Зацвярджэнне рашэння на ахову Дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2020 годзе

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 лютага зацвердзіў рашэнне на ахову Дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2020 годзе.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пагранічная бяспека - найважнейшае пытанне дзяржаўнай палітыкі, асабліва ў Беларусі, таму штогод на зацвярджэнне Прэзідэнта выносіцца рашэнне на ахову граніцы. "На жаль, выклікаў і пагроз пагранічнай бяспецы год ад году не становіцца менш", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, растуць патокі незаконнай міграцыі, аб'ёмы кантрабанды наркотыкаў і іншых сродкаў злачыннай дзейнасці. "Павялічваецца ваенная актыўнасць па той бок граніцы. Пры гэтым Беларусь ніколі нікому не пагражала і пагражаць не збіраецца як у сферы эканомікі, так і ў ваеннай сферы, - заявіў Прэзідэнт. - Гаворачы аб эканоміцы, я маю на ўвазе апошнія заявы і шквал крытыкі ў наш адрас з боку Расіі, што мы нібыта пагражаем ці то спыніць пастаўкі нафты на Захад, ці то пагражаем, што будзем браць нафту з транзітнага нафтаправода для забеспячэння нашых НПЗ".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: паміж Беларуссю і Расіяй афіцыйна замацавана дамоўленасць на пастаўку 24 млн. т нафты. "Вось і ўсё", - заўважыў ён.

У мінулым годзе Прэзідэнт прыняў рашэнне павялічыць штатную колькасць пагранічнага ведамства, каб умацаваць дзеючыя падраздзяленні на граніцах, стварыць новыя заставы і баяздольныя манеўраныя групы, ліквідаваныя пасля распаду Савецкага Саюза. Такія падраздзяленні павінны разумна і эфектыўна прымяняцца ў ахове пагранічных рубяжоў, а для аператыўнага вырашэння задач у розных умовах аснашчацца сучаснымі ўзорамі ўзбраення і тэхнікі, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Неабходна прадметна выкарыстоўваць зацікаўленасць Еўрапейскага саюза ва ўмацаванні супрацоўніцтва з Беларуссю па процідзеянні агульным пагрозам. А такіх агульных пагроз дзясяткі - нашых, сумесных з Еўрасаюзам. Удасканаленне пагранічнай інфраструктуры абыходзіцца, вядома ж, нам нятанна. Мы разлічваем на больш шырокую падтрымку і садзейнічанне. Дарэчы, не толькі з боку Еўрапейскага саюза - гэта наша агульная граніца з Расійскай Федэрацыяй", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Важным пытаннем, паводле слоў Прэзідэнта, застаецца і забеспячэнне транзітнай і турыстычнай прывабнасці Беларусі. У краіне паслядоўна аптымізуюць візавую палітыку, пры гэтым пільнасць на граніцы ніхто не адмяняў, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Парушэнні павінны гарантавана выяўляцца, а яшчэ лепш - папярэджвацца і мець прафілактыку. Кожны метр граніцы павінен быць надзейна абаронены, у тым ліку з дапамогай самых сучасных тэхнічных сродкаў. І, вядома, як заўсёды ў нас было, з дапамогай мясцовага насельніцтва. Трэба гэту работу ўзняць на самы высокі ўзровень", - падкрэсліў ён.