Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Бел
Прэзідэнт
23 красавіка 2013 года
Сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з навучэнцамі, студэнтамі і прадстаўнікамі таленавітай моладзі, 30 мая 2011 года, Мінск, Палац Рэспублікі
Сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з навучэнцамі, студэнтамі і прадстаўнікамі таленавітай моладзі, 30 мая 2011 года, Мінск, Палац Рэспублікі
Ідэя стварэння фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, таленавітай моладзі нарадзілася ў няпросты час. Тады, у сярэдзіне 1990-х гадоў, сур'ёзныя заняткі навуковымі даследаваннямі або творчасцю станавіліся ўсё менш прэстыжнымі. Лепшыя выпускнікі нашых ВНУ, маладыя дзеячы культуры імкнуліся паехаць на работу за мяжу. Каб змяніць сітуацыю, у краіне стала праводзіцца мэтанакіраваная палітыка падтрымкі беларускай навукі і нацыянальнай культуры, адным з прыярытэтаў якой стала дапамога таленавітай моладзі. Была створана сетка сярэдніх навучальных устаноў новага тыпу: гімназій, ліцэяў, навучальных комплексаў "гімназія-каледж", больш як тысяча школ з паглыбленым вывучэннем асобных прадметаў.

Гэтыя фонды ажыццяўляюць выплату стыпендый і ўстаноўленых відаў прэмій, аказанне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі. Сродкі фондаў выкарыстоўваюцца пры правядзенні нацыянальных і міжнародных студэнцкіх навуковых канферэнцый, конкурсаў, семінараў, алімпіяд, а таксама для фінансавання ўдзелу творчай моладзі ў міжнародных конкурсах, выстаўках, сімпозіумах і іншых акцыях у галіне культуры і мастацтва.

За мінулыя гады прэміі, стыпендыі, матэрыяльную дапамогу з фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў атрымалі больш як 20 тыс. чалавек, з фонду па падтрымцы таленавітай моладзі – звыш дзвюх тысяч юных дараванняў.

Званне стыпендыята і лаўрэата прэзідэнцкага фонду – гэта не проста ўзнагарода. Гэта знак таго, што дзяржава бярэ на сябе адказнасць за далейшае прафесійнае станаўленне маладога талента – школьніка або студэнта. Лёс кожнага лаўрэата ўважліва адсочваецца і пасля таго, як ён уступае ў дарослае жыццё. Гэта робіцца для таго, каб стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі творчай асобы з найбольшай карысцю для краіны. Маладым людзям аказваецца падтрымка ў выбары рабочага месца, у вырашэнні іх жыллёвых і іншых матэрыяльных праблем, а таксама ў пытаннях, звязаных з іх станаўленнем у жыцці.

Падтрымка таленавітай моладзі

Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі створаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 ад 12 студзеня 1996 г. у мэтах фінансавання мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне ўмоў для пошуку, станаўлення і творчага развіцця таленавітай моладзі.

Сродкі фонду ўтвараюцца за кошт асігнаванняў з рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, добраахвотных узносаў у выглядзе грашовых сродкаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама юрыдычных асоб і іншых паступленняў.

Сродкамі фонду распараджаецца савет фонду, які ствараецца з ліку вядучых дзеячаў культуры і мастацтва, прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Апарату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зацікаўленых дзяржаўных органаў і арганізацый, творчых саюзаў, іншых грамадскіх аб'яднанняў.

Савет фонду на аснове прапаноў дзяржаўных органаў, арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і з улікам рэкамендацый экспертна-мастацкай камісіі фонду заахвочвае таленавітых навучэнцаў, студэнтаў, педагогаў, маладых дзеячаў культуры і мастацтва, якія маюць творчыя дасягненні. Маладым талентам са сродкаў фонду выплачваюцца стыпендыі, гранты і прэміі, аказваецца матэрыяльная дапамога на аплату стажыровак, а таксама правядзенне ў арганізацыі навучання таленавітай моладзі майстар-класаў вядучымі дзеячамі мастацтваў. Сродкі фонду накіроўваюцца на ажыццяўленне творчых праектаў і сустрэч з прызнанымі майстрамі мастацтваў розных краін, арганізацыю конкурсаў, фестываляў, канцэртаў, выставак, публікацый і іншых мерапрыемстваў па выяўленні і заахвочванні маладых талентаў, прапагандзе іх творчасці; забеспячэнне ўдзелу творчай моладзі ў міжнародных конкурсах, выстаўках, сімпозіумах і іншых акцыях у галіне культуры і мастацтва, накіраваных на развіццё і ўзаемаўзбагачэнне нацыянальных культур; набыццё музычных інструментаў, сцэнічных касцюмаў, матэрыялаў і абсталявання для заняткаў мастацкай творчасцю.

Падтрымка адораных навучэнцаў і студэнтаў

Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў створаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 19 ад 12 студзеня 1996 г. з мэтай фінансавання мерапрыемстваў, накіраваных на стымуляванне інтэлектуальна-творчай дзейнасці моладзі ў галіне адукацыі і навукі.

Сродкі фонду ўтвараюцца за кошт асігнаванняў з рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; добраахвотных узносаў фізічных і юрыдычных асоб у выглядзе грашовых сродкаў (у тым ліку ў замежнай валюце) і матэрыяльных каштоўнасцей.

Сродкамі фонду распараджаецца савет, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зацікаўленых міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Акадэміі навук Беларусі, навучальных устаноў, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў.

Савет фонду на падставе прапаноў устаноў, арганізацый і грамадзян прымае рашэнні аб выкарыстанні сродкаў фонду на правядзенне нацыянальных і міжнародных студэнцкіх навуковых канферэнцый, конкурсаў, семінараў, алімпіяд і іншых мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць выяўленню таленавітай моладзі, развіццю яе інтэлектуальных магчымасцей і здольнасцей; аплату навучання і стажыровак навучэнцаў і студэнтаў, якія праявілі сябе; выплату заахвочвальных стыпендый; фінансаванне студэнцкіх навукова-даследчых аб'яднанняў і школ, што заваявалі грамадскае прызнанне перспектыўнымі распрацоўкамі; аказанне матэрыяльнай дапамогі студэнтам і навучэнцам, якія дабіліся высокіх паказчыкаў у вывучэнні гуманітарных і прыродазнаўчанавуковых дысцыплін.

Сродкі фонду накіроўваюцца на заахвочванне настаўнікаў, навукова-педагагічных работнікаў і іншых асоб, якія ўнеслі асабісты ўклад у фарміраванне новай, больш эфектыўнай сістэмы адукацыі, распрацоўку сучасных методык развіцця здольнасцей таленавітай моладзі ў галіне навукі, тэхнікі і перадавых тэхналогій; садзейнічанне выдавецкай, выставачнай і іншай дзейнасці, што павышае прэстыж адукацыі і навукі, вучэбна-пазнавальных каштоўнасцей і інтэлектуальнай працы; распрацоўку і рэалізацыю комплексна-мэтавых праграм (праектаў), накіраваных на стварэнне спрыяльных умоў для творчай дзейнасці таленавітай асобы.

© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь