Аб перамяшчэнні, захоўванні і продажы фізічнымі асобамі алкагольных напіткаў

Каментарый да Дэкрэта № 5 ад 8 лістапада 2016 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 8 лістапада падпісаў Дэкрэт № 5 "Аб перамяшчэнні, захоўванні і продажы фізічнымі асобамі алкагольных напіткаў".

Дакумент выдадзены ў мэтах комплекснага ўдасканалення механізмаў процідзеяння незаконнаму абароту алкаголю і прадугледжвае адмену абмежавання па колькасці алкагольных напіткаў, маркіраваных акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь і (або) спецыяльнымі маркамі, якую фізічныя асобы, што не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі (далей - фізічныя асобы), могуць захоўваць і перамяшчаць (не для камерцыйных мэт).

Адначасова Дэкрэтам адмяняецца абмежаванне па дазволенай да захоўвання для асабістых мэт колькасці алкагольных напіткаў, вырабленых за межамі Рэспублікі Беларусь, не маркіраваных акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь і (або) спецыяльнымі маркамі, і захоўваецца гранічны аб'ём (5 літраў) такіх алкагольных напіткаў, які фізічныя асобы маюць права перамяшчаць па тэрыторыі краіны.

За парушэнне названага абмежавання Дэкрэтам устаноўлена адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй алкагольных напіткаў, якія перавышаюць дазволеную да перамяшчэння колькасць, або без канфіскацыі. За паўторнае на працягу года ажыццяўленне гэтага дзеяння дадаткова прадугледжваецца магчымасць канфіскацыі транспартных сродкаў, што выкарыстоўваюцца для перамяшчэння такога алкаголю, незалежна ад таго, у чыёй уласнасці яны знаходзяцца.

Акрамя таго, з улікам аналізу сітуацыі, якая складваецца ў сферы незаконнага абароту алкаголю, Дэкрэтам узмацняецца адказнасць за продаж фізічнай асобай алкагольных напіткаў, не маркіраваных ва ўстаноўленым парадку акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь і (або) спецыяльнымі маркамі, у тым ліку ўласнага вырабу, пры адсутнасці прыкмет незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. У гэтых мэтах уводзіцца магчымасць канфіскацыі ўсіх такіх алкагольных напіткаў, якія належаць вінаватай асобе або знаходзіліся ў месцы ўчынення правапарушэння на момант яго ўчынення. За паўторнае на працягу года ўчыненне гэтага правапарушэння прадугледжаны павелічэнне памеру штрафу (з 20 да 30 базавых велічынь), а таксама абавязковая канфіскацыя названых алкагольных напіткаў.