Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Бел
Беларусь
28 мая 2013 года
Тэрыторыя Беларусі падзелена на шэсць абласцей – Брэсцкую, Віцебскую, Гомельскую, Гродзенскую, Мінскую і Магілёўскую – і горад рэспубліканскага падпарадкавання Мінск. Вобласць з'яўляецца аптымальнай адзінкай сацыяльна-эканамічнай арганізацыі краіны, у рамках якой органы ўлады ажыццяўляюць эфектыўнае кіраванне сваёй тэрыторыяй, вырашаючы эканамічныя, сацыяльныя і іншыя задачы з улікам рэгіянальнай спецыфікі.

Мінск

Мінск. Свіслач і Верхні горад

Горад Мінск – сталіца Беларусі, адміністрацыйна-палітычны, эканамічны, навуковы і культурна-адукацыйны цэнтр краіны.

Беларуская сталіца размешчана на берагах ракі Свіслач. Тут пражывае пятая частка ўсяго насельніцтва Беларусі.

Горад знаходзіцца на скрыжаванні асноўных транспартных маршрутаў. Аўтамабільныя дарогі звязваюць Мінск з буйнейшымі гарадамі Беларусі: Оршай, Віцебскам, Маладзечнам, Брэстам, Слуцкам, Магілёвам, Гомелем. У Мінску размешчаны Нацыянальны аэрапорт – галоўная паветраная гавань краіны.

Мінск з'яўляецца буйным прамысловым цэнтрам. Асноўныя галіны: вытворчасць машын і абсталявання, прадуктаў харчавання, напіткаў і тытунёвых вырабаў, электраабсталявання, вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры, транспартных сродкаў, будаўнічых матэрыялаў, фармацэўтычных прадуктаў і прэпаратаў.

Увогуле на сталіцу Беларусі прыпадае 37,2% знешнегандлёвага абароту Беларусі. Замежныя і сумесныя вытворчасці створаны з удзелам інвестараў з больш як 60 краін свету. У горадзе размешчана свабодная эканамічная зона "Мінск".

Сталіца Беларусі - буйнейшы навуковы і адукацыйны цэнтр рэспублікі. Тут знаходзяцца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Парк высокіх тэхналогій, буйнейшыя навучальныя ўстановы краіны.

У Мінску таксама размешчана дзяржаўная рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, працуюць Нацыянальны сход і Савет Міністраў, Нацыянальны банк Беларусі. У Мінску знаходзяцца Выканаўчы камітэт Садружнасці Незалежных Дзяржаў, дыпламатычны корпус, консульствы, прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь.

Мінск – адзін з найстарэйшых гарадоў Еўропы. У Вялікую Айчынную вайну горад быў практычна поўнасцю разбураны. У сувязі з гэтым у сталіцы Беларусі амаль не захаваліся старажытныя пабудовы. Тым не менш сучасны Мінск можа ганарыцца шырокімі, светлымі праспектамі і вуліцамі, прасторамі плошчаў, разнастайнасцю архітэктурных ансамбляў, пышнай зелянінай бульвараў, сквераў і паркаў (на аднаго мінчаніна ў сярэднім прыпадае каля 20 квадратных метраў зялёных насаджэнняў).

Сярод асноўных выдатных мясцін Мінска: Траецкае прадмесце, Верхні горад, спартыўны комплекс "Мінск-Арэна", абеліск "Мінск – горад-герой", гарадская ратуша, Свята-Духаў кафедральны сабор, Свята-Петрапаўлаўскі сабор, Архікафедральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, касцёл Святых Сымона і Алены, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Цэнтральны батанічны сад, Палац Незалежнасці.

Да паслуг гасцей Мінска прадастаўлена 49 гасцініц і гасцінічных комплексаў. Сярод іх – пяцізоркавыя гасцініцы "Еўропа", "Crowne Plaza Minsk" і "Прэзідэнт-Атэль", чатырохзоркавыя комплексы "Вікторыя", "Вікторыя-2", "Вікторыя Алімп Атэль", "Мінск". Для турыстаў у беларускай сталіцы распрацавана больш за 40 пешаходных і аўтобусных экскурсійных маршрутаў з наведваннем аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, музеяў, тэатраў, выставачных галерэй і іншых аб'ектаў.

Брэсцкая вобласць



Брэсцкая вобласць – заходнія вароты Беларусі. Мяжуе на поўдні з Украінай, на захадзе – з Польшчай. У складзе вобласці 16 раёнаў. Плошча – 32,8 тыс. кв.км.

Адміністрацыйны цэнтр вобласці – горад Брэст. Асноўныя гарады – Баранавічы, Бяроза, Драгічын, Іванава, Івацэвічы, Камянец, Кобрын, Лунінец, Пінск, Пружаны, Столін.

На тэрыторыі вобласці працуюць каля 260 вялікіх і сярэдніх прамысловых прадпрыемстваў. Вядучае месца ў структуры прамысловай вытворчасці займаюць вытворчасць прадуктаў харчавання і напіткаў (48,6%), тэкстыльная і швейная вытворчасць (4,8%), машынабудаўнічы комплекс (7,8%), вытворчасць мэблі (4,3%).

У рэгіёне знаходзяцца буйнейшыя нацыянальныя вытворцы электрычных пліт (ВГУП "Гефест-тэхніка"), газавых пліт (СП "Брэстгазаапарат" ААТ), лямп напальвання, газаразрадных і дугавых (ААТ "Брэсцкі электралямпавы завод"). Высокім попытам у Беларусі і за мяжой карыстаецца прадукцыя СП "Санта Брэмар" ТАА, ААТ "Савушкін прадукт", ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў".

Сельская гаспадарка вобласці спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вытворчасці цукровых буракоў, ільновалакна, бульбы, агародніны. Рэгіён поўнасцю забяспечвае свае патрэбнасці ў прадуктах жывёлагадоўлі, а таксама стварае буйныя рэзервы на экспарт.

Аграрны сектар Брэсцкай вобласці ўключае ў сябе 308 сельскагаспадарчых і абслуговых арганізацый, звыш 500 фермерскіх гаспадарак. У карыстанні сельскагаспадарчых арганізацый знаходзіцца 1,2 млн гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку 0,7 млн гектараў - ворыва. Штогод павялічваюцца аб'ёмы вытворчасці асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

Геаграфічнае становішча рэгіёна стварае спрыяльныя ўмовы для міжнароднага гандлю. Па Брэсцкай вобласці праходзіць транзітны калідор Берлін – Варшава – Брэст – Мінск – Масква, прамыя шляхі звязваюць рэгіён з Вільнюсам і Кіевам. Праз Брэсцкую вобласць праходзіць 80% сухапутнага экспарту дзяржаў СНД у Заходнюю Еўропу.

У 2016 годзе тавары брэсцкіх вытворцаў рэалізоўваліся ў 89 краінах, у тым ліку ў Расійскай Федэрацыі, Казахстане, Польшчы, Германіі, Украіне, Літве і інш. У 1996 годзе створана свабодная эканамічная зона "Брэст". На сённяшні дзень СЭЗ "Брэст" дынамічна развіваецца, тут зарэгістравана 75 прадпрыемстваў, прыцягнута звыш 1,2 млрд еўра інвестыцый. Увогуле ў СЭЗ працуе капітал з 20 краін свету. Па аб'ёме ўнесеных інвестыцый лідзіруюць прадпрыемствы з удзелам расійскага, польскага і нямецкага капіталу. На прадпрыемствах працуюць больш як 21 тыс. чалавек.

Па тэрыторыі вобласці праходзяць нафтаправод "Дружба" і газаправоды Таржок – Мінск – Івацэвічы і Кобрын – Брэст – Варшава.

З 1988 года Брэсцкая вобласць – член трансгранічнага аб'яднання "Еўрарэгіён "Буг", у якое таксама ўваходзяць Люблінскае ваяводства Польшчы і Валынская вобласць Украіны. Арганізацыі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Еўрарэгіёна, прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, найбольш вялікай з дзеючых на тэрыторыі Брэсцкай вобласці з'яўляецца Праграма трансгранічнага супрацоўніцтва "Польшча - Беларусь - Украіна".

У Брэсце на базе ўстановы "Брэсцкі трансгранічны інфацэнтр" функцыянуе Прадстаўніцтва СТС Праграмы ТГС "Польшча - Беларусь - Украіна".

Брэстчына - унікальны куток Беларусі, дзе размешчаны больш як 2,5 тыс. помнікаў культуры, гісторыі і архітэктуры. 771 помнік уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. З 4 аб'ектаў Беларусі, унесеных у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, два - Белавежская пушча і Дуга Струвэ - размешчаны на тэрыторыі вобласці.

Галоўныя выдатныя мясціны рэгіёна: мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", археалагічны музей "Бярэсце" - адзіны ў Еўропе музей сярэдневяковага ўсходнеславянскага горада, Камянецкая вежа, Сядзіба Нямцэвічаў, Косаўскі палацава-паркавы ансамбль, Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў і іншыя.

Гарады вобласці прымаюць у сябе многія міжнародныя і рэспубліканскія фестывалі. Сярод найбольш значных: Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа", Міжнародны фестываль класічнай музыкі "Студзеньскія музычныя вечары", Міжнародны фестываль фальклору "Мотальскія прысмакі", Міжнародны пленэр ганчароў у в. Гарадная, больш за 10 ваенна-гістарычных і этнаграфічных рэканструкцый.

Брэсцкая вобласць - спартыўны рэгіён. Аб'екты, якія адпавядаюць сусветным стандартам, з'яўляюцца асноўнымі базамі падрыхтоўкі нацыянальных і зборных каманд Беларусі і становяцца месцам правядзення спартыўных спаборніцтваў самага высокага ўзроўню.

Брэстчына – цэнтр Беларускага Палесся. Тут размешчаны ўнікальныя прыродныя комплексы, якія аб'ядноўваюць лясныя і балотныя ландшафты. На паўночным захадзе вобласці раскінуўся ўнікальны помнік прыроды, найстаражытнейшы запаведнік Еўропы – Нацыянальны парк "Белавежская пушча". У 1992 годзе рашэннем ЮНЕСКА Белавежская пушча ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны чалавецтва. Акрамя таго, у вобласці размешчаны 47 заказнікаў і 91 помнік прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння.

Да паслуг гасцей Брэста і вобласці больш як 140 гасцініц і аналагічных сродкаў размячшэння, санаторна-курортных, аздараўленчых арганізацый і іншых спецыялізаваных сродкаў размяшчэння.

У 2017 годзе на ваду ракі Прыпяць спушчаны першы ў Беларусі круізны цеплаход "Белая Русь".

Віцебская вобласць

Віцебск

Віцебская вобласць – самы паўночны рэгіён краіны. На паўночным захадзе мяжуе з Латвіяй, на захадзе – з Літвой, на поўначы і ўсходзе – з Расійскай Федэрацыяй. У складзе вобласці 21 раён. Працягласць граніц з усходу на захад складае больш як 300 км, з поўначы на поўдзень – 175 км. Плошча – 40,1 тыс. кв.км.

Адміністрацыйны цэнтр вобласці – горад Віцебск. Асноўныя гарады – Браслаў, Верхнядзвінск, Глыбокае, Гарадок, Лепель, Мёры, Новалукомль, Наваполацк, Орша, Полацк, Паставы.

Віцебшчына – высокаразвіты індустрыяльны рэгіён. Аснову прамысловасці складаюць вытворчасць электраэнергіі (Лукомская ДРЭС, Наваполацкая ЦЭЦ), перапрацоўка нафты і хімічная вытворчасць (ААТ "Нафтан", ААТ "Полацк-Шкловалакно"), вытворчасць прадуктаў харчавання і напіткаў, тэкстыльная і швейная вытворчасць і вытворчасць абутку.

У прамысловай сферы працуюць больш за 20% агульнай колькасці занятага насельніцтва, вырабляецца 30% валавой дабаўленай вартасці. Прадукцыя вобласці складае каля 14% усяго аб'ёму прамысловасці рэспублікі.

Прамысловы комплекс вобласці налічвае больш за 200 буйных і сярэдніх прамысловых прадпрыемстваў.

Прадпрыемствы забяспечваюць стапрацэнтны выпуск рэспубліканскага аб'ёму даламітавай мукі для вапнавання, больш за 90% - ільняных тканін, палімераў этылену ў першаснай форме, дываноў і дывановых вырабаў, каля 30% - электраэнергіі і 50% абутку рэспублікі. На прадпрыемствах вобласці вырабляюцца металарэзныя станкі і інструменты, пліты ДВП, ДСП і МДФ, шкловалакно, электрапрыборы, кабелі сілавыя і валаконныя, абсталяванне для водаачысткі.

Сельская гаспадарка Віцебшчыны спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і кармавых культур, а таксама лёну, рапсу, бульбы. Развіта азёрна-рыбная гаспадарка. Вобласць займае першае месца ў Беларусі па шчыльнасці рачной сеткі, колькасці і агульнай плошчы азёр.

У Віцебскай вобласці праводзіцца актыўная палітыка міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Віцебскім аблвыканкамам заключаны 22 пагадненні з адміністрацыямі рэгіёнаў пяці Федэральных акруг Расійскай Федэрацыі (Цэнтральнай, Паўночна-Заходняй, Паўднёвай, Прыволжскай, Уральскай). У 2017 годзе падпісаны пагадненні з Рэспублікай Башкартастан, Стаўрапольскім краем, Саратаўскай вобласцю.

На ўзроўні гарадоў і раёнаў вобласці падпісана 78 пагадненняў.

Знешнегандлёвае супрацоўніцтва падтрымліваецца Віцебскай вобласцю з больш як 100 дзяржавамі свету, штогадовы тавараабарот ацэньваецца прыкладна 4-5 млдр долараў.

Асноўныміі партнёрамі выступаюць Расійская Федэрацыя (68,2% ад усяго тавараабароту), краіны па-за СНД (26,7%), астатнія краіны СНД (5,1%).

Аснову экспартных продажаў складаюць гатовыя нафтапрадукты, вырабы з палімераў, шкловалакно, правады ізаляваныя, кабелі, мяса-малочная прадукцыя, абутак.

У жніўні 1999 года створана свабодная эканамічная зона "Віцебск".

Інвестыцыйнае супрацоўніцтва ажыццяўляецца з 25 дзяржавамі, найбольшы аб'ём інвестыцый прыцягваецца з КНР, Расіі, а таксама Чэхіі, Германіі, Італіі, Украіны, Аўстрыі.

Праз рэгіён праходзяць некалькі транспартных калідораў: аўтамабільныя дарогі Берлін – Варшава – Орша – Масква, Хельсінкі – Віцебск – Кіеў – Адэса. Вобласць зручна злучана аўтамабільным і чыгуначным транспартам з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Рыгай, Вільнюсам.

З 1998 года Віцебская вобласць уваходзіць у еўрарэгіён "Азёрны край", які аб'ядноўвае 32 раёны і самакіравальныя адзінкі Віцебскай вобласці, Літвы і Латвіі. У рамках еўрарэгіёна ажыццяўляецца рэалізацыя прыярытэтных праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва па праграме "Літва - Латвія - Беларусь" у сферы падтрымкі прадпрымальніцтва, турызму, аховы навакольнага асяроддзя, адукацыйных праграм.

Тут знаходзіцца звыш 2800 азёр, больш як 500 рэк. Лес займае больш за 41% тэрыторыі вобласці – амаль 60% яе прыпадае на векавыя хвойныя лясы. У вобласці функцыянуюць 1 запаведнік, 2 нацыянальныя паркі, 25 заказнікаў рэспубліканскага і 60 мясцовага значэння, 248 помнікаў прыроды. Размешчаны на тэрыторыі вобласці Бярэзінскі біясферны запаведнік мае статус біясфернага рэзервата ЮНЕСКА і ўзнагароджаны еўрапейскім дыпломам для асабліва ахоўных прыродных тэрыторый.

Віцебск па праву мае тытул "культурнай сталіцы" Беларусі. Штогод у Віцебскай вобласці праводзяцца каля 50 міжнародных, абласных, гарадскіх і раённых фестываляў з удзелам калектываў з блізкага і далёкага замежжа. Візітная картка вобласці – знакаміты Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Сярод асноўных выдатных мясцін рэгіёна: Свята-Благавешчанская царква XII стагоддзя ў Віцебску, Сафійскі сабор XI–XVIII стагоддзяў і Спаса–Ефрасіннеўскі манастыр XII–XVIII стагоддзяў у Полацку, Куцеінскі Успенскі манастыр XVII стагоддзя ў Оршы, Свята-Раства-Багародзіцкі сабор і Троіцкі касцёл XVII–XVIII стагоддзяў у Глыбокім, комплекс касцёла XVIII стагоддзя і ландшафтна-паркавай планіроўкі ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна, касцёл Іаана Хрысціцеля XVII стагоддзя ў вёсцы Камаі і касцёл Святога Антонія Падуанскага XIX–XX стагоддзяў у Паставах.

У Віцебскай вобласці развіты паляўнічы, спартыўны, кулінарны і культурна-пазнавальны турызм. Акрамя таго, больш за 20 прадпрыемстваў прамысловасці арганізуюць экскурсіі па вытворчасці. Сярод іх ТАА "Дзвінскі Бровар", філіял "Лукомская ДРЭС" РУП "Віцебскэнерга", КВУП "Віцебскі кандытарскі камбінат "Віцьба" і іншыя.

На тэрыторыі вобласці функцыянуюць 215 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, санаторна-курортных, аздараўленчых арганізацый і іншых спецыялізаваных сродкаў размяшчэння, з іх 30 домікаў паляўнічага і рыбака і 1 кемпінг.

Гомельская вобласць


Гомельская вобласць – буйнейшы па тэрыторыі рэгіён Беларусі. На ўсходзе мяжуе з Расіяй, на поўдні – з Украінай. У складзе вобласці 21 раён. Тэрыторыя – 40,4 тыс. кв.км.

Адміністрацыйны цэнтр вобласці – горад Гомель. Асноўныя гарады – Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск.

Гомельская вобласць мае значны навуковы і эканамічны патэнцыял і з'яўляецца адным з высокаразвітых індустрыяльных рэгіёнаў. Тут сканцэнтравана больш за 20% прамысловай вытворчасці краіны.

У вобласці працуюць больш за 220 буйных і сярэдніх прамысловых прадпрыемстваў. Вядучыя галіны: вытворчасць нафтапрадуктаў, металургічная вытворчасць і вытворчасць гатовых металічных вырабаў, вытворчасць прадуктаў харчавання і напіткаў, хімічная вытворчасць, здабыча паліўна-энергетычных карысных выкапняў, вытворчасць машын і абсталявання, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Далёка за межамі Беларусі вядомы камбайны і іншая ўборачная тэхніка ААТ "Гомсельмаш", кандытарскія вырабы СП ААТ "Спартак", прадукцыя ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод", ААТ "Беларускі металургічны завод - кіруючая кампанія холдынга "Беларуская металургічная кампанія", ААТ "Гомельшкло", ААТ "Гомельскі хімічны завод" і іншыя.

Амаль 60% вырабляемай у рэгіёне прадукцыі ідзе на экспарт. Арганізацыі Гомельскай вобласці супрацоўнічаюць са знешнегандлёвымі партнёрамі з больш як 100 краін свету. Найбольш актыўна развіваецца гандаль з Расійскай Федэрацыяй, Германіяй, Кітаем, Украінай, Польшчай, Літвой, Бельгіяй, Італіяй, Нідэрландамі, Казахстанам.

Штогод рэгіён становіцца месцам правядзеня буйнога эканамічнага форуму і міжнародных выставачных мерапрыемстваў "Вясна ў Гомелі", які збірае тысячы ўдзельнікаў і гасцей з краін блізкага і далёкага замежжа.

Адной з важнейшых галін эканомікі з'яўляецца сельская гаспадарка: мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва і бульбаводства, ва ўсходняй частцы вобласці – ільнаводства. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі складаюць 1,3 млн га. Аграрыі рэгіёна не толькі задавальняюць патрэбнасці насельніцтва ў асноўных прадуктах харчавання, забяспечваюць сыравінай перапрацоўчую галіну (вытворчасць мяса і мясапрадуктаў, малочных прадуктаў і кармоў для жывёл), але і пастаянна нарошчваюць экспартныя пастаўкі.

Ёсць развітая дарожная інфраструктура. Буйныя міжнародныя аўтамагістралі злучаюць краіны Еўропы з Расійскай Федэрацыяй і Украінай. Таксама праз вобласць праходзяць 90% чыгуначных грузаў краіны і амаль палавіна пасажырскіх паяздоў.

На Гомельшчыне беражліва ставяцца да помнікаў архітэктуры. Сярод асноўных выдатных мясцін: палацава-паркавы ансамбль канца XVIII – другой паловы XIX стагоддзя, сабор Святых Пятра і Паўла ў Гомелі, касцёл Святога Архангела Міхаіла XVIII стагоддзя ў Мазыры, Свята-Успенскі сабор XIX стагоддзя і Свята-Троіцкі касцёл пачатку XX стагоддзя ў Рэчыцы, Замкавая гара ў Тураве і інш.

Багатае і разнастайнае культурнае жыццё вобласці. Тут налічваецца 26 музеяў, 4 тэатры і 2 мастацкія галерэі. Вялікую колькасць гасцей і ўдзельнікаў збіраюць міжнародныя фестывалі і конкурсы: харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод", тэатральнага мастацтва "Славянскія тэатральныя вечары", інструментальнай музыкі "Рэнесанс гітары", этнакультурных традыцый "Кліч Палесся", юных талентаў "Зямля пад белымі крыламі", "Музыка надзеі", "Мой сябра - баян", рэспубліканскія фестывалі народнага гумару "Аўцюкі" ў Калінкавіцкім раёне, фальклорнага мастацтва "Берагіня" ў г.п. Акцябрскі і іншыя.

Акрамя таго, турыстаў прыцягваюць Нацыянальны парк "Прыпяцкі", 56 заказнікаў і 63 помнікі прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння.

Турыстычным брэндам вобласці з'яўляецца двухдзённы маршрут "Залатое кальцо Гомельшчыны".

Да паслуг турыстаў прадастаўлены 83 гасцініцы і аналагічныя сродкі размяшчэння, 41 санаторна-курортная, аздараўленчая арганізацыя і іншыя спецыялізаваныя сродкі размяшчэння, з іх 17 дамоў паляўнічага і рыбака, 174 аграсядзібы і 6 агратурыстычных комплексаў.

Гродзенская вобласць

Гродна. Савецкая плошча

Гродзенская вобласць – адна з шасці абласцей Беларусі. На захадзе мяжуе з Польшчай, на поўначы – з Літвой. У складзе вобласці 17 раёнаў. Плошча – 25,1 тыс. кв.км.

Адміністрацыйны цэнтр вобласці – Гродна. Асноўныя гарады – Ваўкавыск, Ліда, Масты, Навагрудак, Ашмяны, Слонім, Смаргонь, Шчучын.

У прамысловым комплексе дамінуе вытворчасць прадуктаў харчавання (удзельная вага - каля 40,4%), хімічная вытворчасць (13,8%), вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (6,8%), тэкстыльная і швейная вытворчасць (6,3%).

У вобласці сканцэнтраваны ўвесь рэспубліканскі аб'ём вытворчасці капралактаму, шкла літага ліставога, практычна ўвесь рэспубліканскі аб'ём вытворчасці сухіх малочных сумесей для дзяцей ранняга ўзросту, тканін кордных шынных, 91,7% азотных угнаенняў, 92,7% бульбакапалак, 79% тытунёвых вырабаў, 75,1% панчошна-шкарпэтачных вырабаў, 70,5% плугоў трактарных.

Далёка за межамі краіны вядома прадукцыя буйнейшых прадпрыемстваў вобласці – акцыянерных таварыстваў "Гродна Азот", "Белкард", "Лакафарба", "Краснасельскбудматэрыялы", "Кіруючая кампанія холдынга "Лідсельмаш", "Шклозавод "Нёман" і іншых.

Па тэрыторыі вобласці пракладзены магістральныя газаправоды: Ямал – Еўропа, Івацэвічы – Слонім – Ліда – дзяржаўная граніца Літвы, Івацэвічы – Слонім – Гродна.

Эканоміка Гродзенскай вобласці арыентавана на сельскую гаспадарку. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі – малочная і мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, вытворчасць збожжа, цукровых буракоў, рапсу, бульбы і плодаагародніннай прадукцыі.

У склад аграрнага сектара вобласці ўваходзяць 204 арганізацыі і звыш 300 фермерскіх гаспадарак. Усяго ў сельскагаспадарчай вытворчасці вобласці занята амаль 50 тыс. чалавек.

Сельскагаспадарчыя арганізацыі вобласці, займаючы 14,6% сельскагаспадарчых угоддзяў у рэспубліцы, вырабляюць 16,1% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі.

Сёння арганізацыі вобласці ажыццяўляюць экспартна-імпартныя аперацыі са 124 краінамі свету, пры гэтым прадукцыя экспартуецца на рынкі 103 дзяржаў.

Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі вобласці з'яўляюцца Расія (удзельная вага ў тавараабароце - 50,3%, Польшча (9,3%), Германія (6,6%), Кітай (5,7%), Украіна (5,0%), Літва (3,6%).

Гродзенская вобласць уваходзіць у склад "Еўрарэгіёна "Нёман".

Апошнія гады на Гродзеншчыне вядуцца маштабныя пераўтварэнні ў энергетыцы - і перш за ўсё звязаныя з пераходам на аднаўляльныя крыніцы энергіі. Уведзены ў строй Гродзенская ГЭС на Нёмане магутнасцю 17 МВт, ветраэнергетычныя ўстаноўкі ў Навагрудскім, Дзятлаўскім, Смаргонскім раёнах, газатурбінная ўстаноўка 121,7 МВт на Гродзенскай ЦЭЦ-2, сонечная электрастанцыя ў Шчучынскім раёне.

У 2013 годзе ў Астравецкім раёне пачаты работы па ўзвядзенні Беларускай атамнай электрастанцыі.

У Гродзенскай вобласці размешчаны Мірскі замак, гістарычны помнік XVI стагоддзя, унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Вобласць вядома помнікамі абарончага дойлідства: замкамі ў Лідзе, Навагрудку, Крэва, Гальшанах, Геранёнах; цэрквамі-крэпасцямі ў в. Сынковічы (XV ст.) і в. Мураванка (XVI ст.).

Гродна – адзін з самых старажытных і прыгожых гарадоў Беларусі, гістарычны цэнтр якога (плошчай 302 гектары) з'яўляецца помнікам горадабудаўніцтва. У ліку асноўных выдатных мясцін рэгіёна: Царква святых Барыса і Глеба (Каложская, XII ст.), Бернардзінскі касцёл (XVI–XVIII стст.), Касцёл святога Францішка Ксаверыя (Фарны) (XVII ст.), Стары замак (к. XI-XIX стст.).

Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр (XVII і XIX стст.) з'яўляецца адным з найбольш наведваемых і шануемых манастыроў усёй Беларусі.

На тэрыторыі вобласці часткова размешчаны нацыянальныя паркі "Белавежская пушча" і "Нарачанскі", а таксама 44 заказнікі і 221 помнік прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння. Праз Гродзенскі раён праходзіць Аўгустоўскі канал – помнік гідратэхнічнага будаўніцтва пачатку XIX стагоддзя.

Штогод у Гродне і вобласці праводзяцца больш за 30 міжнародных, рэспубліканскіх і абласных фестываляў і конкурсаў. Найбольш вядомыя з іх – Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, рэгіянальныя фестывалі мастацтваў "Мірскі замак", "Гальшанскі замак", "Навагрудскі замак", "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў". Шырока вядомы Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі Благавест".

Да паслуг гасцей Гродна і вобласці 117 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, санаторна-курортных, аздараўленчых арганізацый і іншых спецыялізаваных сродкаў размяшчэння.

Мінская вобласць

Нясвіжскі замак

Мінская вобласць – сярод абласцей першы па колькасці насельніцтва рэгіён, у склад якога ўваходзяць 22 раёны. Размешчана ў цэнтральнай частцы краіны. Плошча вобласці – 39,8 тыс. кв.км.

Адміністрацыйны цэнтр вобласці – горад Мінск. Асноўныя гарады – Барысаў, Вілейка, Дзяржынск, Заслаўе, Жодзіна, Лагойск, Маладзечна, Мядзел, Нясвіж, Слуцк, Салігорск.

Мінская вобласць уяўляе сабой буйнейшы рэгіён Беларусі з высокаразвітым прамысловым і сельскагаспадарчым патэнцыялам і ў многім вызначае асаблівасці эканамічнага развіцця рэспублікі. Значная доля прамысловасці вобласці сканцэнтравана ў гарадах Салігорску, Барысаве, Жодзіне, Дзяржынску, Слуцку, Маладзечне. Вядучыя прадпрыемствы рэгіёна: ААТ "Беларуськалій" – вытворчасць калійных угнаенняў, ААТ "БелАЗ" – выпуск велікагрузных самазвалаў і іншай кар'ернай, дарожнай і будаўнічай тэхнікі. Высокім попытам карыстаецца прадукцыя акцыянерных таварыстваў "Гарадзейскі цукровы камбінат", "Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат", "Маладзечанскі малочны камбінат", "Здравушка-мілк, "Агракамбінат "Дзяржынскі".

Мінская вобласць – буйнейшы сельскагаспадарчы рэгіён Беларусі. У большасці раёнаў развіта мяса-малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, вытворчасць збожжа, бульбаводства ў спалучэнні з ільнаводствам, а на паўднёвым захадзе – з буракаводствам. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы каля буйных гарадоў дадаткова спецыялізуюцца на вырошчванні агародніны і садавіны.

Знешнегандлёвае супрацоўніцтва ажыццяўляецца з больш як 160 дзяржавамі свету. Асноўныя гандлёвыя партнёры - Расійская Федэрацыя, Кітай, Бразілія, Украіна, Германія, Польшча, Літва, Індыя, Турцыя.

Мінская вобласць размешчана на скрыжаванні асноўных транспартных маршрутаў, якія злучаюць Заходнюю Еўропу і Усход, рэгіёны Чарнаморскага ўзбярэжжа і краіны Балтыі.

Чыгуначная сетка вобласці злучае Расію і Еўропу, краіны Балтыі і паўднёвыя дзяржавы СНД. Каля горада Смалявічы дзейнічае галоўная паветраная гавань краіны – Нацыянальны аэрапорт Мінск.

На тэрыторыі вобласці размешчаны Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень". Гэта буйнейшы праект у гісторыі двухбаковых адносін Беларусі і Кітая, адна з ключавых пляцовак Эканамічнага пояса Шаўковага шляху - грандыёзнай ініцыятывы супрацоўніцтва.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 661 нерухомы аб'ект спадчыны, размешчаны на тэрыторыі Мінскай вобласці. Галоўнымі выдатнымі мясцінымі рэгіёна з'яўляюцца: Уваскрасенскі сабор XIX стагоддзя ў Барысаве, старажытнае гарадзішча, парк і царква XIX стагоддзя ў Лагойску, замак і Спаса-Праабражэнская царква XVI–XVII стагоддзяў у Заслаўі, манастыр бернардзінцаў XVII стагоддзя ў вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна, драўляная царква XVIII стагоддзя ў Слуцку, палацава-паркавы комплекс Радзівілаў XVI стагоддзя ў Нясвіжы, гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна", Курган Славы, Мемарыяльны комплекс "Хатынь".

У межах Мінскай вобласці размешчаны частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, якому прысвоены статус міжнароднага, асноўная частка нацыянальнага парку "Нарачанскі", а таксама 74 заказнікі і 191 помнік прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння.

Дакрануцца да мінулага краіны можна ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж", Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо, Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, музейным комплексе старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі".

У Мінскай вобласці праходзіць значная колькасць культурна-масавых мерапрыемстваў не толькі рэгіянальнага, але і рэспубліканскага маштабу. Сярод іх Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, рэспубліканскія фестывалі беларускай камернай музыкі ў Заслаўі і "Музы Нясвіжа", іншыя святы мастацтваў.

У рэгіёне знаходзяцца два буйнейшыя ў рэспубліцы гарналыжныя цэнтры - "Лагойск" і "Сілічы". Гасцей вобласці гатовы прыняць каля 270 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, санаторна-курортных, аздараўленчых арганізацый і іншых спецыялізаваных сродкаў размяшчэння.

Магілёўская вобласць

Магілёўская ратуша

Магілёўская вобласць – самы ўсходні рэгіён Беларусі – мяжуе з Расійскай Федэрацыяй. У складзе вобласці 21 раён. Плошча – 29,1 тыс. кв.км.

Адміністрацыйны цэнтр вобласці – горад Магілёў. Асноўныя гарады – Бабруйск, Быхаў, Горкі, Кіраўск, Клімавічы, Крычаў, Мсціслаў, Слаўгарад, Асіповічы, Чэрыкаў, Шклоў.

Магілёўская вобласць – галоўны вытворца ў Рэспубліцы Беларусь шын, ліфтаў, электрарухавікоў, цэменту, тканін з хімічных валокнаў і інш. Вядучымі галінамі вобласці з'яўляюцца: вытворчасць прадуктаў харчавання і напіткаў, вытворчасць гумавых і пластмасавых вырабаў, вытворчасць машын і абсталявання, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, хімічная вытворчасць. Доля двух буйнейшых хімічных прадпрыемстваў – ААТ "Магілёўхімвалакно" і ААТ "Белшына" - складае каля 20% аб'ёмаў ад усёй выпускаемай у вобласці прадукцыі. Цяпер у вобласці налічваецца звыш 180 буйных і сярэдніх прамысловых прадпрыемстваў. Буйнейшымі прамысловымі цэнтрамі вобласці з'яўляюцца гарады Магілёў, Бабруйск, Крычаў, Касцюковічы, Асіповічы.

Важнейшая галіна эканомікі вобласці і галоўны складнік аграпрамысловага комплексу – сельская гаспадарка. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя (пераважна пшаніца, трыцікале, ячмень, жыта); бульба, кармавыя культуры. На высокім узроўні знаходзіцца льнаводства. У вобласці ў асноўным гадуецца буйная рагатая жывёла для вытворчасці малака і мяса, а таксама свінні і птушка.

Магілёўская вобласць ажыццяўляе актыўную знешнегандлёвую дзейнасць. Вырабы з маркай магілёўскіх таваравытворцаў пастаўляюцца ў 96 краін свету. У 2002 годзе створана свабодная эканамічная зона "Магілёў".

У горадзе Горкі знаходзіцца найстарэйшая аграрная ВНУ сярод краін СНД і Еўропы (заснавана ў 1840 годзе) – Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, якая ўяўляе сабой цэласны архітэктурны ансамбль, што складваўся на працягу больш як 150 гадоў і з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспублікі.

Сярод асноўных выдатных мясцін: ансамбль Свята-Нікольскага манастыра XVII стагоддзя ў Магілёве, езуіцкі касцёл з кляштаром пачатку XVII стагоддзя ў Мсціславе, палацава-паркавы ансамбль XVIII стагоддзя ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, палац князя Пацёмкіна XVIII стагоддзя ў Крычаве, Бабруйская крэпасць XIX стагоддзя, Ратуша XVIII стагоддзя ў Шклове.

У вобласці размешчаны 70 заказнікаў і 90 помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння.

У Магілёўскай вобласці праводзяцца яркія мерапрыемствы: рэспубліканскае свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" ў Клімавічах, фестываль народнага мастацтва "Вянок дружбы" ў Бабруйску, абласны фестываль сямейнай творчасці "Сузор'е талентаў" у Глуску, Міжнародны музычны фестываль "Залаты шлягер у Магілёве", Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "M@rt.кантакт" у Магілёве і іншыя.

У вобласці працуюць 52 санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі і іншыя спецыялізаваныя сродкі размяшчэння. Да паслуг гасцей Магілёва і Магілёўскай вобласці прадастаўлена каля 60 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння.

© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь