Урачысты сход з нагоды Дня Незалежнасці

  • 10

Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала кропкай адліку новай гісторыі краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці.

Віншуючы ўдзельнікаў урачыстага сходу з Днём Незалежнасці і 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты дзень "стаў кропкай адліку новай гісторыі краіны - мірнай і стваральнай". Паводле яго слоў, нават пасля доўгіх шчаслівых гадоў пад чыстым небам гэта свята нязменна вяртае ў адзін з самых цяжкіх і гераічных перыядаў жыцця беларускага народа.

"Больш як тры гады гарэла Беларусь у пекле Вялікай Айчыннай. У першых бязлітасных баях нашы дзяды і прадзеды вучыліся ваяваць, а ў тыле ворага - выжываць і змагацца. Але, бачачы смерць таварышаў, сутыкаючыся з нечалавечай лютасцю, страчваючы родных і блізкіх, захавалі веру ў сябе, веру ў сваё права на жыццё і ў непазбежную перамогу над ворагам. Мы ніколі не забудзем, якой цаной дасталася нам гэта перамога", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што вайна магла паставіць кропку ў гісторыі краіны і спыніць існаванне беларускага народа, але ў страшных выпрабаваннях праявіўся непахісны беларускі характар і нацыянальная ментальнасць, якая ніколі не паддавалася рацыянальнаму разуменню тых, хто і раней прыходзіў з мячом на гэтыя землі.

"Мы моцныя ў цяжкасцях. Менавіта ў выпрабаваннях найбольш ярка праяўляецца духоўная сіла беларусаў - сплаў мужнасці, смеласці, імкнення да справядлівасці і гатоўнасці аддаць жыццё, але не стаць на калені, не пакарыцца", - заявіў беларускі лідар.

"У імя гістарычнай справядлівасці мы не ідэалізуем гісторыю роднай зямлі (не трэба гэта рабіць ніколі, як мы не рабілі ў навейшай гісторыі), не ўзвышаем яе, але ніколі і нікому не дазволім перапісаць слаўныя старонкі гэтай гісторыі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што сёння вядзецца шмат дыскусій на тэму пралікаў, дапушчаных у пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і менавіта на гэтай цяжкай для краіны тэме спекулююць розныя дэструктыўныя сілы ўнутры дзяржавы, але часцей звонку. "Гэта праўда, пралікаў было нямала. Раней не прынята было пра іх гаварыць, і нават у апошнія гады Савецкага Саюза. Гэтыя пралікі ў цяжкія, складаныя перыяды развіцця той ці іншай дзяржавы непазбежны. Былі гэтыя пралікі і ў нас у 40-х. У адваротным выпадку так хутка немцы не падышлі б да Масквы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі не дазволяць зрушыць акцэнты той эпохі і перакласці адказнасць за ваенныя страты на людзей, якія да апошняга верылі ў сумленнасць дасягнутых напярэдадні вайны палітычных дамоўленасцей, запэўненняў і абяцанняў. "Не дазволім адвесці ўвагу ад сапраўдных віноўнікаў катастрофы XX стагоддзя - гэта сёння мэта тых, хто бамбіць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Мы не будзем судзіць мінулае, але будзем атрымліваць з яго ўрокі, няхай нават жорсткія, непрыемныя", - заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за мір трэба змагацца ў мірны час. "Бачачы, як у сучаснай гісторыі дэвальвуецца існуючая сістэма міжнародных адносін, зноў абясцэньваецца чалавечае жыццё, мы павінны абавязкова трымацца разам. Разам абараняць наш суверэнітэт, змагацца супраць войнаў і канфліктаў сваёй актыўнай пазіцыяй. Не адмоўчвацца, а заклікаць краіны свету да прыняцця адказных рашэнняў, каб пагасіць усе гарачыя кропкі на нашай планеце. Калі будзем маўчаць па прынцыпе "наша хата з краю" - заўтра гэта ўсё прыйдзе ў наш дом. А яно ўжо недалёка", - падкрэсліў ён.

"Мы заўсёды гаварылі, і я гэта прайшоў спаўна і маю права сказаць: Радзіму, Айчыну павінны абараняць усе. Усе, асабліва мужыкі. Мы сталі нахабнымі да такой ступені, што на жанчын пачалі перакладваць і гэту праблему, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У Беларусі гэтага быць не павінна! Жанчына павінна адказваць за сваё, а мы павінны забяспечваць сям'ю і абараняць радзіму, сваю сям'ю і сваю жанчыну".



Прэзідэнт заўважыў, што апошнім часам у інтэрнэце бурна абмяркоўваецца некалькі тэм, у тым ліку папраўкі ў законы, якія датычацца службы ў арміі. "Разгарнулася бурная палеміка: як будзем служыць у арміі? Чытай - а як будзем абараняць сваю зямлю, сваю Айчыну, як? - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Бедны Міністр абароны Раўкоў: яго стапталі ўжо ўздоўж і ўпоперак - не тое прапанаваў, не тое ваенныя вынеслі на разгляд парламента, а тыя нешта там прынялі, а заўтра будзе катастрофа. Ды супакойцеся. Прэзідэнт не паставіў подпіс ні на адным дакуменце, дзе вы думаеце аб катастрофе".

На думку Аляксандра Лукашэнкі, за каментарыямі ў інтэрнэце хаваюцца тыя, хто перш за ўсё "дбаў" пра суверэнітэт і незалежнасць. "Я вас папярэджваў, што суверэнітэт і незалежнасць - гэта самыя дарагія рэчы, яны вельмі дорага каштуюць, і не толькі ў грашовым выражэнні. І наша грамадства на ўра ўспрыняло - будзем суверэнныя і незалежныя. Асабліва тыя, хто сёння там папісваюць. А калі паўстала пытанне пра абавязак, пра цану незалежнасці хаця б у частцы абароны суверэнітэту, усе закрычалі: "Не!" - заўважыў ён.

Праціўнікі новага закона, адзначыў Прэзідэнт, у сваіх каментарыях у інтэрнэце прапануюць падзяліць грамадства на нейкія класы: адны, простыя грамадзяне, будуць абараняць краіну, а іншыя - працаваць, атрымліваць адукацыю, жыць за мяжой, але не ваяваць за Радзіму. "Я як Прэзідэнт, абдумваючы падкінутую тэму, пачынаю разважаць, мне ж закон падпісваць: а якія ёсць варыянты, акрамя тых, якія прапісаны або будуць прапісаны ў законе?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, ёсць некалькі магчымых варыянтаў вырашэння сітуацыі. Адзін з іх - звярнуцца па абарону у НАТА. "Калі мы вельмі папросім, яны нам паабяцаюць. І тыя, якія папісваюць у інтэрнэце, з задавальненнем гэта прынялі б. Вы хочаце гэты варыянт? Я - не", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Іншы магчымы варыянт развіцця падзей датычыцца ўступлення Беларусі ў склад Расіі, дадаў Прэзідэнт. "Мы можам папрасіць, каб яны нас абаранялі, - ядзерны парасон, гіпергукавая зброя і іншае. Можам папрасіць і дамовіцца. Я думаю, прынамсі, для нашага пакалення хопіць, а дзеці - самі няхай разбіраюцца потым, - саркастычна заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Вы хочаце ў склад Расіі, каб яна нас абараняла? Не. І я не хачу".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для беларусаў застаецца трэці варыянт: самім абараняць сябе. "І тыя, хто папісваюць, так і разважаюць, толькі думаюць, што не яны будуць са стрэльбай хадзіць ад Брэста да Смаленска, не яны будуць на бранятэхніцы, у самалётах лятаць, абараняючы нашу краіну, а тыя, якія не могуць нікуды паступіць і гэтак далей. Вы хочаце, каб было так? Я - не. Пасля мяне - калі ласка", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што той, хто не змог атрымаць урок з гісторыі і мінулай вайны, сёння будзе зноў біты. "І калі нехта сюды прыйдзе, ён не будзе глядзець: гэта селянін, урач ці рабочы, - адзначыў ён. - Урокі трэба атрымліваць з усіх падзей, каб выстаяць, вытрымаць і каб быць па-сапраўднаму суверэнным і незалежным".

"Гісторыя навучыла нас берагчы мір і незалежнасць, пакідаючы рознагалоссі і супярэчнасці ў мінулым. Мы дакладна ведаем, што будучыня Беларусі - у з'яднанасці народа і нацыянальным адзінстве. Гэта самае вялікае дасягненне нашай дзяржавы і самая лепшая спадчына, якую мы пакінем нашым дзецям і ўнукам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.



Паводле слоў Прэзідэнта, лёс беларускага народа - гэта шлях да стварэння суверэннай дзяржавы даўжынёй у некалькі эпох. На гэтым шляху было ўсё - і ўздымы, і заняпады. "Мы здабывалі дзяржаўнасць і былі самымі цывілізаванымі на гэтай тэрыторыі. Сёння, углядаючыся ў падзеі мінулых стагоддзяў, мы бачым, як у цэнтры віру гістарычных падзей і лёсаў складана, але ўпэўнена фарміраваўся беларускі народ, мы з вамі фарміраваліся. А ў свядомасці людзей умацоўвалася думка аб стварэнні ўласнай дзяржавы па праву сваёй нацыянальнай унікальнасці і наяўнасці гістарычнай тэрыторыі. Але так склалася, што менавіта нам выпаў шанц спраўдзіць гэту мару. Мы здабылі суверэнітэт і разумеем вялікі гістарычны маштаб гэтай падзеі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што на планеце жывуць дзве тысячы вялікіх і малых народаў, але толькі дзясятая частка з іх змагла стварыць уласную дзяржаву і зрабіць так, каб яна адбылася. "І тое, што за чвэрць стагоддзя сваёй незалежнасці ва ўмовах моцнага палітычнага, інфармацыйнага і эканамічнага націску (вы памятаеце, гэта зусім нядаўна было) нам удалося абараніць суверэнітэт, захаваць мір і парадак у краіне, - гэта стала нашай з вамі агульнай перамогай у навейшай гісторыі Беларусі. Перамогай без вайны, што вельмі важна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь, памятаючы ўрокі мінулага, вядзе міжнародны дыялог на прынцыпах добрасуседства і ўзаемнай павагі, у краіне захоўваюць і падтрымліваюць міжканфесійную і ўнутрынацыянальную згоду, імкнуцца да справядлівага і гарманічнага развіцця грамадства.

"Усё, што зроблена сёння ў Беларусі, нязменна асацыіруецца са знакам самай высокай якасці. І гэта дзякуючы вам - усім, хто любіць сваю краіну, працуе сумленна ў імя нашай агульнай мэты: зрабіць яе сучасную гісторыю слаўнай і яшчэ прыгажэйшай. Мы ведаем, што ўсё дасягальна, але толькі калі будзем верыць ва ўласныя сілы, захаваем мір і зробім усё магчымае ў імя гэтага жыцця на зямлі", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.