Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Бел
Беларусь
30 красавіка 2013 года

Беларусы складаюць больш як 80% насельніцтва. У выніку гістарычнага мінулага ў краіне пражываюць рускія, палякі, украінцы, яўрэі, літоўцы, татары і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.

Грамадзянская супольнасць

У Рэспубліцы Беларусь на 1 студзеня 2017 года зарэгістраваны 15 палітычных партый, 31 прафсаюз, 2731 грамадскае аб'яднанне.

Партыйная сістэма Беларусі прадстаўлена Ліберальна-дэмакратычнай партыяй, Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыяй, Беларускай партыяй "Зялёныя", Сацыял-дэмакратычнай партыяй народнай згоды, Беларускай аграрнай партыяй, Рэспубліканскай партыяй, Кансерватыўна-Хрысціянскай партыяй – БНФ, партыяй БНФ, Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці, Беларускай партыяй левых "Справядлівы свет", Аб'яднанай грамадзянскай партыяй, Беларускай патрыятычнай партыяй, Партыяй "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада", Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), Камуністычнай партыяй Беларусі.

Даволі разнастайная структура грамадскіх арганізацый у Беларусі. Яны ствараюцца па інтарэсах, прафесійнай прыкмеце і іншых крытэрыях. У рэспубліцы дзейнічаюць больш як 2400 такіх арганізацый.

Самае масавае аб'яднанне – Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) – адзіны нацыянальны прафсаюзны цэнтр, рэспубліканскае добраахвотнае незалежнае аб'яднанне галіновых прафсаюзаў з агульнай колькасцю больш як 4 млн чалавек.

Адным з масавых аб'яднанняў з'яўляецца Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь". Сёння ў аб'яднанне ўваходзяць 6 абласных, гарадскія, раённыя і раённыя ў буйных гарадах арганізацыі. У радах "Белай Русі" больш як 132 тыс. чалавек. Колькасць пярвічных арганізацый – 7175.

У Беларусі працуюць амаль 400 дабрачынных арганізацый. Сярод самых аўтарытэтных – грамадскае аб'яднанне "Беларускі фонд міласэрнасці і здароўя", якое з'яўляецца членам Міжнароднага фонду міласэрнасці і здароўя, Еўрапейскага саюза таварыстваў міласэрнасці.

У Беларусі актыўна развіваецца маладзёжны рух. Буйнейшыя і найбольш уплывовыя з арганізацый – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. БРСМ аб'ядноўвае звыш 480 тыс. юнакоў і дзяўчат, у радах піянерскай арганізацыі знаходзяцца больш як 580 тыс. дзяцей і падлеткаў.

Актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны прымаюць ветэранскія і экалагічныя арганізацыі. Больш як 100 арганізацый аб'ядноўваюць прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей.

У Беларусі дзейнасць палітычных партый, грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў рэгулюецца Законам Рэспублікі Беларусь "Аб палітычных партыях", Законам Рэспублікі Беларусь "Аб грамадскіх аб'яднаннях", Законам Рэспублікі Беларусь "Аб прафесійных саюзах".

Адметная асаблівасць навейшай палітычнай гісторыі Беларусі – выкарыстанне ўстаноўленых Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі 1996 года форм непасрэднай дэмакратыі, сярод якіх трэба асабліва адзначыць рэферэндум, выбары і Усебеларускі сход.

Сацыяльная палітыка

Для сучаснай Беларусі характэрны высокі ўзровень сацыяльнай абароны насельніцтва, якая забяспечваецца дзяржавай. Кожны жыхар краіны мае права на якасную бясплатную ахову здароўя і адукацыю.

Шматдзетныя сем'і атрымліваюць ільготнае жыллё ад дзяржавы, маці выдзяляюцца розныя дапамогі і прадастаўляецца магчымасць знаходзіцца ў аплатным дэкрэтным водпуску, які аплачваецца на працягу трох гадоў пасля нараджэння дзіцяці.

Асаблівая падтрымка аказваецца сацыяльна слабаабароненым слаям насельніцтва – пенсіянерам, інвалідам, моладзі, жыхарам тэрыторый, якія пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і г.д.

Галоўная мэта беларускай сацыяльнай палітыкі – прадастаўленне кожнаму працаздольнаму чалавеку магчымасці сваёй працай і прадпрымальнасцю стварыць свой сямейны дабрабыт, а непрацаздольным і маючым патрэбу грамадзянам – забяспечыць надзейную сацыяльную абарону. Пры гэтым падтрымка павінна быць выключна адраснай і накіраванай на канкрэтныя, самыя неабароненыя групы і слаі насельніцтва.

Сацыяльныя гарантыі ў рамках беларускай мадэлі развіцця выяўляюцца:

  • у гарантыях роўнасці мужчын і жанчын у адукацыі і працоўнай дзейнасці;
  • у гарантыях права моладзі на духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё;
  • у гарантыях права на працу як найбольш дастойны спосаб самасцвярджэння эканамічнага, маральнага і сацыяльнага зместу жыццядзейнасці чалавека;
  • у гарантыях справядлівай долі ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае грамадзянам і іх сем'ям свабоднае і дастатковае існаванне;
  • у гарантыях права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя;
  • у гарантыях права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, па хваробе і іншых прычынах.
Важную ролю ў рэалізацыі планамернага курсу на забеспячэнне дабрабыту людзей адыгрывае выкананне ў сацыяльнай сферы мінімальных дзяржаўных стандартаў, якія прадугледжваюць забеспячэнне грамадзян прадуктамі харчавання, цяплом, камунікацыямі, транспартам, бытавымі паслугамі, нармальную работу ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры.

У сістэме матэрыяльнай дапамогі сем'ям з дзецьмі дзяржава выкарыстоўвае льготы па падаткаабкладанні, аплаце за харчаванне дзяцей у дзіцячых дашкольных установах, аплаце за падручнікі і навучальныя дапаможнікі. Значную дапамогу шматдзетным і няпоўным сем'ям аказваюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Планамернасць дзяржаўнага курсу заключаецца і ў падтрымцы таленавітай моладзі, студэнтаў. Створаны не маючы аналагаў на тэрыторыі СНД спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца ў рэспубліцы жыхарам сельскай мясцовасці, якія найбольш востра адчуваюць жыццёвыя цяжкасці: неразвітасць сацыяльнай інфраструктуры, транспартных паслуг, бытавога абслугоўвання.

Пастаўлена задача праводзіць работу па ўвядзенні дзяржаўных сацыяльных стандартаў па ўсёй краіне з абавязковым улікам рэгіянальных асаблівасцей. Увядзенне сацыяльных стандартаў накіравана на тое, каб узровень сацыяльнай абароны гарантавана паляпшаўся.

Дэмаграфія

Беларуская дзяржава паслядоўна і мэтанакіравана праводзіць дэмаграфічную палітыку ў краіне. Адна з галоўных мэт палітыкі – змяніць негатыўныя тэндэнцыі дэпапуляцыі.

Колькасць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2017 года склала 9504,7 тыс. чалавек. У параўнанні з 1 студзеня 2016 года жыхароў краіны стала больш на 6,3 тыс. чалавек.

У 2002 годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дэмаграфічнай бяспецы". Намаганні дзяржавы накіраваны на павелічэнне нараджальнасці, сярэдняй працягласці жыцця, зніжэнне смяротнасці, правядзенне ўзважанай міграцыйнай палітыкі ў інтарэсах краіны.

Царква і рэлігія

Асаблівасцю Беларусі з'яўляецца поліканфесійны ўклад яе рэлігійнага жыцця.

На тэрыторыі краіны не было рэлігійных войнаў, тут стагоддзямі побач жылі і вызнавалі сваю рэлігію праваслаўныя і католікі, іўдзеі і прыхільнікі ісламу, пратэстанты і ўніяты.

У Рэспубліцы Беларусь створаны спрыяльныя прававыя ўмовы для дзейнасці рэлігійных арганізацый, забеспячэння правоў грамадзян на свабоду веравызнання, захавання міжканфесійнага міру і згоды ў грамадстве, развіцця міжрэлігійнага дыялогу.

Свабода веравызнання ў Беларусі гарантавана Канстытуцыяй краіны. Правы і свабоды вернікаў замацаваны таксама ў Законе Рэспублікі Беларусь "Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях".

Дзяржава падтрымлівае канструктыўныя ініцыятывы прадстаўнікоў розных рэлігій. У той жа час праводзіцца работа па прадухіленні дзейнасці дэструктыўных рэлігійных сект.

У Беларусі дзейнічаюць 3524 зарэгістраваныя ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку рэлігійныя арганізацыі 25 канфесій і напрамкаў, у тым ліку 174 арганізацыі, якія маюць агульнаканфесійнае значэнне (рэлігійныя аб'яднанні, манастыры, місіі, брацтвы, сястрыцтвы, духоўныя навучальныя ўстановы), і 3350 абшчын (праваслаўныя, рымска-каталіцкія, хрысціяне веры евангельскай, баптысцкія, адвентыстаў сёмага дня, лютэранскія, іўдзейскія, мусульманскія і абшчыны іншых рэлігійных напрамкаў).

Ва ўзаемаадносінах з рэлігійнымі арганізацыямі дзяржава кіруецца заканадаўча замацаваным прынцыпам роўнасці рэлігій перад законам і ўлічвае іх уплыў на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.

Вядучае месца ў рэлігійным жыцці краіны займае Беларуская праваслаўная царква, якая аб'ядноўвае 1681 абшчыну, 15 епархій, 7 духоўных навучальных устаноў, 35 манастыроў, 15 брацтваў, 10 сястрыцтваў, 1 місію. Яна складае аснову канфесійнай стабільнасці ў рэспубліцы. Сёння БПЦ рэалізуе шэраг праграм узаемадзеяння з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання.

Умацоўваюцца пазіцыі Рымска-каталіцкай царквы. РКЦ адносіцца да ліку традыцыйных рэлігій Беларусі. Католікі складаюць 14,5% насельніцтва Беларусі (звыш 1,4 млн чал.). На 1 ліпеня 2017 года ў склад РКЦ у Беларусі ўваходзяць 4 епархіі, 496 каталіцкіх абшчын, 5 духоўных навучальных устаноў, 11 місій і 9 манастыроў.

Пратэстанцкія рэлігійныя арганізацыі прадстаўлены 1033 абшчынамі, 21 аб'яднаннем, 22 місіямі і 5 духоўнымі навучальнымі ўстановамі 14-ці рэлігійных напрамкаў.

Найбольш шматлікія сярод пратэстанцкіх напрамкаў – аб'яднанні хрысціян веры евангельскай (521 абшчына), евангельскіх хрысціян баптыстаў (280 абшчын), адвентыстаў сёмага дня (73 абшчыны).

Гістарычна традыцыйным на тэрыторыі рэспублікі з'яўляецца лютэранства, якое налічвае 27 абшчын.

У трох іўдзейскіх рэлігійных аб'яднаннях налічваюцца 52 абшчыны, 10 з іх маюць аўтаномны статус, 9 культавых будынкаў, 1 духоўную навучальную ўстанову.

У рэспубліцы дзейнічаюць 24 мусульманскія рэлігійныя абшчыны, 8 мячэцей і 2 малітоўныя дамы, у тым ліку Саборная мячэць у г. Мінску, афіцыйнае адкрыццё якой адбылося 11 лістапада 2016 года з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі і Прэзідэнта Турцыі Р.Т.Эрдагана.

У 2015 годзе зарэгістравана будысцкая абшчына ў г. Мінску "Шэн Чэн Лінг" традыцыі Бон.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка асабіста ўдзяляе пільную ўвагу пытанням дзейнасці рэлігійных арганізацый. Традыцыйнымі сталі сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з членамі Сінода Беларускай праваслаўнай царквы і кіраўніцтвам Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы дзяржаўнага кіравання ўзаемадзейнічаюць з рэлігійнымі арганізацыямі ў вырашэнні сацыяльна значных пытанняў, прымаюць меры па прадухіленні парушэнняў дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Міжнацыянальныя адносіны

На 01.07.2017 года ў Беларусі зарэгістравана амаль 200 нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў прадстаўнікоў 26 нацыянальнасцей. Сярод іх - маючыя статус міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных. Асноўныя статутныя задачы - культурна-асветная і дабрачынная дзейнасць.

Пры аб'яднаннях створаны творчыя калектывы, працуюць нядзельныя школы па вывучэнні мовы і культуры сваёй гістарычнай Радзімы. Нацыянальна-культурныя грамадскія аб'яднанні актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, прысвечаных дзяржаўным святам Беларусі, іншых падзеях рэспубліканскага і мясцовага значэння і ўносяць значны ўклад у духоўнае жыццё беларускага грамадства.

Пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей з 2006 года працуе Кансультатыўны міжэтнічны савет, у склад якога ўваходзяць кіраўнікі 26 нацыянальных супольнасцей, што прадстаўляюць больш за двесце нацыянальна-культурных аб'яднанняў.

Інфармацыйнае грамадства

Інфармацыйнае грамадства - сучасны этап развіцця цывілізацыі, які вызначаецца дамінуючай роллю ведаў і інфармацыі ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства, вырашальным уздзеяннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на лад жыцця людзей, а таксама на ўзаемадзеянне дзяржавы і грамадзянскай супольнасці.

Пры гэтым інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям адводзіцца роля неабходнага інструмента развіцця высокатэхналагічнага сектара эканомікі, які стварае ўмовы для пераходу да лічбавай эканомікі, удасканалення інстытуцыянальнай і фарміравання спрыяльнага бізнес-асяроддзя.

Развіццё ў Рэспубліцы Беларусь нацыянальнай інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры і пранікненне паслуг на яе аснове знаходзяцца на высокім узроўні: аб гэтым сведчыць 31-я пазіцыя Рэспублікі Беларусь сярод 175 краін свету ў рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі па індэксе развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій са значэннем індэкса роўным 7,26.

Сеткамі сотавай рухомай электрасувязі ахоплена 98,2% тэрыторыі, на якой пражывае 99,9% насельніцтва. Вядзецца актыўнае развіццё сетак сотавай рухомай электрасувязі чацвёртага пакалення.

Колькасць абанентаў сотавай рухомай электрасувязі на 1 студзеня 2017 года складала 11,4 млн.

На 1 ліпеня 2017 года ў Беларусі доступ да сеткі Інтэрнэт мелі 70% дамашніх гаспадарак (сярэдняе значэнне гэтага паказчыка ў свеце складае 52,3%).

На сённяшні дзень у Беларусі паслугамі Інтэрнэту карыстаецца 71% насельніцтва ва ўзросце 6-72 гадоў, 68% з іх штодзённа выкарыстоўваюць Інтэрнэт.

Рэспубліка Беларусь першая сярод краін СНД завяршыла поўны пераход на лічбавае эфірнае вяшчанне.

На працягу больш як дзесяці гадоў у выніку выканання Дзяржаўнай праграмы "Электронная Беларусь" і Нацыянальнай праграмы паскоранага развіцця паслуг у сферы ІКТ на 2011-2015 гады створаны і функцыянуюць асноўныя базавыя кампаненты электроннага ўрада, шматфункцыянальныя агульнадзяржаўныя і ведамасныя інфармацыйныя сістэмы.

У адпаведнасці са справаздачай ААН "Электронны ўрад. Агляд 2016: Электронны ўрад як падтрымка ўстойлівага развіцця", у 2016 годзе Рэспубліка Беларусь заняла 49-е месца ў рэйтынгу па індэксе гатоўнасці да электроннага ўрада са 193 краін свету, узняўшыся за 2 гады на 6 пазіцый.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь