Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Бел
Дакументы

Каментарый да Указа № 376 ад 16.10.2017

16 кастрычніка 2017 года
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 кастрычніка падпісаў Указ № 376 "Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці".

Дакумент выдадзены ў мэтах мінімізацыі ўмяшання кантралёраў у гаспадарчую дзейнасць суб'ектаў прадпрымальніцтва.

Прадугледжваецца зрушэнне акцэнту ў дзейнасці кантралёраў на прафілактычную работу, пашырэнне прымянення замест праверак мерапрыемстваў тэхнічнага (тэхналагічнага, паверачнага) характару, па выніках якіх меры адказнасці прымяняцца не будуць, калі суб'ект ліквідуе выяўленыя парушэнні.

У дакуменце закладзены адыход ад сістэмы планавых праверак, у рамках якой наведаць суб'ект гаспадарання можна нават пры адсутнасці парушэнняў з яго боку або без іншых важкіх прычын. Замест планавых прапануецца ажыццяўляць выбарачныя праверкі, правядзенне якіх у адносінах да прадпрыемства магчыма толькі пры наяўнасці комплексу падстаў. Напрыклад, выяўленне неаднаразовых парушэнняў, вынікі аналізу чэк-ліста.

Скарачаюцца падставы для назначэння пазапланавых праверак. Пры гэтым у час пазапланавай праверкі падлягаюць вывучэнню толькі выяўленыя ў адносінах да канкрэтных правяраемых суб'ектаў факты і абставіны, якія паслужылі прычынай для назначэння гэтай пазапланавай праверкі.

Выключаецца магчымасць даваць даручэнні на правядзенне праверкі па матэрыялах, што знаходзяцца ў вядзенні па справах у праваахоўных органах. Праверкі будуць праводзіцца толькі па ўзбуджанай крымінальнай справе.

Таксама выключаецца магчымасць вынясення кантралёрам прадпісання аб прыпыненні дзейнасці правяраемага суб'екта, яго цэхаў, абсталявання, вытворчасці. Прыпыняць сваю дзейнасць ці не, будзе вырашаць выключна кіраўнік прадпрыемства на падставе рэкамендацый правяраючых. Але пры гэтым за свае дзеянні, звязаныя з устараненнем выяўленых парушэнняў, кіраўнік будзе несці ўсю паўнату адказнасці (аж да крымінальнай).

Устанаўліваецца адміністрацыйная адказнасць кантралёраў за ўчыненне грубых парушэнняў пры правядзенні праверак (неўнясенне запісу аб правядзенні праверкі ў кнігу ўліку праверак, адсутнасць падстаў для правядзення праверкі і іншае). За ўчыненне такіх дзеянняў прадугледжваецца накладанне на службовую асобу кантралюючага (нагляднага) органа штрафу да 30 базавых велічынь.

Пры Камітэце дзяржаўнага кантролю прадугледжваецца стварэнне Міжведамаснага савета па кантрольнай (нагляднай) дзейнасці, асноўнай задачай якога будзе аналіз стану кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў рэспубліцы. Пры выяўленні негатыўных тэндэнцый у рабоце кантралюючых органаў Міжведамасны савет будзе ўпаўнаважаны выносіць рэкамендацыі аб устараненні парушэнняў. У выпадку, калі гэтыя рэкамендацыі не будуць выкананы кантралюючымі органамі, адпаведная інфармацыя будзе даводзіцца да ведама Урада і Кіраўніка дзяржавы.

Рэфармуецца сістэма ведамаснага кантролю з пераарыентацыяй гэтых службаў на правядзенне аналізу (аўдыту) і прыняцце мер па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў. Па сутнасці, гэтыя службы стануць для дзяржаўных органаў, уключаючы выканкамы, інструментамі рэалізацыі паўнамоцтваў уласніка для забеспячэння эфектыўнасці работы падпарадкаваных арганізацый.

Будзе таксама аптымізаваны пералік кантралюючых (наглядных) органаў і сфер іх дзейнасці, у выніку чаго  паўнамоцтвы на правядзенне праверак страціць трэць кантралёраў, а колькасць сфер кантрольнай (нагляднай) дзейнасці скароціцца амаль у два разы.

Рэалізацыя ўсіх адпаведных палажэнняў дасць магчымасць выбудаваць больш рацыянальную сістэму дзяржаўнага кантролю, павысіць празрыстасць дзейнасці кантралюючых (наглядных) органаў, выключыць залішняе, не абгрунтаванае аб'ектыўнымі прычынамі абцяжаранне суб'ектаў гаспадарання праверачнымі мерапрыемствамі.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь