Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Дэкрэт № 8 ад 12 лістапада 2015 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада выдаў Дэкрэт № 8, які выкладае ў новай рэдакцыі Дэкрэт ад 6 жніўня 2009 года № 10 "Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь".

Пры распрацоўцы праекта Дэкрэта быў прааналізаваны вопыт рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па заключаных з Беларуссю інвестдагаворах, узяты пад увагу прапановы, накіраваныя зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, інвестарамі, бізнес-супольнасцю.

Выданне Дэкрэта абумоўлена неабходнасцю ўдасканалення парадку заключэння, змянення, спынення інвестыцыйных дагавораў з Беларуссю, механізма прадастаўлення інвестарам ільгот, прэферэнцый, удакладнення іх пераліку, а таксама мер адказнасці інвестара пры парушэнні ўмоў інвестыцыйнага дагавора.

Дэкрэт прадугледжвае новаўвядзенні, якія раней не былі вызначаны інвестыцыйным заканадаўствам.

Так, інвестыцыйныя дагаворы будуць заключацца толькі адносна прыярытэтных сектараў эканомікі, вызначаных Урадам.

Зменены парадак прадастаўлення зямельных участкаў для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. У прыватнасці, без аўкцыёну яны будуць выдзяляцца толькі з пераліку ўчасткаў, прызначаных для далейшага прадастаўлення інвестарам, арганізацыям для будаўніцтва аб'ектаў, прадугледжаных заключанымі інвестыцыйнымі дагаворамі.

Прадугледжана працэдура конкурснага адбору інвестара пры наяўнасці двух і больш інвестараў, якія прэтэндуюць на рэалізацыю інвестыцыйнага праекта на адным і тым жа зямельным участку. Гэта дасць магчымасць забяспечыць аптымальнае і максімальна эфектыўнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў.

Дэкрэтам вызначаны шэраг дадатковых ільгот і прэферэнцый для інвестара. У іх ліку права на вызваленне ад выплаты няўстойкі (штрафу, пені) за парушэнне ўмоў інвестыцыйнага дагавора, а таксама на прадастаўленне растэрміноўкі (адтэрміноўкі) выплаты гэтых плацяжоў з улікам ступені гатоўнасці аб'екта, прадугледжанага інвестыцыйным дагаворам, і аб'ёму ўкладзеных інвестыцый.

Прадугледжаны шэраг ільгот і прэферэнцыі для падрадчыка, распрацоўшчыка праектнай дакументацыі, вызначаных інвестарам. У прыватнасці, яны вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу (прадаўжэнне тэрміну дзеяння) дазволаў на прыцягненне ў Беларусь замежнай рабочай сілы, спецыяльных дазволаў на права займання працоўнай дзейнасцю ў краіне. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія прыцягваюцца для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу (прадаўжэнне тэрміну дзеяння) дазволаў на часовае пражыванне ў Беларусі.

Асаблівая ўвага ў Дэкрэце ўдзелена пытанням кампенсавання інвестарам ільгот, прэферэнцый у выпадку невыканання, неналежнага выканання ўмоў інвестыцыйнага дагавора, магчымасці вызвалення, растэрміноўкі (адтэрміноўкі) выплаты няўстойкі (штрафу, пені) за парушэнне інвестарам умоў інвестыцыйнага дагавора.

Акрамя таго, прадугледжваецца, што да інвестара не могуць быць прад'яўлены патрабаванні аб пакрыцці сумы льгот, прэферэнцый і аб выплаце няўстойкі (штрафу, пені) у выпадку парушэння тэрмінаў і іншых умоў рэалізацыі інвестыцыйнага праекта ў сувязі з незаконнымі дзеяннямі (бяздзейнасцю) службовых асоб дзяржаўнага органа або выканкама, якія заключылі інвестыцыйны дагавор, іншага дзяржаўнага органа (арганізацыі) пры адсутнасці віны інвестара і (або) арганізацыі.

Дэкрэт № 8 ад 12 лістапада 2015 г. (PDF дакумент/1.56 MB)