганізаваны на лепшых спартыўных збудаваннях сусветнага класа. Сярод іх: шматфункцыянальны культурна-спартыўны комплекс "Мінск-Арэна", вяслярны канал установы "РЦАП па вяслярных відах спорту" ў Заслаўі, культурна-спартыўнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Палац спорту", шматфункцыянальны культурна-спартыўны і забаўляльны комплекс "Чыжоўка-Арэна", Палац спорту "Уручча" і іншыя.

Адкрыццё і закрыццё Еўрапейскіх гульняў плануецца на мінскім стадыёне "Дынама".

Беларускія спартсмены на Алімпіядах

Беларускія спартсмены ўдзельнічаюць у Алімпійскіх гульнях з 1952 года. Спартыўныя подзвігі трохразовага пераможцы Алімпійскіх гульняў барца Аляксандра Мядзведзя, чатырохразовых уладальнікаў алімпійскага золата гімнасткі Вольгі Корбут і фехтавальшчыцы Алены Бяловай, пяціразовай алімпійскай чэмпіёнкі Нэлі Кім, шасціразовага алімпійскага чэмпіёна Віталя Шчэрбы і многіх іншых праслаўленых беларускіх спартсменаў залатымі літарамі ўпісаны ў алімпійскую гісторыю.

Самастойнай камандай беларускія спартсмены пачалі выступаць на Гульнях з 1994 года. З гэтага часу беларускія спартсмены заваявалі 94 алімпійскія медалі: 18 залатых, 31 сярэбраны і 45 бронзавых. Алімпійскае золата ў Беларусь прывезлі Кацярына Карстэн (веславанне акадэмічнае, 1996, 2000), Эліна Зверава (лёгкая атлетыка, дыск, 2000), Яніна Карольчык (лёгкая атлетыка, ядро, 2000), Ігар Макараў (дзюдо, 2004), Юлія Несцярэнка (лёгкая атлетыка, 100 м, 2004), Аляксей Абалмасаў, Артур Літвінчук, Вадзім Махнёў і Раман Петрушэнка (веславанне на байдарцы, чацвёрка, 2008), Андрэй Арамнаў (цяжкая атлетыка, 2008), Аляксандр і Андрэй Багдановічы (веславанне на каноэ, двойка, 2008), Аксана Мянькова (лёгкая атлетыка, молат, 2008), Вікторыя Азаранка і Максім Мірны (тэніс, мікст, 2012), Сяргей Мартынаў (стральба кулявая, 2012), Аляксей Грышын (фрыстайл, 2010), Дар'я Домрачава (біятлон, 2014), Ала Цупер (фрыстайл, 2014), Антон Кушнір (фрыстайл, 2014), Уладзіслаў Ганчароў (скачкі на батуце, 2016).

Асабліва памятна беларусам першае алімпійскае золата, якое заваявала для суверэннай краіны Кацярына Карстэн, золата Аляксея Грышына – першага ў гісторыі беларускага спорту чэмпіёна зімовых Алімпійскіх гульняў, сенсацыйная перамога на стаметроўцы бягухі з Брэста Юліі Несцярэнка, перамога Сяргея Мартынава, які ўстанавіў на Алімпіядзе новы сусветны рэкорд.

Зімовыя Алімпійскія гульні-2014 у Сочы сталі самымі паспяховымі ў гісторыі беларускага спорту. Нашы спартсмены заваявалі 5 залатых медалёў (Дар'я Домрачава - 3, па адной узнагародзе ў Алы Цупер і Антона Кушніра) і адзін бронзавы (Надзея Скардзіна). Трохразовай алімпійскай чэмпіёнцы Дар'і Домрачавай прысвоена званне Героя Беларусі.

На летніх Алімпійскіх гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра беларускія спартсмены заваявалі 9 медалёў: 1 залаты медаль (Уладзіслаў Ганчароў), 4 сярэбраныя медалі (Дар'я Навумава, Вадзім Стральцоў, Марыя Мамашук, Іван Ціхан), 4 бронзавыя медалі (Аляксандра Герасіменя, Ібрагім Саідаў, Джавід Гамзатаў, жаночая нацыянальная каманда па веславанні на байдарках і каноэ - Маргарыта Махнёва, Надзея Ляпешка, Вольга Худзенка і Марына Літвінчук).

Гонар і павагу выклікаюць высокія рэзультаты беларускіх паралімпійцаў. На Гульнях-2010 у Ванкуверы беларусы заваявалі 9 медалёў - 2 залатыя і 7 бронзавых. На летняй Паралімпіядзе-2012 у Лондане Беларусь заваявала 10 медалёў (5 залатых, 2 сярэбраныя, 3 бронзавыя) і размясцілася на 25-м месцы падагульняючага заліку. Беларускі плывец Ігар Бокій выйграў пяць залатых медалёў Паралімпіяды, прычым на дыстанцыі 200 м комплексам ён устанавіў новы сусветны рэкорд.

На Паралімпійскіх гульнях-2014 у Сочы заваяваны 3 бронзавыя ўзнагароды: Васіль Шаптабой стаў двухразовым бронзавым прызёрам у біятлоне, Ядзвіга Скарабагатая заваявала бронзу ў лыжных гонках.

На XV летніх Паралімпійскіх гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра беларуская зборная заваявала 10 медалёў: 8 залатых (Ігар Бокій - 6, Андрэй Праневіч - 1, Уладзімір Ізотаў - 1), 2 бронзавыя (Аляксандр Трыпуць, Ігар Бокій). Ігар Бокій заваяваў свой шосты тытул чэмпіёна Паралімпійскіх гульняў.

У Рэспубліцы Беларусь культывуецца больш як 130 відаў спорту. У кожнага віду спорту ёсць прыхільнікі, свае слаўныя моманты гісторыі і яркія імёны, каб пералічыць іх спатрэбяцца сотні старонак.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь